Важнымі цэнтрамі духоўнага жыцця татараў з самага пачатку іх з’яўлення на беларускіх землях у XIV—XV стагоддзях былі мячэці. Найстарэйшыя дакументы датуюцца XVII стагоддзем. У адным з іх — угодлівым лісце татарына Рэчыпа Яскавіча Машэнчуковіча свайму дзеду князю Ахмецю Абрагімавічу аб вызваленні яго ад грашовых абавязкаў, які датуецца 1628—1640 гадамі, згадваецца мінскі мална Абрагім Юсуфавіч. 

Самы ранні план Мінска, з фондаў НГАБ, на якім была пазначаная мячэць, датуецца 1752 годам, часамі кіравання ў Рэчы Паспалітай караля Аўгуста ІІІ. На ёй таксама пазначаны стары мінскі мізар.

Таксама на выставе прадстаўленыя планы зямельных участкаў і кварталаў, на якіх на пачатку ХХ стагоддзя, знаходзіліся «мінскія магаметанскія могілкі» і Мінская саборная мячэць разам з апісаннем нерухомай маёмасці на іх.

Дакументы НГАБ таксама дазваляюць адсачыць, якім чынам змянялася рэлігійная сфрагістыка Мінскай Саборнай мячэці ад геральдычнай і сфрагістычнай традыціі Рэчы Паспалітай, звязнай са шляхецкімі гербамі да —заканадаўчых нормаў Расійскай імперыі. На выставе прадстаўленыя пячаткі, якімі завяраліся дакументы ў часы мінскіх імамаў Якуба Мурзы-Ждановіча (да 1809 і пасля 1823), Ібрагіма Раецкага (да 1823 і пасля 1855), Мустафы Смайкевіча (1898—1914). 

Асобную цікаваць прадстаўляюць дакументы, звязаныя з будаўніцтвам і рамонтам мячэцяў у Мінскай губерні. На сённяшні дзень вельмі мала вядома аб практыцы будаўніцтва мусульманскіх культавых будынкаў у XIX стагоддзяў. Акрамя прадпісання Дэпартамента дзяржаўных маёмасцяў і будынкаў МУС аб правілах пабудовы татарскіх мячэцяў, прадстаўленыя толькі асобныя пратаколы пасяджэнняў Мінскага губернскага праўлення аб пабудове мячэцяў у Навагрудку, Ігумене, Капылі і Ляхавічах за розныя гады другой паловы XIX стагоддзя. 

Прэзентуюцца таксама некалькі ўнікальных дакументаў. Напрыклад, кніга метрычных запісаў пра народжаных, памерлых мусульман, і тых, якія ўзялі шлюб, якая найбольш верагодна вялася ў Наваградскай джаміі нават да пачатку будаўніцтва будынка мячэці. На сённяшні момант гэта не толькі адзіная кніга метрычных запісаў мусульман у Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі, але і самая старажытная з усіх, што захаваліся на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Польшчы. Традыцыйна лічыцца, што кітабічнае пісьмо (запіс беларускамоўных тэкстаў арабскай графікай) уласцівае толькі рэлігійна-літаратурным тэкстам. Аднак у фондах НГАБ быў выяўлены дакумент — шлюбная дамова паміж Мустафой Александровічам і ўдавой Зюгрой Хасіневіч з Шункевічаў, напісаная хаціпам Смілавіцкай мячэці Асанам Палтаржыцкім «па-татарску», што датуецца 1850 годам. Дакументы прыватна-прававога характару, запісаныя такім чынам, сустракаюцца вельмі рэдка.

На выставе прадстаўленыя некалькі дакументаў, якія адлюстроўваюць спецыфіку публічнага жыцця мінскіх мусульман: прысягі дзяржаўных служачых Сцяпана Мурзы-Мурзіча і тытулярнага саветніка Якава Смольскага, з унесенымі выпраўленнямі, якія адпавядаюць мусульманскаму веравызнанню; дыплом аб заканчэнні юрыдычнага факультэта двараніна з татар Сцяпана Мурзы-Мурзіча.

Дапоўненая выстава некалькімі фотаздымкамі мінскіх татар, якія вучыліся або здавалі экзамены ў навучальных установах Мінска на пачатку ХХ стагоддзя.

Чытайце таксама:

З афішы фільма пра «Песняроў» прыбралі акцёра-купалаўца

Адразу два беларусы ўвайшлі ў журы прэстыжнай кінапрэміі «Залаты глобус»

З тэрыторыі колішняга мінскага касцёла Святога Тамаша Аквінскага знікла ахоўная шыльда

Клас
4
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0