Інга Хрушчова ў студыі канала

Інга Хрушчова на канале «Жыццё-маліна». Кадр з відэа

Вялікая размова з Інгай Хрушчовай з'явілася на ютуб-канале «Жыццё — маліна». Прыводзім найбольш цікавыя моманты.

Як сцвярджае Інга Хрушчова, у 1994 годзе яна галасавала за Станіслава Шушкевіча. Яна вучылася ў БДУ і ведала гэтага чалавека. Хрушчова сцвярджае, што на той час яе палітыка не цікавіла. Журналістка займалася ў моладзевай рэдакцыі тэлебачання іншымі праграмамі. Пры гэтым актыўна пісала пра Пазняка, Беларускі народны фронт.

Пазней яна ўвайшла ў журналісцкі пул абранага прэзідэнта.

«Спачатку мне было цікава. Нам падавалася, што гэта будзе нейкае незалежнае тэлебачанне. Што ты сведка падзей. Потым, як сышоў Ельцын, стала зразумела, што адбылася падмена паняццяў. Ён выцягнуў назначэнца Пуціна», — згадвае Інга Хрушчова.

Вядомасць журналістка атрымала дзякуючы свайму эмацыйнаму рэпартажу з Чарнобыльскага шляху 1996 года.

«Я прысутнічала на гэтым мітынгу. Мы стаялі паміж мітынгуючымі і АМАПам. Я там была і атрымала кухталёў. Мяне здзівіла тое, што ў першых шэрагах ішлі ўкраінцы — УНА-УНСО. На тым мітынгу нам зламалі камеру. Гэта эмацыйна паўплывала на тэкст рэпартажу. Мы атрымалі дубінай. Нам адламалі відашукальнік, надавалі па плячах. Цяжка згадаць, хто біў. Пазнейшы тэкст быў напісаны на эмоцыях».

Як змяняўся вобраз Лукашэнкі ў СМІ

Знаёмства з Лукашэнкам адбылося выпадкова. Інга Хрушчова была адна ў рэдакцыі і яе накіравалі на асвятленне наведання першай асобай камвольнага камбіната.

«Ён захоплена глядзеў на жанчын, цалкам імкнуўся ўнікнуць у праблемы, ён быў там, у моманце, на самай справе. У той першы візіт, які я бачыла, ён здаваўся нейкім сваім. І жанчыны яго там ледзь не ў кола схапілі. Ён іх слухаў, імкнуўся ім дапамагчы. Складалася такое ўражанне, што ён цалкам жыве праблемамі таго прадпрыемства, куды ён прыехаў, і хоча ім дапамагчы. Мяне ўразіла, што ён рабіў гэта шчыра», — згадвае журналістка.

Інга Хрушчова параўноўвае паездкі Лукашэнкі ў першыя гады яго ўлады і пазней. Яна ўпэўненая, што пачынаючы з 2000-х гадоў яны сталі падвяргацца рэжысуры, з'явіліся людзі, якія на сваіх пасадах адказвалі за арганізацыю паездак.

«Іх зʼяўлялася ўсё болей і болей. Акрамя адказных за прыём на месцах, былі людзі з боку адміністрацыі. Раней, калі ён толькі пачынаў сваю карʼеру, такіх было значна меней. Потым гэтая колькасць разрасталася і літаральна з выканкамаў, іншых устаноў зʼяўляліся гэтыя людзі, якія рыхтавалі нейкія сцэны пылу ў вочы».

Хрушчова заўважае, што Лукашэнка любіў сустракацца з людзьмі. Але з цягам часу іх сталі замяняць спецслужбоўцы.

«Шмат людзей прыходзіла, стваралася карцінка, што ён размаўляе з народам. І вось аднойчы Андрэй Уцюрын аднекуль прывёў людзей, падобных да цяперашніх губазікаўцаў. Стваралася ўражанне, што гэта нейкія не простыя грамадзяне. І некалькі гэтых мужыкоў былі ў простым адзенні, але забыліся зняць бэйджы.

Гэтыя «народныя сцэны» нагадвалі нейкі спектакль. Раней гэта былі сапраўдныя людзі. Ён меў зваротную сувязь. У яго было ўяўленне аб рэчаіснасці, якая ёсць у Беларусі, атрыманае ад саміх людзей. А потым пачаўся нейкі цырк з канямі», — адзначае Хрушчова.

Інга Хрушчова згадвае, што на самым пачатку не было ніякіх забарон на здымкі Лукашэнкі. Яго можна было здымаць з усіх бакоў. Забарона не здымаць ззаду зʼявілася, калі яго прэс-службу ўзначаліла Наталля Пяткевіч.

