Скрыншот відэазапісу t.me/operativnoZSU

Скрыншот відэазапісу t.me/operativnoZSU

Тэрмін адбывання пакарання будзе адлічвацца з 13 лютага 2023 года.

Андрэя Герыловіча асудзілі паводле ч. 4 артыкула 447 Крымінальнага кодэкса Украіны, які прадугледжвае пакаранне за ўдзел у якасці найміта ва ўзброеным канфлікце, ваенных або гвалтоўных дзеяннях, у выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 10 гадоў.

Перад вынясеннем прыгавору Герыловіч добраахвотна падпісаў са следствам пагадненне аб прызнанні сваёй віны, што дазволіла яму пазбегнуць максімальнага пакарання. У той жа час, у выпадку, калі грамадзянін Беларусі парушыць гэтае пагадненне, суд можа скасаваць абвешчаны прыгавор і вынесці новы.

У час судовага разгляду справы беларус меў свайго адваката і перакладчыка з украінскай на рускую мову.

У прыгаворы адзначаецца, што Андрэй Герыловіч трапіў ва ўкраінскі палон 16 лістапада 2022 году непадалёк ад пасёлка Курдзюмаўка Бахмуцкага раёна Данецкай вобласці.

Сёлета ў студзені паводле гэтага ж артыкулу асудзілі яшчэ аднаго беларуса, Максіма Зязюльчыка. Ён атрымаў максімальны тэрмін у 10 гадоў.

Што вядома пра Герыловіча

У матэрыялах справы Андрэя Герыловіча адзначалася, што ён 10 ліпеня 2022 года прыехаў на цягніку з Гомеля ў Краснадар, а адтуль на таксі дабраўся да вёскі Молькіна, дзе знаходзіцца адзін з самых вялікіх вайсковых палігонаў у Краснадарскім краі. Менавіта там нібыта знаходзіцца трэнавальны лагер і месца прыёму новых байцоў у групоўку «Вагнер».

У той жа дзень беларус падпісаў кантракт з «Вагнэрам», паводле якога яму абяцалі заробак 240 тысяч расійскіх рублёў на месяц і дадаткова 5 тысяч «палявых» выплат.

Праз 10 дзён навучання на палігоне Андрэя Герыловіча разам з іншымі вагнераўцамі перакінулі ў Светладарск Бахмуцкага раёна Данецкай вобласці. Паводле ўкраінскага следства, з 21 ліпеня ён удзельнічаў у баях каля Сямігор’я, Кодэмы і Атрадаўкі ў Данецкай вобласьці, а 16 лістапада яго ўзялі ў палон украінскія вайскоўцы.

Беларус ваяваў пад пазыўным «Заспа», які ўзяў ад назвы вёскі Рэчыцкага раёна, непадалёк ад якой ён нарадзіўся.

Раней «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» паведамляў, што Герыловіч нарадзіўся ў Заспе, аднак у матэрыялах крымінальнай справы пазначалася, што ён з'яўляецца ўраджэнцам вёскі Гарошкаў, якая тэрытарыяльна адносіцца да Заспенскага сельсавета Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці.

Паводле расследвальніцкага цэнтра, пасля школы Андрэй Герыловіч працаваў у калгасе, а потым служыў прапаршчыкам у брыгадзе сувязі вайсковай часткі 68473 у Калодзішчах. Пасля службы працаваў альпіністам-мантажнікам у прыватнай кампаніі.

Падчас дасудовых следчых дзеянняў, як паведамляла Служба бясьпекі Украіны, Андрэй Герыловіч даў сведчанні аб ваенных злачынствах расійскіх войскаў і ваенізаваных груповак, перадаў устаноўчыя звесткі асобаў, датычных да іх, а таксама расказаў пра катаванні, пазбаўленьне грашовага забеспячэння і забойствы за невыкананне злачынных загадаў.

Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расіі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварвання расійскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.

Чытайце таксама:

«Мама ў шоку». Што расказваюць знаёмыя пра беларуса з ПВК «Вагнер», якога ўкраінцы ўзялі ў палон 

Клас
17
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0