Адпраўка сабраных ваеннаабавязаных з Лунінца. Фота з дзяржаўнай прэсы

Адпраўка сабраных ваеннаабавязаных з Лунінца. Фота з дзяржаўнай прэсы

У ваенкамаце ў Івацэвічах пацвердзілі, што прызваных з горада адпраўляюць у часць у Слоніме.

— Позва выпісаная — значыць, павінен прыбыць, — адзначыла супрацоўніца. — Трэба будзе прыбыць, узяць зменныя рэчы, сродкі асабістай гігіены, лыжку, кубак, можа, трошкі ежы на першы час, калі гэтага чалавека яшчэ адбяруць. Спачатку ўсіх прывозяць, а потым ужо будуць адбіраць.

— А чаму цяпер, кажуць, адбіраюць людзей катэгорый [пасведчанняў кіроўцы] C і E?

— Гэта ўжо напускалі чутак усялякіх. Збіраем мы ўсіх у каманду, але нам трэба было дадаткова больш кіроўцаў, і мы шукалі, выбіралі, у каго ёсць такія пасведчанні кіроўцы.

— Яшчэ расказваюць, што ў Слоніме каля часці шмат вайсковай тэхнікі і з Івацэвічаў таксама мужчын вязуць з тэхнікай. Гэта навошта?

— Гэта ў іншыя, можа, часці. Мы таксама не ведаем, што і як. Мы вось адпраўляем на зборы хлопцаў і ўсё. Адны вось ужо з'ехалі. Ніхто не скардзіцца, не баіцца.

— Неспакойна. Вайна побач.

— Вось таму трэба трэніравацца і рыхтавацца да ўсяго. І няхай гэта будзе толькі трэніроўка. Мне здаецца, і для вас, і для нас гэта лепш.

Супрацоўніца ваенкамата запэўніла, што ў краіне няма мабілізацыі. Яна параіла «ўважліва слухаць навіны і не чытаць тое, што пішуць апазіцыйныя каналы».

У ваенкамаце Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў таксама супакоілі і дадалі, што людзей павязуць у той жа Слонім. Дзяжурны патлумачыў, чаму звозяць і будаўнічую тэхніку.

— Фармуюць падраздзяленні вайскоўцы, і там павінна быць усё. Калі ў роце ёсць гранатамётчык, кулямётчык, аўтаматчык і снайпер, у цэлым усялякая тэхніка ёсць — і экскаватары ёсць, і бульдозеры. Гэта ж усё трэба. Ідзе разгортванне і трэніроўка, каб ведалі хоць… Хто яго ведае, што ў свеце дзеецца. Гэта не тое, што іх забіраюць і кудысьці будуць кідаць ці пасылаць — не, усё як звычайна. Толькі зборы робяцца нечакана, [каб праверыць], як спрацуе ваенкамат, як спрацуюць пастаўшчыкі гэтай тэхнікі — як яны яе паставяць, якую. Каб бачыць на свае вочы, на што мы здольныя і гатовыя.

— Таму ўсё так рэзка?

— Так, гэта нечаканая такая праверка на выпадак, калі раптам нешта [здарыцца], не дай бог. Хочуць паглядзець, гатовыя мы да гэтага ці не. Як вайскоўцаў туды-сюды па трывозе выклікаюць, правяраюць: як прыбылі, у колькі. А гэта паднялі менавіта нашы ваенкаматы — тыя, якія фармуюць гэтую часць у Слоніме.

— Кажуць, што шмат позваў раздаюць.

— Не слухайце нікога. Ужо блогеры пішуць, што і з ложкаў здымаюць, і на дарогах ловяць. Нікога не здымаюць, не адбіраюць. Выклікаюць, як мае быць, па позве, пішуць, што ім трэба ўзяць з сабой, калі прыйсці. Яшчэ ідзе адбор: напрыклад, не падаў [чалавек] інфармацыі, што ў яго чацвёра дзяцей, і ў яго значацца толькі двое. Такіх таксама адсейваюць. Усё ўлічваецца, перабіраецца. Нікому не верце. Такую ўжо бздуру пішуць! Хтосьці там распісаў ужо такое, што і па вуліцах ловяць. Вы верыце ў такое?

— У Брэсце, расказвалі, чалавека проста з працы забралі, не папярэдзіўшы загадзя. Такога ж у нас ніколі не было, таму і насцярожвае.

— Я не ведаю, але, хутчэй за ўсё, хлусяць. Могуць на працу [супрацоўнікі ваенкамата] прыехаць, ведаючы, колькі там працуе чалавек. Вось яны прыехалі, а людзі — на аб'ектах. Калі тых прывезлі, ім позвы ўручылі на наступны дзень або на калі там, каб яны маглі пайсці сабрацца, узяць з сабой рэчы, паесці, грошай нейкіх, рыльна-мыльнае, як мы кажам. А каб з аўтобуса ў аўтобус перагрузілі і павезлі — такога ў нас няма. Так што не верце нікому і не хвалюйцеся. Гэта раней маглі папярэдзіць за месяц, чалавек рыхтуецца, сям'ю настройвае. А тут, бачыце, па трывозе падымаюць і ўсё. Але гэта тое самае, — запэўніў дзяжурны ваенкамата.

Пазней вайсковы камісар Лунінецкага і Ганцавіцкага раёнаў Уладзімір Кахавец таксама пракаментаваў сітуацыю мясцовай раённай газеце. Паводле яго слоў, праверка боегатоўнасці вайсковых часцей — планавае мерапрыемства і праводзіцца штогод. Ваеннаабавязаных, маўляў, адправяць на зборы на 35 сутак для ўкамплектавання вайсковай часці, у якой і праводзіцца праверка.

Чытайце таксама:

У Брэсцкай вобласці мужчын масава забіраюць на зборы, могуць падняць з ложка

«Дома мяне чакае любімая мама». На цяперашнія зборы выклікаюць і жанчын-медыкаў

«Частка нейтралаў паддаецца прапагандзе. Пачынаюць думаць, што, можа, так і трэба». Як будзе развівацца беларускае грамадства ва ўмовах татальных рэпрэсій

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?