Алег Скрыпка на фоне аўтамабіля добраахвотніцкага будаўнічага батальёна. Украіна, 2022 год. Фота: асабісты архіў артыста

Алег Скрыпка на фоне аўтамабіля добраахвотніцкага будаўнічага батальёна. Украіна, 2022 год. Фота: асабісты архіў артыста

— Давайце пагаворым пра Беларусь. Вы давалі шмат канцэртаў у Мінску, як аўдыторыя ўспрымала ўкраінскую мову?

— У беларусаў украінская музыка ўспрымалася як надзея. Як я разумею, для беларусаў перамога Украіны ў вайне з'яўляецца ключавой, таму што гэта ў тым ліку перамога і беларусаў. Спачатку мы перамагаем у нас, а пасля вы ў сябе.

Адрозненне беларусаў ад расіян — апошнія не разумеюць украінскую мову, а вы — так. У цэлым беларусы вельмі моцна адрозніваюцца ад расіян, гэта зусім іншы тып людзей. Нейкае далікатнае стаўленне да нас было, з такой душэўнай лёгкасцю і мяккасцю. Беларусы заўсёды слухаюць і ўнікаюць у тэкст. Вельмі пранікнёная публіка.

— Вам прапаноўвалі стаць настаўнікам у беларускай версіі «X-фактар». Калі гэта было і якія былі ўмовы?

— Вы вялі перамовы, і гэта была добрая прапанова. Я не памятаю, які гэта быў год. Перад гэтым мы выступалі ў вас, і ў мяне было адчуванне, што я спяваю апошні раз у Беларусі і што будзе хутка замес нейкі сур'ёзны.

Пасля гэтага якраз канкрэтызуецца прапанова па «Х-фактар», і я папрасіў даць мне некалькі дзён на асэнсаванне. У выніку я адмовіўся. І праз некаторы час пачаўся замес у вас, а потым і межы закрылі. Прадчуванне мяне выратавала.

— Якія ўмовы былі?

— З майго боку — каб я мог гаварыць на ўкраінскай мове і быў украінскі музычны кантэнт. Умовы былі вельмі лаяльныя.

— Колькі прапаноўвалі грошай за сезон?

— Не магу сказаць.

— Бузава ў Instagram гаварыла пра 500 тысяч даляраў. Вам прапанавалі менш?

— Нашмат.

— Больш за 100 тысяч даляраў?

— Не, менш.

— Ваша цытата з 2010 года: «З Беларуссю я б пайшоў на любое збліжэнне. Ва Украіне ёсць пэўная энергія — душэўнасць, рамантызм, якая пайшла б на карысць Беларусі, а нам не хапае парадку і працавітасці, якія ёсць у вашай краіне». Пасля пачатку вайны ваша меркаванне змянілася?

— Меркаванне не змянілася, а вось абставіны — так. Я не размаўляў з украінцамі, як яны цяпер ставяцца да Беларусі, але, па-мойму, яны не моцна адрозніваюць беларусаў ад расіян. Беларусь так запэцкалася ў гэтай вайне, што назад адмотваць будзе вельмі цяжка. Хоць шмат беларусаў было на Майдане і цяпер ваюе. Трэба вывучыць пытанне таго, як украінцы ставяцца да беларусаў.

— А вы?

— У мяне стаўленне да расіян і беларусаў не змянілася. Я спадзяюся, што мы выйграем і зможам наладзіць адносіны з Беларуссю. Я б хацеў, каб мы з вамі былі ў добрым саюзе. Я лічу, што ўкраінцы ментальна і душэўна з беларусамі і літоўцамі вельмі блізкія. Я б хацеў, каб у нас быў саюз і адкрытыя межы. Я падзяляю ваш народ і ўладу.

— Вы сачылі за пратэстамі ў Беларусі ў 2020 годзе?

