«Ведаю канкрэтныя выпадкі, калі даходзіла да псіхіятрычнага лячэння»

Перш за ўсё, спецыяліст размяжоўвае паняцці прадуктыўнасці і эфектыўнасці. Прадуктыўнасць — гэта памер вынікаў за пэўны час, а эфектыўнасць — тыя ж вынікі за той жа час, але ў суадносінах да выдаткаваных рэсурсаў, то-бок гэта паказчык характарызуе якасць працы.

Ці можа прадуктыўнасць быць таксічнай? Гэта, адзначае Васіль, вельмі добрае пытанне: «Рост колькасці вынікаў можа быць інтэнсіўным і экстэнсіўным. Інтэнсіўны шлях — сітуацыя, калі павялічваецца эфектыўнасць працы і чалавек за той жа час робіць больш вынікаў, экстэнсіўны — калі чалавек выдае больш вынікаў проста таму, што працуе больш, не па 8, а па 12 гадзін. Апошні варыянт часта нясе наступствы для псіхікі чалавека. Чалавеку здаецца, што трэба больш працаваць, і тады будзе больш вынікаў, але насамрэч такі падыход можа мець наступствы. У стомленага чалавека падае выніковасць, якасць працы зніжаецца».

Напрыклад, чалавек за месяц вырабляе 100 дэталяў, і рост прадуктыўнасці — гэта калі замест ста ён будзе вырабляць 200 дэталяў. Ён можа вырабляць больш, бо стаў працаваць у два разы больш, ці ён прыдумаў спосаб вырабляць дэталі хутчэй і таму іх атрымліваецца больш, то-бок у другім выпадку мы кажам пра эфектыўнасць.

Васіль звяртае ўвагу, што часам рост прадуктыўнасці можа быць шкодным. Гэта здараецца, калі не расце эфектыўнасць працы, калі чалавек хоча даваць больш за кошт таго, каб траціць на гэта больш сіл, працаваць у два, тры разы болей. У нас абмежаваная колькасць унутранага рэсурсу, і такі падыход не дае доўгатэрміновага выніку, а хутчэй можа весці да знясілення. Калі вы працавалі дзве гадзіны на дзень, вы зможаце працаваць і чатыры, і восем гадзін, але калі вы і так працуеце па восем гадзін, то куды гэты час павялічваць?

Калі працаваць паўгода-год па 12—14 гадзін, пачнуцца, хутчэй за ўсё, псіхалагічныя праблемы. «Вырастае колькасць памылак, увага чалавека можа часта адцягвацца. Гэта звязаныя рэчы: паколькі арганізм не паспявае адпачываць, ён сам будзе патрабаваць адпачынак, і таму чалавек, не жадаючы таго, будзе губляць канцэнтрацыю, моц і кантроль. Вось чаму

кіроўцы грузавікоў і аўтобусаў не могуць працаваць больш за нейкі час: канцэнтрацыя на чымсьці на працягу занадта доўгага часу выклікае рост стомленасці і колькасці памылак, а кошт памылкі можа быць высокі. Тое ж самае адбываецца ў іншых прафесіях», — засцярожвае псіхолаг.

У людзей інтэлектуальнай працы без адпачынку зніжаецца здольнасць знаходзіць крэатыўныя рашэнні. Пронь тлумачыць, што такі чалавек лягчэй раздражняецца, больш рэзка рэагуе на трыгеры. У яго развіваецца тунэльны зрок, калі чалавек канцэнтруецца на адным і не заўважае вельмі шмат рэчаў, што адбываюцца каля яго, бо так псіхіцы прасцей — яна нібыта адразае аб’екты з фокусу ўвагі. У тым ліку і праз гэта можа ўзнікаць забыўлівасць, і можна забывацца нават на простыя рэчы, каб не прапусціць прыярытэтнае. Па гэтай жа прычыне чалавек можа зніжаць колькасць сацыяльных кантактаў і любых актыўнасцяў. У таго, хто канцэнтруецца на прадуктыўнасці ў працы, могуць пацярпець сферы асабістага жыцця, здароўя, культуры, адносін і развіцця.