«Я прапусціла момант зʼяўлення Пяткевіч, бо была ў дэкрэце. Калі я сыходзіла ў дэкрэт, то службу ўзначальваў Мікалай Барысевіч, які пазней працаваў у МЗС. А калі я ўжо выйшла, была Пяткевіч. І гэта быў іншы свет. Стала неяк сумна. Да гэтага былі ліберальныя часы. А калі я вярнулася, зʼявілася адчуванне, што ён ужо не грае той ролі, якую граў у канцы 1990-х — пачатку 2000-х. Зʼявілася шмат супрацоўнікаў, якія рабілі карцінку. Нам сталі выдаваць пытанні. Калі на пачатку 1990-х журналісты прыязджалі за гадзіну-паўтары, праходзілі дагляд і чакалі прыезду, то потым трэба было прыязджаць за 2-3 гадзіны. Там усё вызначала Пяткевіч. Ты сядзеў у чаканні невядома чаго».

Інга Хрушчова раскрыла кухню падрыхтоўкі пытанняў. За некалькі тыдняў да паездкі Пяткевіч прапаноўвала журналістам падаць свае пытанні, якія яны плануюць задаць падчас падыходу Лукашэнкі. Пяткевіч гэтыя пытанні магла пакідаць у тым выглядзе, як іх падалі. З пытанняў і складаўся падыход. Такім чынам Лукашэнка быў падрыхтаваны. Часам Пяткевіч напярэдадні давала журналістам пытанні з падрыхтаванага спіса.

Журналістка распавяла пра выпадак адлучэння ад прэзідэнцкага пула з-за звычкі задаваць свае пытанні.

«Калі я выйшла з дэкрэту, была нейкая прэс-канферэнцыя з расійскім журналістамі, і вось тады ўпершыню Пяткевіч мне дала пытанне. Гэта была паперка з пытаннем. Ты мог яго не вучыць, як верш. Але агульны сэнс ты павінен быў агучыць. Я не зразумела гэтага тады і задала сваё пытанне, зыходзячы з кантэксту гэтай канферэнцыі. Ён адказваў. Было бачна, што ён не падрыхтаваны да такога. Пасля адразу падышла Пяткевіч і, як уладарка сусвету, пачала распавядаць, якія цяпер правілы. І я павінна ім падпарадкоўвацца. Я даехала да рэдакцыі, і там мне сказалі, што Пяткевіч патэлефанавала, і мне не трэба пакуль ездзіць. У мяне стала шмат вольнага часу. Для мяне гэта быў падарунак. Я нарэшце мела вольны час. Праз нейкі час, магчыма праз паўгода, мяне вярнулі».

Інга Хрушчова згодная з меркаваннем, што сёння з Лукашэнкі робяць нейкую ляльку ўсімі механізмамі, якія дазваляе Adobe. І ў яго не ўсё добра са здароўем:

«Цяпер гэта адбываецца таму, што ім трэба стварыць карцінку і паказаць, што ён здаровы, у яго ўсё добра, ён добра выглядае. Але размовы пра інсульты, інфаркты, хваробы. Іх задача — упэўніць, што ў Лукашэнкі ўсё добра. А вось калі ён быў у Зімбабвэ, яго здымалі іншыя журналісты. На здымку зімбамбійскага фотакара ён стаіць такі, які ёсць. Гэта дзед, які ўжо расплыўся, тлусты. А на відэа ён цягне нагу. Яны даюць кусок рэальнага відэа. Я лічу, што ён у дрэнным стане здароўя. Як бы не імкнуліся накінуць скін-тон. Калі кідаеш у Adobe карцінку, бачна, што была апрацоўка. Інжынерам на тэлебачанні цяпер трэба працаваць над тварам».

Спартоўцы і палітыка

На думку Хрушчовай, спартоўцам у 2020 годзе трэба было заняць нейкі бок. Але больш за ўсіх яе ўразіла Домрачава: «Пасля таго, калі збілі яе брата, яна ніякага меркавання не выказала. Я не магу растлумачыць, чаму».

На думку Хрушчовай, у спорце адбылася нейкая дэградацыя. У гэтым ёсць віна і саміх спартоўцаў: 

«Ім не цікавыя тыя падзеі, што адбываюцца. Гэта чалавечыя рысы. Калі яны ёсць, ты можаш выказаць сваю пазіцыю, як гэта зрабіла Надзея Астапчук. Спартовец Недасекаў — вынік дэградацыі. Мы з ім запісвалі сюжэт напярэдадні Еўрапейскіх гульняў. Ён быў матываваны спортам і не выказваўся на палітычныя тэмы. Потым мне было дзіўна, што ён пачаў гэтым займацца».

