Краматорск, снежань 2022 года. Фота: AP Photo / Libkos

Краматорск, снежань 2022 года. Фота: AP Photo / Libkos

«Цягнік у Краматорск адпраўляўся вельмі рана. Пасля Лазавой нас засталося трое. Адна жанчына пачала гучна па тэлефоне дамаўляцца наконт манікюру. Яна папросту крычала, калі ўгаворвала майстра запісаць яе на зручны час. Так мы даведаліся, прычым, тройчы, што заўтра ў яе дзень народзінаў і яна хоча адзначыць яго ў рэстарацыі. Тройчы, таму што ёй трэба было яшчэ зрабіць прычоску і педыкюр. Жанчына ехала ў Канстанцінаўку. Гэта была наступная і апошняя станцыя пасля Краматорска. 

Спыталася ў правадніка: «Ці заўсёды так мала пасажыраў?» Той паглядзеў на мяне з дакорам і адказаў: «А вы хіба не ведаеце, што заўтра вайна? Павінна быць, кажуць. Таму цяпер адтуль у асноўным едуць, а не туды». Эх, каб ён толькі тады ведаў, наколькі больш народу паедзе заўтра «адтуль».

Таксоўшчыкі з цікавасцю разглядалі на пероне людзей, якія выйшлі з цягніка. Гэта былі ў асноўным журналісты-іншаземцы. Заплечнікі, торбы з камерамі, штатывы і… бронекамізэлькі, каскі, шчыты для ног. Адзін таксіст звярнуўся да мужчыны са штатывам: «А шо? На вайну сабралысь? Та-а, нэ смэшыть. Тут давно війна, колы вы нэ в курсе». Яго таварыш гучна зарагатаў.

На вуліцах Краматорска ўсё спакойна. Мінакі, адказваючы на пытанне «Ці ёсць які план на выпадак вайны?», на 95% казалі, што нічога страшнага не адбудзецца, маўляў, самае страшнае яны ўжо перажылі. А ўвечары на плошчы Міру, якая раней была плошчай Леніна, мітынг роўна на 30 хвілін. Праскандавалі тое, што думаюць пра Пуціна, і разышліся. 

Да вайны заставалася восем гадзін. 

Прачнулася ад рэзкага свісту і грукату. Потым нейкія ўдары ў акно. Стала зразумела, што гэта трасецца шыба ад выбухаў. Неба з левага боку нейкае ружовае, часам белыя ўспышкі і гэты грукат. Грукат станавіўся ўсё мацнейшым. Пазваніла сыну, каб усіх будзіў, бо пачалася вайна. Ён пачуў гэты грукат, крыкі людзей з калідора гатэля. Я паспела сказаць, што ўсё пад кантролем. Пайду ў бамбасховішча. У калідоры стаялі калегі з розных краін у поўнай экіпіроўцы. Яны не маглі высветліць на рэцэпцыі, дзе тое бамбасховішча, якога, як потым высветлілася, папросту няма.

Людзі чакаюць цягніка на Кіеў на вакзале Краматорска, 24 лютага 2022 года. Фота: AP Photo / Vadim Ghirda

Людзі чакаюць цягніка на Кіеў на вакзале Краматорска, 24 лютага 2022 года. Фота: AP Photo / Vadim Ghirda

Выйшла на вуліцу, каб дайсці да найбліжэйшай школы. На ўкраінскіх каналах увесь час казалі, што ў кожнай школе можна схавацца ў падвальным памяшканні. Нейкі мужчына выйшаў з сабачкам. Я спыталася, дзе школа, і ён пайшоў са мной разам. Як толькі выйшлі на плошчу Міру, над намі вельмі нізка паляцелі штурмавікі. Я нават падумала, што яны могуць зачапіць верхавіны гэтых блакітных елак, пасаджаных яшчэ пры камуністах. 

Мужчына ўзяў сабачку на рукі і прыціснуўся да ствала елкі. «Пойдзем хутчэй!» — паклікала я яго. І тут пачаліся такія моцныя выбухі, што давялося крычаць. «Аэрадром! Аэрадром бамбяць!!!! Гэта там!!!» — мужчына рукой паказаў туды, куды паляцелі тыя штурмавікі. Свіст нарастаў. Да нас далучылася маладая пара. У школе вахцёрка сказала: «Няма ў нас бамбасховішча. Бяжыце ў суседні дом. Там можна схавацца ў падвале». «А як жа дзеці?» — спыталася я. «Якія дзеці?! Хто дзіця зараз у школу адправіць?! Бяжыце туды».