Можна дапрацавацца да нервовага зрыву, бо перапрацоўкі дакладна робяць арганізм менш устойлівым да праблем з псіхікай. «Ведаю канкрэтныя выпадкі, калі даходзіла да псіхіятрычнага лячэння, гаворка пра гісторыі бізнэсменаў, якія на працягу некалькіх гадоў былі вельмі ўцягнутыя ў сваю працу.

Перапрацоўка і сама па сабе, і праз тое, што ў працаголікаў церпяць іншыя сферы жыцця, робіць псіхіку больш уразлівай, што можа весці нават да самагубства. У Японіі доўгі час існуе праблема высокага ўзроўню суіцыдаў, і па выніках даследаванняў прасочваецца сувязь суіцыдаў з перапрацоўкамі, а ў японскай культуры вельмі шануецца адданасць працы», — перасцерагае спецыяліст.

Нельга казаць, што калі чалавек перапрацоўвае, у яго адназначна будуць пэўныя фізічныя хваробы, але такі рэжым адназначна адбіваецца на здароўі. Васіль не раіць усё спрашчаць да высноў накшталт, «калі ў цябе забалела паясніца, ты бярэш на сябе зашмат адказнасці». Але як мінімум можа пагаршацца імунітэт, магчымыя праблемы з харчовымі паводзінамі — бо працаголіку можа не хапаць задавальнення і ён пацягнецца па шкодную ежу, бо гэта хуткі спосаб адчуць сябе лепей. Так можна дайсці і да хваробаў стрававальнай сістэмы.

«Адпачынак — гэта не ўзнагарода за працу, а інвестыцыя часу і сіл у тое, каб далей працаваць эфектыўна»

На думку Васіля, больш просты спосаб павялічыць прадуктыўнасць — працаваць больш, але немагчыма павялічваць колькасць працы пастаянна. У сутках 24 гадзіны, і калі чалавек моцна перапрацоўвае на працягу доўгага часу, эфектыўнасць яго працы знізіцца.

Застаецца павышаць эфектыўнасць. Ёсць знешнія спосабы гэта зрабіць — гэта пра тое, каб аўтаматызаваць працу, наколькі магчыма. А можна павышаць эфектыўнасць праз тое, што адбываецца ўнутры самога чалавека: «Калі нехта трэніруецца і набірае вопыт, дзеянні, якія ён выконваў шмат разоў, атрымліваюцца ў яго больш лёгка і хутка. Таксама можна шукаць больш просты падыход да рашэння задач. Напрыклад, вам сказалі падлічыць прадметы, раскладзеныя ў аднолькавыя шэрагі, і вы не лічыце кожны прадмет, а падлічваеце колькасць прадметаў у адным шэрагу і памнажаеце яе на колькасць шэрагаў».

Ёсць і псіхалагічныя фактары, якія ўплываюць на эфектыўнасць, у тым ліку знаходжанне чалавека ў рэсурсным стане. Калі працаўнік стомлены фізічна ці псіхалагічна, калі ён трывожыцца ці турбуецца праз нешта, яго эфектыўнасць адназначна зніжаецца. Падчас кансультацый Васіль часта кажа людзям, што

добра працуе той, хто добра адпачывае, і адпачынак — гэта не ўзнагарода за працу, а інвестыцыя часу і сіл у тое, каб далей працаваць эфектыўна і мець больш унутранага рэсурсу.

Эфектыўнасць, папярэджвае эксперт, можа зніжацца праз руціннасць працы, і тады важна рабіць перапынкі і пераключацца паміж рознымі відамі дзейнасці. У працоўным заканадаўстве даўно прапісаныя нормы, якія рэгламентуюць перапынкі, іх варта выконваць. Часам людзі, якія перайшлі на хатнюю працу падчас пандэміі, не звяртаюць на гэта ўвагі, бо адчуваюць трывогу за тое, каб паспець усё. Але мусяць быць як мінімум два-чатыры перапынкі па 15—20 хвілін на працягу працоўнага дня. Гэта не толькі клопат пра вочы, паставу, але і пра псіхіку, бо ёй трэба магчымасць аднаўляцца.