Інга Хрушчова лічыць, што фраза «спорт па-за палітыкай» цалкам не адпавядае рэчаіснасці:

«Спорт ніколі не быў па-за палітыкай. Ён заўсёды выкарыстоўваўся палітыкамі. Мне здаецца, што гэты выраз прыдуманы ў савецкія часы. А тады якраз спартоўцаў і выкарыстоўвалі ў палітычных мэтах».

Лукашэнка і спорт

Апантанасць Лукашэнкі спортам Інга Хрушчова тлумачыць тым, што ён, фактычна не маючы да вынікаў спартсменаў ніякага дачынення, атрымлівае палітычныя дывідэнды:

«Гэта тое адзінае станоўчае, для чаго ён нічога не робіць. Домрачава ці хтосьці іншы заваёўвае медалі, прыносіць славу. А ён стаіць пры падзеі, нічога ў гэта не ўкладаючы. Улада — гэта хвароба. І табе хочацца, каб усе цябе ведалі, усе пра цябе гаварылі. А спорт дае такую магчымасць. Гэта інфармацыйная нагода згадаць пра сябе».

На думку Хрушчовай, напачатку Лукашэнка зрабіў шмат для спорту. У пэўны момант ён спрыяў гэтаму развіццю. Але своечасова не змог спыніцца:

«Ты распачаў гэтую справу, але потым аддай у рукі прафесіяналу. Добры прыклад — БАТЭ. Здаецца, ён туды мала лез. І неяк у БАТЭ ўсё атрымалася. А хакей — гэта прыклад таго, што лепш даць прафесіяналам».

Сыход у спартыўную рэдакцыю і вяртанне да прапаганды ў 2010 годзе

Па сваёй першай прафесіі Інга Хрушчова лёгкаатлетка. Яна займалася спрынтам. Спачатку бегала на 100 і 200 метраў. Пазней, пасля траўмы, на больш доўгія дыстанцыі — 200 і 400 метраў. Скончыла Віцебскае вучылішча алімпійскага рэзерву.

«Гэта тое, што мне падабаецца, чым я жыла шмат гадоў. Я хацела займацца спартыўнай тэматыкай. Пошук свайго шляху доўга ішоў. Мяне з палёгкай адпусцілі. Яшчэ на першым курсе, калі я прыйшла на тэлебачанне, я пайшла ў спартыўную рэдакцыю. Але там не было месцаў. Таму я апынулася ў маладзёжнай рэдакцыі. Але генеральнай лініяй было займацца спартыўнай журналістыкай».

Аднак у 2010 годзе яна зноў зʼявілася на экранах у навінах. Хрушчова тлумачыць гэта тым, што верыла ў Лукашэнку.

«Лукашэнка тады, перад выбарчай кампаніяй, выбіраў еўрапейскі шлях. У 2010 годзе апазіцыйныя кандыдаты імкнуліся знайсці адзінага кандыдата і доўга дамаўляліся. Унутры гэтай кааліцыі адбываліся не зусім зразумелыя мне рэчы. Усё ішло да таго, што еўрапейскае лобі рыхтавала для Лукашэнкі лагодны шлях у Еўропу. Было шмат сведчанняў таго, што будзе нейкае пацяпленне ў адносінах з Еўропай. Гэта ва ўсім адчувалася. У мяне была вера ў еўрапейскі шлях Беларусі. Да гэтага ўсё ішло. Але потым, пасля Плошчы, нарадзілася думка, што трэба сыходзіць».

Інга Хрушчова згодная, што разам з іншымі займалася іміджам Лукашэнкі, прапагандай. Але тлумачыць сваю пазіцыю ў 1990-х тым, што шчыра верыла прэзідэнту. 

«Ты малады і гарачы. У цябе адно стаўленне да падзей. Потым пачынаеш разумець, што табе не падабаецца, рабіць нейкія высновы для сябе. Для кагосьці гэта эвалюцыя, для нейкага — дэградацыя. Мы працавалі на зломе гісторыі і яшчэ не ведалі, хто такі Лукашэнка. Здавалася, што гэты чалавек прынясе Беларусі дабро. За 29 гадоў ужо можна разабрацца, што гэта за чалавек. У 96-м годзе я не ведала пра Лукашэнку нічога».

Чытайце яшчэ:

«Мне трэба чакаць ВНЖ крымінальніка». Слава Камісаранка расказаў, куды пераязджае, і пажартаваў пра складанасці легалізацыі

«Айцішнікі не бунтуюць, ну і хрэн з імі». Лібер пра Янчэўскага, Баграцова і Добкіна

Клас
56
Панылы сорам
29
Ха-ха
22
Ого
23
Сумна
15
Абуральна
50