У 2020-м грамадства было абурана ўзроўнем фальсіфікацый на выбарах. У гэтым вінавацілі ў тым ліку настаўнікаў, якія традыцыйна ўваходзяць у склад выбарчых камісій. Фота: сацсеткі

У 2020-м грамадства было абурана ўзроўнем фальсіфікацый на выбарах. У гэтым вінавацілі ў тым ліку настаўнікаў, якія традыцыйна ўваходзяць у склад выбарчых камісій. Фота: сацсеткі

У канцы лютага наступнага года ў Беларусі мае адбыцца гэтак званы Адзіны дзень галасавання — сумешчаныя «выбары» ў Палату прадстаўнікоў і гарадскія, абласныя, раённыя і пасялковыя Саветы дэпутатаў. 

Рэжым Лукашэнкі пачаў рыхтавацца да правядзення кампаніі вельмі загадзя — як нам вядома, ужо пачаўся адбор людзей у выбарчыя камісіі. Але працэс не ідзе гладка. 

Тут трэба патлумачыць, што, згодна з афіцыйнай версіяй, удзельнікі камісій па падліку галасоў самі вылучаюць сябе ад сваіх месцаў працы, грамадскіх аб'яднанняў, партый ці проста так, самі сябе. 

Але дэмакратыя ў выбарах членаў камісій даўно заменена на бачнасць: у рэальнасці членаў камісій адбіраюць раённыя ці гарадскія аддзелы ідэалогіі, а начальнікамі камісій прызначаюць людзей, якім ёсць што губляць у рамках сістэмы, — кіраўнікоў дзяржаўных прадпрыемстваў, дырэктараў школ і гэтак далей. 

У часы адносна спакойных фальсіфікацый набор у камісіі адбываўся лёгка і ўспрымаўся такімі «шчасліўчыкамі» як магчымасць зарабіць прэмію, нічога не робячы, бо задачай членаў камісіі фактычна было агучыць даведзеныя зверху лічбы або ўкінуць галасы за патрэбнага чалавека, а потым іх жа пералічыць і падаць як праўдзівую волю народа. 

Але ўсё змянілася ў 2020 годзе. Непрыкрытая хлусня многіх выбарчых камісій і ЦВК адносна народнага выбару — адна з асноўных прычын грамадскага выбуху. 

Многія гэта разумеюць і, па нашай інфармацыі, адмаўляюцца ад прапаноў мясцовых улад удзельнічаць у камісіях. 

«Прапанову рабілі мне і майму калегу, але мы абодва адмовіліся», — сказаў нам супрацоўнік адной з мінскіх дзяржарганізацый. 

Праблемы з адборам ускосна пацвердзіў і наш суразмовец з аднаго з аблвыканкамаў, сказаўшы, што існуе рызыка, што «сапраўдных бээрэсэмаўцаў на ўсе ўчасткі не хопіць».

Настаўніца адной са школ у Віцебскай вобласці патлумачыла сваю логіку пры адмове. 

«Ідучы ў камісію, ты фактычна выстаўляеш сябе г*м у вачах тых, з кім ты жывеш. У нас усе галасавалі за Ціханоўскую, многія сядзелі. І калі ў 2020-м на ўзроўні сваёй камісіі можна было сумленна падлічыць галасы (што казалі абласныя камісіі і ЦВК — іншая гісторыя), то сёння ясна, што нават калі захочаш праявіць сумленне — пасадзяць. Таму выбару няма, я адмовілася», — сказала работніца адной са школ, якая была ў выбарчай камісіі ў 2020-м. 

Калі вам вядома больш па тэме, паведамляйце асабіста тым аўтарам «Нашай Нівы», якіх ведаеце, або ў тэлеграм-акаўнт «Нашай Нівы» ў сакрэтны чат: @nn_editor.

Каму зручней на мэйл — пішыце рэдактару на мэйлы [email protected] ці [email protected].

Чытайце таксама:

Як склаўся лёс мужчыны, які на выбарах зняў на відэа ўкід стоса бюлетэняў? «Быў наіўным хлопчыкам, які верыў у правасуддзе»

З'явілася АЎДЫЯ, як уся камісія з Віцебска цісне на настаўніцу, каб тая падпісала сфальсіфікаваны пратакол

Даказаная яшчэ адна схема фальсіфікатараў: больш за 90% сяброў участковых камісій з’яўляюцца калегамі па працы

Клас
29
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
4
Сумна
6
Абуральна
13