«Каб рабіць перапынкі эфектыўна, варта пераключаць увагу. Можна ісці ў перапынак па каву і працягваць абмяркоўваць працу, але тады псіхалагічна людзі не надта адцягваюцца ад яе, таму было б добра перамяшчаць фокус увагі на нешта іншае. Можна паліваць кветачкі, слухаць музыку, хадзіць па вуліцы. Калі на час перапынку перамяшчаць увагу з працы, гэта паспрыяе эфектыўнасці», — вучыць Васіль.

«Свабодныя людзі больш эфектыўныя, бо яны самі выбіраюць, чым і як займацца»

Існуюць і фактары, якія адцягваюць увагу ад працы, знешнія і ўнутраныя. Калі ў мамы хварэе дзіця, а яна ў гэты час на працы, яна можа быць як бы і не на працы, і не з дзіцём. Тады трэба прыняць рашэнне. Можна зрабіць нешта, каб дапамагчы дзіцяці, і далей канцэнтравацца на працы, напрыклад, знайсці таго, хто пасядзіць з дзіцём, або шчыра сказаць, маўляў, я не магу эфектыўна працаваць, адпусціце мяне да дзіцяці, калі ласка.

Яшчэ эфектыўнасць можа зніжацца, калі ў чалавека заблытаныя ў адзіны камяк розныя жыццёвыя з’явы: асабістыя турботы, думкі пра здароўе, сяброў, працу і гэтак далей. Пронь раіць выдзеліць для кожнага з гэтых кірункаў асобны час у сваім тайм-менеджменце: зараз я чытаю сацсеткі, потым буду працаваць, а пазней у мяне будзе час для сябе. У такім выпадку эфектыўнасць у кожнай сферы будзе вышэйшай. Але ж не варта пераўтвараць тайм-менеджмент у нейкую догму, бо так можна трапіць у пастку зарэгуляванасці.

Пытанне, папярэджвае псіхолаг, і ў матывацыі: «Існуе матывацыя ад чагосьці, калі мы не хочам, каб нешта здарылася, і матывацыя для чагосьці, калі мы хочам нечага дасягнуць. Першы тып матывацыі дазваляе пачаць нешта рабіць, зрушыцца з месца: напрыклад, нехта баіцца звальнення і таму пачынае працаваць як мае быць. У кароткатэрміновай перспектыве гэта дапамагае, але ў доўгатэрміновым плане эфектыўнасць чалавека зніжаецца, бо за яго працай стаіць страх, а ён паглынае эмацыйныя рэсурсы і не дае магчымасці праяўляць крэатыўнасць. Таму эфектыўнасць другога тыпу матывацыі будзе вышэйшая ў доўгатэрміновым плане, бо не будуць выдаткоўвацца рэсурсы на трывогу і страхі, хаця і такая матывацыя можа весці да выгарання».

Таксама важна, наколькі тое, што мы робім, адпавядае нашым каштоўнасцям. Напрыклад, для кагосьці трэба, каб у яго жыцці было больш прыгажосці, а працуе ён на звычайнай руціннай працы, бо там мае магчымасць зарабляць. Такая праца не надта адпавядае яго каштоўнасцям і матывам, ён сам сябе прымушае працаваць і выдаткоўвае на гэта шмат рэсурсаў і энергіі. Таму, каб быць эфектыўным, важна не выбіраць паміж выжываннем і чымсьці высокім. Трэба знаходзіць магчымасць дзейнічаць у адпаведнасці за сваімі каштоўнасцямі так, каб гэта дазваляла дастойна жыць.

Бывае, што людзі адмаўляюцца ад самарэалізацыі дзеля кавалку хлеба, маўляў, што ёсць, тое і добра. Гэта, лічыць Васіль, само па сабе неэфектыўна, бо чалавек прыкладае шмат намаганняў, каб сябе пераадолець, і ў яго застаецца не надта шмат рэсурсу на працы. Таму свабодныя людзі больш эфектыўныя, бо яны самі выбіраюць, чым і як займацца, у іх больш магчымасцяў самарэалізавацца і зрабіць нешта эфектыўнае і геніальнае.

Чытайце таксама:

Што такое таксічная прадуктыўнасць і чым яна небяспечная

У чым сакрэт высокай прадуктыўнасці? Вы здзівіцеся

7 ранішніх памылак, якія робяць нас менш прадуктыўнымі

Клас
12
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
6