У галіне міжнародных спраў адзначаецца, што за гэты час падрыхтаваны макет агульнаграмадзянскага пашпарта новай Беларусі і вядуцца перамовы аб міжнародным прызнанні такога дакумента, удалося дабіцца стварэння Радай Еўропы Кантактнай групы Рады Еўропы па адносінах з Беларуссю. Пачалі працу місія дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі і прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі ў Празе, а таксама павялічаная дапамога Еўрасаюза для грамадзянскай супольнасці Беларусі на наступны год.

З Міністэрствам унутраных спраў Літвы ўзгодненая працэдура пацвярджэння Кабінетам беларускага грамадзянства і гісторыі пераследу асобаў, якія страцілі беларускі пашпарт або не могуць працягнуць тэрмін яго дзеяння. Выпрацаваная рамачная пазіцыя па новым геапалітычным выбары Беларусі.

Што тычыцца Украіны, то прадстаўнікі Кабінета наведвалі яе з працоўнымі візітамі, наладзілі сталае супрацоўніцтва з дзяржаўнымі ўстановамі Украіны па профільных кірунках дзейнасці, прынялі ўдзел у беларуска-ўкраінскім форуме ў Львове. Таксама прадстаўнік Кабінета па замежных справах узгадніў з Нацыянальным банкам Украіны алгарытм спрошчанай падачы заявак на разблакіроўку рахункаў беларускіх грамадзян ва ўкраінскіх банках.

Для сілавога блока адзначаецца, што прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык пачаў рэалізацыю плана матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне. Байполам у некалькіх гарадах Польшчы і Літвы былі створаныя Харугвы, пачало працаваць «Паспалiтае рушэнне» Сахашчыка.

Акрамя таго, прадстаўніцтва па аднаўленні законнасці і правапарадку падрыхтавала групы спецыяльнага прызначэння і адкарэктавала план «Перамога» з улікам новых грамадска-палітычных абставін. Акрамя таго, вялося рознымі спосабамі інфармаванне замежнай грамадскасці пра рэпрэсіі ў Беларусі і іншыя злачынствы рэжыму. 

Кабінет сфармаваў і абгрунтаваў пазіцыю аб неабходнасці гарманізацыі санкцый у дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі і разаслаў яе еўрачыноўнікам і прадстаўнікам заходніх урадаў. Таксама ён выпрацаваў прапановы па пашырэнні санкцыйных спісаў і ўдасканаленні санкцыйнага ціску. 

Прадстаўнік па транзіце ўлады накіраваў звароты ў дзяржаўныя органы ўлады Літвы, Чэхіі, Украіны з абгрунтаваннем неабходнасці прызнання КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі, і да іх прыслухаліся.

Таксама прадстаўніцтвам па транзіце ўлады падрыхтаванае абгрунтаванне магчымасці прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі за парушэнне Канвенцыі супраць катаванняў 1984 года.

Быў запушчаны праект «Кадравы рэзерв для новай Беларусі» для падрыхтоўкі неабходных кваліфікаваных кадраў для транзітнага перыяду. Апрацавана 170 заявак на навучанне, 17% з якіх падалі асобы, якія працуюць у дзяржаўным сектары. Сфармаваны план пілотнай адукацыйнай праграмы.

У сферы дапамогі палітзняволеным распачалі працу па стварэнні міжнароднага Фонду для рэабілітацыі рэпрэсаваных, таксама выпрацаваная пазіцыя і распачатая падрыхтоўка да магчымых перамоў з рэжымам па пытанні вызвалення палітзняволеных.

У сферы нацыянальнай культуры і адукацыі Кабінет дамовіўся, што Польшча далей будзе прызнаваць беларускія дыпломы і пасведчанні аб адукацыі, атрымаў згоду на стварэнне сеткі беларускіх школ выхаднога дня на тэрыторыі Польшчы, дабіўся, каб пры залічэнні беларускіх студэнтаў у польскія ВНУ былі спрошчаныя патрабаванні аб прадастаўленні дакументаў.

Польскія ўлады пагадзіліся на прапанову Кабінета пашырыць падтрымку рэпрэсаваных беларускіх настаўнікаў, выкладчыкаў і навучэнцаў, а таксама прынятае рашэнне пра стварэнне сумеснай рабочай групы Кабінета і Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы для сталага супрацоўніцтва.

У супрацоўніцтве з беларускімі культурніцкімі арганізацыямі заснаваны Інстытут беларускай кнігі, які будзе вырашаць задачы па развіцці беларускай кніжнай справы насуперак рэпрэсіўным захадам рэжыму, таксама створаныя працоўныя групы, якія займаюцца распрацоўкай транзітнага перыяду ў адукацыі для новай Беларусі.

Клас
22
Панылы сорам
4
Ха-ха
7
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1