Дзеці нараджаюцца з 300 косткамі і без каленных чашачак.

У адрозненне ад дарослых, у якіх 206 костак, у немаўляці іх амаль на палову болей — 300. А вось замест каленнай чашачкі ў іх храсток. Прырода так прадугледзела для таго, каб шкілет быў больш падатлівы пры родах. На працягу некалькіх наступных гадоў жыцця некаторыя косткі, злучаныя першапачаткова мембранай, зрастаюцца паміж сабой. А храсток у калене ператвараецца ў каленную чашачку.

Немаўля чалавека самае тлустае ў жывёльным свеце, хаця яго страўнік — памерам з вішню.

У нованароджанага немаўляці чалавека тлушч складае 15%. Такі паказчык значна пераўзыходзіць паказчыкі ўсіх іншых жывёл. Другое месца займаюць марскія свінкі (11%), а трэцяе — марскія цюлені (10%).

Праз суткі пасля нараджэння памер страўніка дзіцяці блізка да памеру вішні. Але на працягу наступных сямі дзён ён хутка павялічваецца і дасягае памеру яйка. У шэсць месяцаў немаўляты спажываюць адну траціну калорый ад нормы для дарослага чалавека.

Мозг немаўляці пры нараджэнні складае прыкладна дзясятую долю яго вагі. Сама ж вага на працягу першага года павялічваецца ў тры разы.

Сярэдняя вага даношанага дзіцяці знаходзіцца ў межах ад 2,6 да 3,8 кг. Пры гэтым вага мозгу складае 400 грамаў. У дарослага мозг важыць 1,5 кг і складае каля 2% вагі.

Пасля нараджэння агульная вага немаўляці трошкі зніжаецца і аднаўляецца ва ўзросце двух-трох тыдняў. Ва ўзросце чатырох-пяці месяцаў наш нашчадак важыць удвая болей, чым пры нараджэнні, а ў 12 месяцаў — утрая.

Немаўля мае больш смакавых рэцэптараў, чым дарослы і можа з'явіцца на свет з зубам.

Немаўля добра адчувае смак. У адрозненне ад дарослых, у яго рэцэптары размешчаныя нават у горле. А некаторыя ўжо ў першы дзень могуць пакаштаваць ежу не толькі на смак, але і на зуб. Прычына нараджэння з зубам застаецца нявысветленай. Некаторыя вучоныя лічаць, што так праяўляецца ўздзеянне таксічных рэчываў падчас цяжарнасці.

Нованароджаныя дрэнна бачаць, а іх вочы могуць мяняць колер і працягваюць расці.

Дзеці звычайна нараджаюцца з блакітна-шэрымі вачыма, не бачаць далей, чым на 20 см і могуць распазнаць толькі некаторыя колеры. Аднак зрок развіваецца вельмі хутка і да года становіцца падобным да зроку дарослага чалавека. А колер вачэй змяняецца ў залежнасці ад генетыкі і становіцца пастаянным да васьмі месяцаў. Пры гэтым вочы працягваюць расці (пры нараджэнні іх памер складае 75% ад дарослага).

Нованароджаныя не плачуць слязьмі і пазнаюць голас маці.

У нованароджаных не да канца сфармаваныя слёзныя каналы. Таму першыя слёзы мы можам заўважыць у нашага дзіцяці толькі пасля двух-трохмесячнага ўзросту. Пры гэтым яны добра рэагуюць на голас маці і мацней плачуць, калі чуюць голас іншага чалавека.

Іх жэсты нагадваюць жэсты шымпанзэ і яны могуць вывучыць мову жэстаў.

Згодна з даследаваннем, немаўляты людзей і шымпанзэ маюць 89% агульных жэстаў. Пры рэгулярных практыкаваннях немаўляты могуць вывучыць некалькі знакаў, напрыклад, «малако», «яшчэ», «есці» і г. д. Спецыялісты рэкамендуюць пачаць вучыць мове жэстаў прыкладна ў 6-7 месяцаў, калі дзеці пачынаюць разумець словы.

Чытайце яшчэ:

Як зразумець немаўля? 

Клас
95
Панылы сорам
5
Ха-ха
8
Ого
19
Сумна
5
Абуральна
10