Бар Дзмітрыя на Мадэйры. Фота: асабісты архіў

Бар Дзмітрыя на Мадэйры. Фота: асабісты архіў

Незвычайны бар лёгка знайсці на мапе беларускіх бізнэсаў «BY Mapka». На прасторах Атлантычнага акіяна ў яго зусім няма канкурэнтаў, таму яркі чырвоны цэтлік на партугальскай выспе Мадэйра адразу кідаецца ў вочы. Ад Лісабона да Фуншала, галоўнага горада вострава, амаль 1000 кіламетраў, сюды часцяком наведваюцца турысты, у тым ліку і нашы землякі.

«Вядома, баяліся прагарэць, любы бізнэс — гэта 50 на 50» 

У 2015-м Дзмітрый і яго жонка пераехалі з Беларусі ў Польшчу. Мужчына паехаў туды вучыцца на біятэхнолага, а пасля асвоіў яшчэ і броварства. Тады ён вырашыў адкрыць свой бар.

«Спачатку броварства было як хобі, — расказвае Дзмітрый. — У 2019-м у Польшчы рынак быў перанасычаны, і я нейкі перыяд ездзіў варыць піва з Уроцлава ў Мінск. Даводзілася з Польшчы вазіць з сабой інгрэдыенты: дрожджы, чамадан хмелю».

У тым жа годзе Дзмітрый усё ж адкрыў свой бар ва Уроцлаве.

«Мы купілі бізнэс за 180 000 злотых (амаль 40,5 тысячы даляраў), гэта былі ашчаджэнні. За гэтыя грошы атрымалі адразу супрацоўнікаў, арэнднае памяшканне, абсталяванне, кухню. 

Бар Дзмітрыя ў Польшчы. Фота: асабісты архіў

Бар Дзмітрыя ў Польшчы. Фота: асабісты архіў

Само памяшканне было ў дрэнным стане, але нам спадабалася месца, у якім яно знаходзілася.

Ва Уроцлаве ёсць чыгуначная эстакада. Гэта вялікі мост, якому больш за сто гадоў. Ён даўжынёй амаль кіламетр. У апорах маста знаходзяцца бары. Сядзіш, а зверху едзе цягнік, люстры трасуцца. Вельмі атмасферна», — расказвае мужчына. 

Дзмітрый адзначае, што сярод складанасцяў пры адкрыцці бара ў Польшчы — атрыманне ліцэнзіі на продаж алкаголю. Гэта можа заняць некалькі месяцаў. 

Само памяшканне ў Дзмітрыя было адносна невялікае — 74 квадраты.

«Арэнда каштавала 6500 злотых (1460 даляраў), падчас пандэміі зрабілі вялікую зніжку, плаціў 1600 (337 даляраў)», — кажа ён.

Дзмітрый. Фота: асабісты архіў

Дзмітрый. Фота: асабісты архіў

«Вядома, баяліся прагарэць, любы бізнэс — гэта 50 на 50. З гастраноміяй яшчэ складаней, тут вялікая канкурэнцыя. Але ў нас было выразнае бачанне таго, што мы хочам».

Лакдаўн у пандэмію рэзка скараціў колькасць наведвальнікаў у барах і рэстаранах. Гэта сапсавала планы Дзмітрыя па набыцці абсталявання для варэння піва. 

«Дагэтуль прагрэс быў. Кожны месяц наш даход павялічваўся. Калі б не пандэмія, то ўсё павінна было скласціся нармальна. Прыбытак меркаваўся добры. 

У мяне было чатыры чалавекі персаналу: два на кухні, два ў зале. Пасля пандэміі засталося толькі два. Даводзілася самому некалькі дзён на тыдзень працаваць у якасці персаналу», — расказвае ён. 

Бар Дзмітрыя ў Польшчы. Фота: асабісты архіў

Бар Дзмітрыя ў Польшчы. Фота: асабісты архіў

У 2020-м Дзмітрый разам з жонкай паляцелі адпачываць на тыдзень на Мадэйру, дзе ў той час не было лакдаўну.

«Прыехалі, каб змяніць абстаноўку. А калі вярнуліся ў Польшчу, убачылі, што там усё яшчэ маркотна. І зноў паехалі на Мадэйру, дзе засталіся на чатыры месяцы. Вырашылі займацца тут крафтавым півам і прадаваць мексіканскую ежу. У цэлым гэтая ніша на Мадэйры незанятая», — расказвае суразмоўца. 

«У рамонт уклалі 30 000 еўра»

У лістападзе 2021-га Дзмітрый прадаў бізнэс ва Уроцлаве за 200 000 злотых (амаль 45 тысяч даляраў). Бар купілі праз два тыдні пасля падачы аб'явы. 

На Мадэйры мужчына доўга шукаў памяшканне. Пошукі занялі каля сямі месяцаў. 

