Meta запусціла паслугу падпіскі пад назвай Meta Verified, якая дазволіць карыстальнікам дадаваць жаданую сінюю птушачку ў свае ўліковыя запісы ў Instagram і Facebook за 15 долараў у месяц. Запаветная сіняя птушачка ў назве профілю значыць, што карыстальнік «афіцыйна» пацвердзіў сваю асобу. Пра новаўвядзенне паведаміў у мінулую нядзелю яе выканаўчы дырэктар Марк Цукерберг.

Паслуга падпіскі, спачатку разгорнутая ў Новай Зеландыі і Аўстраліі, з гэтага тыдня каштуе 11,99 долара на месяц для вэб-версій або 14,99 долара для iOS і Android. Meta дазволіць карыстальнікам пацвярджаць сваю асобу з дапамогай выдадзеных урадам пасведчанняў асобы. Кампанія заявіла, што паслуга па падпісцы таксама будзе прапаноўваць «павялічаную бачнасць і ахоп», палепшаную абарону ад выпадкаў, калі карыстальнікі выдаюць сябе за іншых асоб, і непасрэдны доступ да кліенцкай службы падтрымкі.

Як паведамляе выданне Techcrunch, даходы Meta пацярпелі ў апошнія гады пасля ўвядзення кампаніяй Apple строгіх змен прыватнасці ў iOS, якія скарацілі здольнасць сацыяльных сетак адсочваць дзейнасць карыстальнікаў у інтэрнэце. Meta, якая зарабляе амаль усе свае грошы на рэкламе, заявіла ў мінулым годзе, што такі крок Apple будзе каштаваць кампаніі Цукерберга больш чым 10 мільярдаў даляраў страчанага даходу ад рэкламы ў 2022 годзе.

Увядзенне паслугі падпіскі становіцца папулярным крокам сярод кампаній, якія валодаюць сацыяльнымі сеткамі. Так сацыяльная платформа Snap у мінулым годзе запусціла сваю ўласную службу падпіскі, з дапамогай якой яна ўжо ператварыла больш за мільён карыстальнікаў у платных кліентаў. Гэтак жа Ілан Маск абнавіў службу падпіскі Twitter: цяпер Twitter Blue будзе прапаноўваць шэраг дадатковых функцый, уключаючы сінюю птушачку. За апошнія месяцы Twitter пашырыў Twitter Blue на больш чым тузін рынкаў, уключаючы Індыю і Інданезію. Але пакуль, па стане на сярэдзіну студзеня, толькі каля 180000 акаўнтаў падпісаліся на Twitter Blue.

Маск, заўзяты крытык сэрвісаў Facebook, робіць стаўку на ператварэнне Twitter Blue ў асноўны фактар ​​даходу для сеткі, якую ён набыў у мінулым годзе за 44 мільярды долараў. Утрапёны мільярдэр раскрытыкаваў папярэднюю ідэю верыфікацыі толькі асобных акаўнтаў, сцвярджаючы, што функцыя павінна быць адкрытая для ўсіх. Тыя, хто атрымаў сінюю птушачку без падпіскі на Twitter Blue, у рэшце рэшт страцяць яе, заяўляў ён раней.

Сіняя птушачка ўжо даўно з'яўляецца адной з жаданых функцый на платформах сацыяльных сетак. Раней гэты знак быў зарэзерваваны для грамадскіх дзеячаў: палітыкаў, акцёраў, музыкаў, спартсменаў, журналістаў і г. д.

Тым часам у Meta паспяшаліся супакоіць карыстальнікаў хаця б на першы час. «Пакуль мы ўсё правяраем і вывучаем, не будзе ніякіх змен ва ўліковых запісах Instagram і Facebook, якія ўжо прайшлі верыфікацыю на аснове папярэдніх патрабаванняў, уключаючы сапраўднасць і вядомасць», — заявілі ў Meta.

Кампанія Meta, чые акцыі нарэшце выраслі за апошнія некалькі тыдняў, цяпер перажывае не найлепшыя часы з-за жорсткай рэакцыі рынкаў на яе грандыёзнае бачанне «метасусвету», які яна намагаецца стварыць. Кампанія, якая звольніла каля 11000 супрацоўнікаў за апошнія два месяцы, паабяцала скараціць свае выдаткі на амбітны праект; і на гэтым фоне паведамляецца пра яшчэ адно звальненне неўзабаве.

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0