Адвакаты медыяменеджара знаходзяцца пад пагрозай пазбаўлення ліцэнзіі і звязаныя жорсткімі ўмовамі неразгалошвання «таямніцы следства», таму ад усялякіх каментарыяў устрымліваюцца.

На гэты момант вядома, што Канстанціну Залатых прад’явілі шэраг сур’ёзных крымінальных артыкулаў, на падставе аднаго з іх медыяменеджара мінулай вясной і затрымалі — нібыта за «распальванне варожасці». Максімальная санкцыя прадугледжвае за гэта да 10 гадоў зняволення.

Неўзабаве справу Канстанціна Залатых перададуць на азнаямленне пракурору для далейшага накіравання ў суд. Да заканчэння працэсу фігурант будзе заставацца ў мінскім СІЗА №1.

18 мая 2022 года супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі затрымалі дырэктара найстарэйшай эканамічнай газеты краіны «Белорусы и рынок» Канстанціна Залатых, галоўнага рэдактара Андрэя Александровіча і бухгалтарку Юлію Кахно.

Пасля допыту Андрэя Александровіча і Юлію Кахно адпусцілі, а Канстанцін Залатых толькі праз некалькі дзён знайшоўся ў жодзінскім следчым ізалятары. Мяркуючы па змесце пратакола, папярэдняй прычынай надзвычайнай увагі значылася «распальванне варожасці» (арт. 130 Крымінальнага кодэкса).

На пачатку чэрвеня праваабарончая супольнасць прызнала Канстанціна Залатых палітычным зняволеным.

У жніўні фігуранта перавялі з Жодзіна ў СІЗА №1 Мінска, там яго ўтрымліваюць дагэтуль.

Канстанцін Залатых — медыйны менеджар і вытворчы адміністратар, супрацоўнічаў з вядучымі незалежнымі СМІ і буйнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі.

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
9