«Знайшоў месца, але там быў класічны рэстаран партугальскай ежы, памяшканне нам зусім не падыходзіла, але пагадзіўся на яго, — тлумачыць ён. —

200 000 злотых нам хапіла, каб купіць бізнэс тут, але не хапіла на рамонт і мэблю. У гэта ўкладалі са сваіх ашчаджэнняў — 30 000 еўра. Сама кухня была».

Дзмітрый кажа, што на Мадэйры складана знайсці персанал. Мясцовыя проста не хочуць працаваць: мінімальны заробак у іх 780 еўра, а дапамога па беспрацоўі — 400.

«Многія мясцовыя жывуць у адным доме ці кватэры разам са сваякамі, здымаць жыллё не трэба, таму ім цалкам хапае дапамогі, людзі не бачаць сэнсу ў заробку. Яны згодныя, напрыклад, пайсці працаваць у «Макдональдс», дзе працоўны дзень заканчваецца раней, чым у бары.

Знайшоў работнікаў на кухню — хлопца з Бразіліі і дзяўчыну з Венесуэлы. Апошнія два месяцы барменам і афіцыянтам увесь час працаваў я. 

У Польшчы няма праблем з наборам персаналу. Людзі шукаюць працу. Я мог пакінуць персаналу ключы ад бара, а сам з'ехаць. Тут, калі мне трэба кудысьці паехаць, давядзецца зачыняць бар на нейкі час», — расказвае ён. 

Бар Дзмітрыя на Мадэйры. Фота: асабісты архіў

Бар Дзмітрыя на Мадэйры. Фота: асабісты архіў

Таксама няпроста на Мадэйры з пастаўкамі. 30-кілаграмовую бочку піва дастаўляюць на караблі, чакаць два тыдні. 

«Трэба добра планаваць. Напрыклад, можа быць шторм, карабель не зможа прышвартавацца, і піва даставяць няхутка», — заўважае Дзмітрый.

«Дынаміка вельмі добрая»

Сярод папулярных страў у бары — начас па 9 еўра за порцыю на дваіх, бурыта па 13 еўра.

«Падумалі, што мексіканская кухня і крафтавае піва добра спалучаюцца. У бары ва Уроцлаве ў нас было меншае меню, бо кухня маленькая была».

Самае таннае піва (250 мілілітраў) каштуе 2 еўра, самае дарагое (400 мілілітраў) — 8 еўра.

«Піва нам імпартуюць з мацерыка, звычайна яно з Лісабона, Порту, прыходзіць у бочках. А піва ў бутэльках — з Германіі, Іспаніі. Плануем тут пачаць варыць піва, але гэта яшчэ будзе няхутка», — кажа ён. 

Большасць гасцей бара — гэта экспаты і турысты. Ёсць на Мадэйры і беларусы.

«Дынаміка ў нас вельмі добрая. Адкрыліся ў другой палове снежня 2022-га, за месяц пакрылі заробак супрацоўнікам. Усё астатняе — камунальныя паслугі, арэнду (яна складае 1500 еўра, у жніўні вырасце да 2000), закупку — яшчэ не. 

Падатак тут прагрэсіўны. Чым большы даход, тым большы падатак. Ва ўладзе сацыялісты, як у Польшчы, таму ў фонд сацабароны адлічэнні вялізныя. Мой персанал плаціць у яго 11 працэнтаў, а я яшчэ павінен за іх заплаціць 12.

У гэтым месяцы ўжо павінна хапіць на заробак супрацоўнікам, арэнду і камунальныя», — дзеліцца Дзмітрый.

Гэты бар, як і безліч іншых беларускіх паслуг па ўсім свеце, можна адшукаць на мапе сэрвісу «BY Mapka». Цяпер на карту нанесена больш за 1700 пунктаў, сярод якіх можна знайсці паслугі ад нашых суайчыннікаў як у Польшчы ці Літве, так і ў Партугаліі, Іспаніі ці нават Аўстраліі. Створаны гэты сэрвіс для таго, каб нават у замежжы беларусы маглі падтрымліваць сваіх.

Чытайце таксама: 

Вы здзівіцеся, на чым беларусы зарабляюць у Варшаве, Гданьску, Стакгольме і іншых гарадах за мяжой

«У Мінску меў кар'еру, а тут пачаў з маляра і жыву ў доме з джакузі». Як беларус перабраўся ў Каліфорнію

«Умею даіць карову, пячы пірагі, ткаць». Малады чалавек знайшоў сябе ў глыбінцы і цяпер улюбляе ў яе турыстаў

Беларусы адкрылі ў Вільні карчму ў доме, дзе Каліноўскі збіраўся з паўстанцамі

Клас
45
Панылы сорам
0
Ха-ха
2
Ого
4
Сумна
4
Абуральна
5