Аляксей Селядцоў (злева) і Сяргей Бяззубенка
У Магілёве разгортваецца «справа ахоўнікаў і ўчастковых», у публічных базах мы знайшлі згадкі пра чатырох былых афіцэраў МУС, якіх абвінавачваюць у карупцыі. Але іх можа быць і больш.
Тры з іх праходзяць па адной справе па артыкулах 426 ч. 2 (перавышэнне ўлады), арт. 431 ч. 1 (даванне хабару), арт. 209 ч. 1, ч. 2 (махлярства). Ім пагражае да шасці гадоў турмы.
Першы з іх — капітан Аляксей Селядцоў.
Участковы Аляксей Селядцоў — сын міліцыянера, у органах з 2009-га, скончыў Беларуска-расійскі ўніверсітэт, «добры стратэг, перамоўшчык і юрыст», як пісаў рэгіянальны сайт МУС.
З ім жа ў кампаніі ўганараваны медалём «За бездакорную службу» трэцяй ступені камандзір узвода роты міліцыі Дэпартамента аховы Ленінскага раёна Магілёва Сяргей Бяззубенка.
Трэці ў гэтай кампаніі — Бадзілаў Сяргей Анатольевіч. Маёр міліцыі, камандзір роты міліцыі Кастрычніцкага аддзела Дэпартамента аховы Магілёва.
Па асобнай, але вельмі падобнай справе, адначасова судзяць і іншага магілёўскага ўчастковага Максіма Саскаўца па арт. 431 ч. 2 і ч. 1 (даванне хабару), арт. 209 ч. 2 і ч. 1 (махлярства), арт. 430 ч. 2 (атрыманне хабару), і арт. 212 ч. 2 (крадзеж маёмасці шляхам мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі).
Год таму магілёўская міліцыя выкладала відэа, дзе пенсіянерка, седзячы ў кватэры, выказвае Саскаўцу падзяку «за чуллівае стаўленне да грамадзян і прафесіяналізм».
У чым праштрафіліся міліцыянты?
Як стала вядома «Нашай Ніве», да турмы іх прывяла традыцыйная для лукашэнкаўскай міліцыі схема заахвочванняў.
Рэч у тым, што ў гэтай структуры прынята рабіць грашовыя падарункі кіраўнікам на святы, мерапрыемствы і гэтак далей.
Збіраюць грошы з усяго калектыву. Былыя супрацоўнікі красамоўна апісваюць прынятыя практыкі.
«Гэта ні для каго не сакрэт. Цяперашнія генералы таксама рэгулярна атрымлівалі грашовыя падарункі, калі служылі ў ГАУСах і ГУУСах. Дарылі і публічна, выдумлялі маскіроўкі. Няёмка ж, канечне, вось так уручаць, таму адзін раз пры мне прыдумалі такі спосаб — дорыцца мікрахвалёўка публічна. Гэта нібыта і звычайны падарунак. Але ўнутры яе клалі пакет з грашыма», — расказвае нам абазнаны афіцэр МУС.
У выпадку магілёўскіх участковых і дэпартамента аховы, праблемы выклікаў не сам факт пабораў, а тое, што частку з сабраных грошай збіральнікі пакідалі сабе. Гэтае прысваенне і стала, па інфармацыі «Нашай Нівы», асновай крымінальнай справы.