Пад’езд быў адчынены. Злева лесвіца ў падвал, а на сцяне блакітнымі літарамі: «Бамбасховішча». На ганку мужчына замахаў: «Сюды, сюды спускайцеся». Раптам моцны свіст, ад якога закладае вушы. «Божа мой, што гэта?!» — запытваю ў нікуды, і гэты мужчына, як потым высветлілася, былы вайсковец, спакойным голасам адказвае: «Гэта ракеты. Бамбяць аэрадром. Ды няхай бамбяць. Там усё, што трэба было, прыбралі ў надзейнае месца. А стаяць макеты з фанеры. Хай сабе бамбяць». 

У падвале заўважыла мясцовага аператара Багдана. Ён стаяў са сваёй дзяўчынай, і ў кожнага было па пераносцы з іх коткамі. Пасярэдзіне стаяў ложак з панцырнай сеткай. На ім стаялі яшчэ пераноскі з катамі.

Каты шыпелі, мяўкалі, і тут хлопчык паставіў у самы цэнтр на адзінае вольнае месца клетку з канарэйкай. Стала ціха. Каты пачалі разглядаць птушку, а тая, бедная, сядзела як скамянелая. Гэтая сцэна выклікала рогат у прысутных. Людзі пачалі паціху прыходзіць у сябе. 

Папрасіла аператара запісаць мой першы рэпартаж з месца падзей на тэлефон, бо ў рэдакцыі яшчэ нікога не было. Людзі пачалі абмяркоўваць навіны. Бамбілі і іншыя гарады… Ужо прагучалі прапановы здавацца. Адна жанчына сталага веку спытала: «Як вы думаеце, гэта надоўга? Раней жа бамбілі толькі Данбас. Няўжо гэта канец?»

«Канечне, не надоўга. Украінскае войска больш прафесійнае. Так-так, я дакладна ведаю. Я ж журналістка. Не варта цяпер плакаць. Потым самі згадаеце мяне і скажаце, што я мела рацыю», — супакойваю яе. Былы вайсковец, які адказваў за гэтае бамбасховішча, дадаў:

«Ну, як вы можаце параўноўваць наша войска і маскальскае? Ну? Ужо мы ж тут ведаем, што гэта гапата нейкая. Ды й мы ж на сваёй зямлі, а гэтыя тут што забыліся? Рабаваць папросту хочуць. Цьху». 

Як стала ціха, выйшла на вуліцу. Адразу ў вочы чэргі людзей у банкаматы. Стаяць моўчкі. Ніхто не перагаворваецца і нават па тэлефоне не размаўляе. 

Амаль усё зачынена. Адна маленькая крама працуе, і на дзвярах вялікімі літарамі напісана: «Хлеба няма». Там усярэдзіне некалькі чалавек. Мужчына звычайным голасам звяртаецца да прадавачкі: «Мне дзве, ай не, тры пляшкі гарэлкі, піва пакунак вазьму, каб несці зручней было, ну і трэба нешта яшчэ ўзяць. Можа, тое кольца каўбасы, сыр у чырвоным пакеціку і нешта замест хлеба. А можа, пернікі гэтыя. З павідлам? Ну, што за… Хто дадумаўся пернікі з павідлам рабіць?! А калі вайна раптам? Як закусваць?!» Усе пачалі рагатаць. «Ну, сухары ўжо размялі, вось толькі пернікі ды падушачкі засталіся, але яны з шакаладнай памадкай», — патлумачыла прадавачка. 

Наступствы ракетнага ўдару ў Краматорску, люты 2023 года. Фота: AP Photo / Yevgen Honcharenko

Наступствы ракетнага ўдару ў Краматорску, люты 2023 года. Фота: AP Photo / Yevgen Honcharenko

На вуліцы трывожныя твары. На аўтобусным вакзале натоўп. Абвяшчаюць пра адмененыя маршруты. Таксіст кажа: «На Кіеў ніхто не паедзе зараз. Там, кажуць, танкі на дарозе ўжо бачылі. Літары на іх V i Z. Акружыць хочуць нас, напэўна. Калі затор будзе, то як ратавацца? Не варта рызыкаваць».

Пайшла ў бок чыгункі. Насустрач малады мужчына глядзіць у тэлефон. Убачыў мяне і раптам: «Збілі!!! Збілі гэтага гада!!! Лётчыка расійскага!!! Адлятаўся, с***!» Мы з ім абняліся, нібыта знаёмыя 100 гадоў. «Пераможам?» — запытваю. «Ну, як жа яшчэ?» — адказвае. І мы пайшлі кожны сваёй дарогай. Наперадзе быў вакзал, эпапея паездкі ў Кіеў і доўгія дні і ночы вайны…»

Клас
42
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
2
Сумна
22
Абуральна
2