«Мы сталі часцей сутыкацца з сітуацыяй, калі аўтамабіль прадаецца па даверанасці»

Менеджар аднаго з буйных сталічных аўтакамісаў кажа, што за апошні год сапраўды павялічылася колькасць кліентаў, якія прадаюць машыну ў сувязі са зменай краіны пражывання. 

«Людзі, якія толькі плануюць ад'езд і знаходзяцца ў Беларусі, звычайна больш згаворлівыя па цане, бо ў іх стаіць задача не прадаваць аўтамабіль цягам 1—2 месяцаў, а зрабіць гэта за 1—2 тыдні. Звычайна яны адразу адзначаюць гэты факт на стадыі абмеркавання цаны.

Мы сталі часцей сутыкацца з сітуацыяй, калі аўтамабіль прадаецца па даверанасці. Хоць нейкай асобнай статыстыкі ў нашым салоне з гэтай нагоды няма, можна сказаць, што калі гады тры таму гэта былі адзінкавыя выпадкі, то летась гэта ўжо стала больш-менш звычайнай з'явай.

У такіх выпадках уласнік найчасцей знаходзіцца за мяжой, а продажам аўто, як правіла, займаюцца бацькі ці іншыя сваякі або сябры», — кажа суразмовец. 

Па словах мужчыны, асабліва выразна такая тэндэнцыя пачала назірацца ў другой палове мінулага года. 

«Магчыма, гэта звязана з адтокам айцішнікаў, бо, як правіла, людзі, якія казалі, што прадаюць машыну ў сувязі з пераездам, выстаўлялі на продаж даволі свежыя аўтамабілі. Калі параўноўваць сітуацыю з мінулымі гадамі, то колькасць людзей, якія прадаюць аўто нібыта з прычын эміграцыі, значна павялічылася.

Але гэта ўсё адно не надта масава», — падсумоўвае спецыяліст.

«Машын, ад якіх людзі пазбаўляюцца праз ад'езд за мяжу, стала больш»

Наш іншы суразмовец — уласнік аўтакаміса ў адным з абласных цэнтраў краіны. Мужчына таксама пацвярджае, што на ягонай пляцоўцы апошнім часам такія аўто сталі з'яўляцца значна часцей, чым раней.

«Мы працуем з 2017 года, першыя гады працы я асабліва не згадваю, каб да нас часцяком прыязджалі кліенты, якія прадаюць аўто па даверанасці, бо ўласнік знаходзіцца за мяжой. Калі такія і былі, то гэта былі адзінкавыя выпадкі», — згадвае мужчына.

Па словах бізнэсоўца, продаж аўто беларусаў, якія з'ехалі, пачаў набіраць абароты з другой паловы 2021 года.

«Людзі даволі масава пачалі зʼязджаць яшчэ ў 2020-м, але так як многія зʼязджалі за мяжу менавіта на машыне, то спачатку ніякіх змен не заўважалася.

Потым, відаць, уладкаваўшыся за мяжой, людзі сталі задумвацца аб продажы беларускага аўто, бо ў Еўропе машыны каштуюць значна танней і вялікага сэнсу трымаць аўтамабіль на беларускай рэгістрацыі за мяжой няма», — разважае бізнэсмен.

Па назіраннях аўтакамісіянера, недзе з лета-восені мінулага года машын, ад якіх пазбаўляюцца беларусы, якія зʼехалі за мяжу, стала больш.

«Не магу сказаць, што гэта павальны трэнд, але сапраўды такія выпадкі, калі машыну на камісію ставяць па даверанасці сваякі ўласніка, перасталі быць рэдкасцю», — кажа мужчына.

Прадаецца ў сувязі з пераездам

Мы паглядзелі, якая колькасць прадаўцоў пазначае пераезд за мяжу як прычыну продажу машыны.

На найбуйнейшай пляцоўцы па продажы аўто ў Беларусі размешчана больш за 50 тысяч абʼяў. З іх 228 змяшчаюць у апісанні да аўтамабіля фразу «ў сувязі з пераездам».

Скрыншот з сайта av.by

Скрыншот з сайта av.by

Цікава, што амаль палова з гэтых машын каштуе даражэй за 15 тысяч даляраў.

«Нельга сказаць, што пазнака ў аб'яве «тэрмінова прадаецца ў сувязі з пераездам» аўтаматычна азначае, што чалавек гатовы да грунтоўнага торгу, але часам такое здараецца, бо некаторыя людзі проста хочуць як мага хутчэй пазбавіцца ад аўто», — заўважае перакуп.

Таксама мужчына адзначыў, што за апошні год стаў часцей натыкацца на абʼявы, дзе аўтамабіль прадае нейкая давераная асоба, а не ўласнік машыны.

«Нехта адразу кажа пра тое, што машына, напрыклад, сына, а ён цяпер жыве не ў Беларусі. Некаторыя пачынаюць перанакіроўваць на іншы нумар у нейкі месенджар да ўласніка, каб той мог больш дакладна распавесці пра сваю машыну», — кажа перакупшчык.

Нейкая частка прадаўцоў, якія аддаюць аўто «ў сувязі з пераездам», можа быць банальнымі перакупамі.

Скрыншот з сайта av.by

Скрыншот з сайта av.by

«Канечне, такіх будзе няшмат, але некаторыя калегі па цэху, карыстаючыся сітуацыяй, калі такіх машын стала значна болей, сапраўды могуць пачаць прыдумляць байкі, што прадаюць машыну сваяка ці сябра, які з'ехаў за мяжу і папрасіў дапамагчы з продажам», — звяртае ўвагу суразмовец.

Чытайце таксама:

 Пасля перасячэння беларускай мяжы машыны з Еўропы «губляюць» дзясяткі тысяч кіламетраў. Як прадаўцы падманваюць з прабегам аўто

«Дастэры» за 30 000 даляраў, «Весты» за 16 500. Якія новыя аўто прапануюць дылеры 

У Беларусі з'явіцца яшчэ адзін кітайскі аўтабрэнд

Клас
4
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
8