«Дагледжаны і абноўлены гарадскі парк плошчай 18 га — гонар Жабінкі. Але чароды чорных птушак, якія таксама аблюбавалі гэтае ўтульнае месца, прыносяць масу нязручнасцяў гасцям парку і мноства праблем камунальнікам», — паведамляе выданне, падкрэсліваючы, што ніводзін з выпрабаваных раней работнікамі ЖКГ спосабаў не даў выніку.

Што толькі тыя камунальнікі ні рабілі: яны і абразалі галіны дрэў над лаўкамі і іншымі аб'ектамі ў парку, і перыядычна здымалі гнёзды з дапамогай аўтавышкі. Заўважыўшы, што вароны чамусьці не любяць гнездавацца на мясцовых ліпах, замест старых і ссечаных дрэў яны зараз імкнуцца высаджваць менавіта ліпу.

У мінулым годзе ў парку была выстаўлена пара гукавых адпужвальнікаў, якія імітавалі крумканне крумкача, крык сокала і ястраба. Але дзейнічала гэта толькі часова. «Вядома, спачатку вараннё ў спалоху спешна пакідала наседжаныя месцы. Але разумныя птушкі хутка дапетрылі, што за пагрозлівымі крыкамі ніякай рэальнай небяспекі няма, а таму больш не звярталі на адпужвальнікі ніякай увагі. Хутчэй недасведчаныя наведвальнікі парку прыкметна насцярожваліся і нерваваліся. І вось прыйшоў час цяжкай артылерыі», — піша газета.

Перанасная прапанавая гром-гармата выдае магутны гук, які нагадвае стрэл з гарматы ці раскат грому — адсюль і назва. Гучнасць гуку дасягае 119 дэцыбел.

Усё дзякуючы таму, што прапан запампоўваецца ў канал ствала і падпальваецца з дапамогай іскры.

Залп халасты і ніякай фізічнай шкоды птушкам не наносіць, але вельмі моцна палохае на плошчы да 1,5 га, пры гэтым дальнабойнасць гукавых хваляў дасягае 1 км. Калі гармату змясціць на спецыяльную стойку, то за кошт кругавога абстрэлу плошча абароны вырасце да 7 га. «Таму, дзякуючы мабільнасці прылады, пад абаронай гарматы зможа аказацца ўвесь парк», — адзначае выданне.

Жабінкаўская ЖКГ загадзя папярэджвае жыхароў райцэнтра, каб не палохаліся гучных воплескаў у гарадскім парку і скверы каля вакзала. Пачаць прымяняць «цяжкую артылерыю» плануюць ужо ў сакавіку.

Клас
3
Панылы сорам
12
Ха-ха
13
Ого
4
Сумна
0
Абуральна
1