«Большасць выступае за тое, каб спартсмены з Расіі і Беларусі не ўдзельнічалі ў Алімпійскіх гульнях у Парыжы ў наступным годзе», — заявіў міністр спорту Польшчы Каміль Бартнічук пасля сённяшняй анлайн-сустрэчы спартыўных прадстаўнікоў больш чым 30 краін.

Большасць выступленняў — за выключэннем Грэцыі, Францыі, Японіі — прагучала менавіта ў такім тоне, сказаў Бартнічук. Але пры гэтым ён адзначыў, што пакуль не прынята рашэнне аб магчымым байкоце мерапрыемства ў выпадку допуску да гульняў беларускіх і расійскіх спартсменаў.

«На гэтым этапе так ставіць пытанне бессэнсоўна. Мы павінны даць Міжнароднаму алімпійскаму камітэту час паразважаць. Пры гэтым я дакладна засведчыў, што гэта сцэнарый, які мы не павінны выключаць», — падкрэсліў польскі міністр.

У той жа час Бартнічук прэзентаваў ідэю альтэрнатыўнага рашэння — стварэнне прадстаўніцтва для бежанцаў, у якую ўвайшлі б праціўнікі рэжымаў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі.

«Гэта было прынята як цікавая канцэпцыя, якая можа быць асновай для перамоў з МАК», — адзначыў Бартнічук.

У канцы студзеня Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) абвясціў, што расіянам і беларусам дазволяць спаборнічаць у французскай сталіцы, праўда, без магчымасці дэманстрацыі нацыянальных колераў і выканання гімнаў. Яны будуць змагацца за алімпійскія ліцэнзіі на спаборніцтвах у Азіі. 

Такое рашэнне падтрымалі не ўсе. Нацыянальныя алімпійскія камітэты Украіны, Польшчы, краін Балтыі і Паўночнай Еўропы ўжо выказаліся супраць такой схемы. Яны лічаць, што «да заканчэння варварскай вайны ва Украіне ніякія расійскія і беларускія спартсмены не павінны браць удзел ні ў якіх міжнародных спаборніцтвах, у тым ліку ў Алімпійскіх гульнях.

Клас
20
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
1