«ПВК Родан» не мае нічога агульнага з ваеннымі кампаніямі. Гэта падлеткавая субкультура, для якой характэрны культ грубай сілы і аматары якой ужо заўважныя ў некалькіх масавых бойках. Спачатку сутычкі падлеткаў з удзелам «ПВК Родан» адбыліся ў Расіі, потым перакінуліся на Украіну. На гэты момант украінскія праваахоўнікі высвятляюць, ці ёсць расійскі след у гэтай субкультуры.

Масавыя сутычкі непаўналетніх адбыліся 26 лютага ў Харкаве, Кіеве і іншых украінскіх гарадах. У Гомелі да боек справа пакуль не дайшла. Аднак раптоўна таксама 26 і 27 лютага ў ціктоку і тэлеграме з’явіліся паблікі «Родан Гомель», зазначае выданне «Штодзень».

Прычым канал «ПВК Родан Гомель» ў тэлеграме створаны 26 лютага пад афіцыйным сцягам. Аднамомантна там набралася больш за 500 падпісчыкаў. І ўжо 27 лютага з’явіліся пагрозы офнікам (офнікі — каляфутбольныя фанаты), пад якімі рэзка з’явілася больш за 11 тысяч каментарыяў.

Усяго ў тэлеграме тры каналы «ПВК Родан Гомель». І адна суполка пад назвай «Гомель супраць «ПВК Родан», дзе ўжо ідуць пагрозы прыхільнікам новай моладзевай групіроўкі. Першае паведамленне «ПВК Родан Гомель» у ціктоку таксама датуецца 26 лютым.

Таксама з'явілася абвестка пра збор прыхільнікаў анімэ-субкультуры «Р'ёдан» у Магілёве. Чакаецца, што збор анімэшнікаў пройдзе 1 сакавіка ў 16.00 каля гандлёвага цэнтра «Атрыум» у Магілёве, паведамляе mogilev.news.

«ПВК Родан» — моладзевая субкультура, аматары анімэ, а менавіта серыяла «Hunter x Hunter», дзе і сустракаецца злачынная групоўка пад назвай «Родан». Яе сімвалы — чорны колер, павукі на вопратцы і лічба 4. Прыхільнікі гэтага руху выступаюць супраць ультрасаў і мігрантаў.

Клас
5
Панылы сорам
53
Ха-ха
26
Ого
10
Сумна
4
Абуральна
31