Прадстаўнік МУС растлумачыў, што два пашпарты патрэбны, каб адзін здаць у пасольства на атрыманне візы, а другім карыстацца ў гэты час унутры краіны.
«Мы прапанавалі атрымаць грамадзянам два зусім ідэнтычныя пашпарты, але, вядома, з рознымі нумарамі», — сказаў Павел Хрышчановіч.
Ён дадаў, што такой опцыяй скарысталася больш як 8 тысяч чалавек.
А ўсяго для выезду выдадзена больш за 135 тысяч біяметрычных пашпартоў.
Грамадзяне Беларусі могуць атрымліваць біяметрычныя дакументы па жаданні. Але для замежных грамадзян, якія пастаянна жывуць у краіне, гэта абавязкова. Калі скончыўся дазвол на жыхарства, можна атрымаць толькі ID-карту.
У цэлым біяметрычныя дакументы ёсць прыкладна ў 2 % насельніцтва.
ID-карту, як растлумачыў Павел Хрышчановіч, першы раз можна атрымаць толькі па месцы рэгістрацыі, а потым ужо ў любым рэгіёне краіны або ў сталіцы.
Намеснік дырэктара па інфармацыйных тэхналогіях Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг Ягор Воранаў дадаў, што плануецца ўвесці ідэнтыфікацыю ў дзяржаўных анлайн-сэрвісах праз ID-карту. Для гэтага будуць патрэбны толькі карта і смартфон з чыпам NFC.