— Так. Праўда, я глыбока не апускаўся, але вельмі хваляваўся за вас. У нас, ва Украіне, было два Майданы, яны з рознай ступенню, але перамаглі. Тыранія Януковіча была настолькі слабай, што Майданы былі магчымыя. У вас тыранія мацнейшая, таму не атрымалася.

— У 2020-м вы публічна не выказваліся наконт сітуацыі ў Беларусі. Чаму?

— А навошта? Ва ўкраінскім шоу-бізнэсе ёсць такі трэнд, што трэба выказацца, каб лайкі сабраць. Гэта не мая мэта. Што маё выказванне зменіць? Калі я магу на нешта паўплываць, то я ўплываю. А проста высунуцца і на чымсьці піярыцца — гэта не да мяне.

— Беларусы маглі паглядзець і падумаць: «Алег Скрыпка падтрымлівае наша імкненне да справядлівасці».

— Гэта нейкая папсня. Хочаш падтрымаць — бяры аўтамат і ідзі падтрымліваць. А трындзець, седзячы, не трэба. Артыст павінен спяваць, гэта наш рупар.

— Да вайны я некаторы час жыў у вашай краіне і заўважыў, што ўкраінцы не вельмі добра разумеюць беларускі кантэкст: яны ведаюць пра Лукашэнку, пра тое, што былі пратэсты, пра збіццё, пра Ціханоўскую. І гэта ўсё даволі шапачна. Па-вашаму, украінцы да вайны сачылі за тым, што адбываецца ў Беларусі, ім гэта было цікава?

— Добрае пытанне. Ва ўкраінцаў хутаранскі светапогляд. Мы крыху індывідуальныя і трохі замкнёныя на сабе. З-за таго, што мы ўцягнутыя ў гэтую імперскую гісторыю, з-за Расіі, нам не хапала ўвагі да сябе. Тым больш у нас вайна і свае праблемы.

І, шчыра кажучы, украінцы не вельмі перажывалі за Беларусь. Мне здаецца, што вашу гісторыю я ўспрыняў нашмат бліжэй да сэрца, чым сярэднестатыстычны ўкраінец.

Я лічу, што ўкраінцы недастаткова спачувалі беларусам. Але мы не маглі паўплываць на працэсы. Польшча ці краіны Балтыі таксама не зрабілі гэтага. Беларусаў пакінулі з іх праблемай і дазволілі ўладзе сцерці людзей і расцягнуць іх па турмах.

У прынцыпе, з 2014 да 2022 года да Украіны гэтак жа ўсе ставіліся. Нікому тады не цікавая была наша вайна. А потым нешта здарылася ў боскай канцылярыі, і ўсе ўключыліся. У нас ёсць надзея перамагчы.

— Беларусь — саўдзельніца вайны?

— Калі вы пра Лукашэнку, то ён саўдзельнік і злачынец. Калі мы гаворым пра вас або іншага беларуса — не. У расіян ёсць у падсвядомасці жаданне растварыць украінскі народ. Беларусы ставяцца да нас з павагай і не хочуць гэтага, вы не саўдзельнікі вайны, а вось ваша дзяржава, у тым выглядзе, у якім яна ёсць цяпер, — так.

— Калі і як скончыцца вайна?

— Зараз я дастану карты таро і ўсё раскажу (смяецца). Я не ведаю.

— А як хацелася б?

— Вайны наогул не хацелася б. Быў бы ў вас цяпер на тэлешоу, і там не было б Бузавай. Я б працягнуў ездзіць у Беларусь выступаць і есці вашу смачную бульбу. Я так хацеў бы, але часам не атрымліваецца, як мы хочам.

Жыццё малюе неверагодныя сцэнары, круці ні круці, але яно да лепшага. Я думаю, што пасля гэтай вайны мы станем лепшымі, вы станеце лепшымі і, як ні дзіўна, Расія стане лепшай. Так і будзе, 100%.

Клас
45
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
3