Наста Кудасава. «Побач»

Магчыма, менавіта Наста напісала самы знакаміты тэкст часу пратэстаў і рэпрэсій 2020 года. Тэкст, у якім прыслухоўваецца да імені, якое зрабілася злавесным праз следчы ізалятар на вуліцы Акрэсціна. Разам з тым сам Акрэсцін — лётчык, які самаахвярна загінуў на вайне для перамогі святла над цемрай. Але лёс сённяшняй установы так перайначыў гэтае імя, што мы разумеем, што цемра зноў згусцілася, а сам подзвіг у хвіліну адчаю здаецца марным.

Марыя Мартысевіч. «Водападзел»

Мартысевіч працуе не з адной інтанацыяй ад пачатку да канца, а, так бы мовіць, на кантрасце: сутыкаючы несутыкальнае і сумяшчаючы несумяшчальнае, пераскокваючы з высокіх рэгістраў у нізкія, смеючыся там, дзе банальная рэакцыя падказвае плач і наадварот. Любоў да гэтых вершаў патрабуе большай працы і падрыхтоўкі.

Вальжына Морт. «Песні для мёртвых і ўваскрэслых»

Вальжына працуе на стыку розных культур і моў. Яна — двухмоўная аўтарка, піша па-беларуску і па-англійску, нясе сваю беларускую ідэнтычнасць у амерыканскую культуру, а на тэрыторыю беларускай мовы і традыцыі кантрабандай працягвае іншыя спосабы светабачання і паэтычнага пісьма. Творачы так, як да яе ў беларускай паэзіі не рабіў ніхто.

Юлія Цімафеева. «Воўчыя ягады»

Цімафеева напісала колькі балючых і вострых тэкстаў пра пратэсты і рэпрэсіі, пра гвалт і прымус, пра турму і карнікаў, пра новыя абліччы беларускага фашызму. Так склалася, што Юля на ўзроўні сям'і сутыкнулася з карнікамі і рэпрэсіямі. Яе родны брат, музыка гурта Irdorath Пятро Марчанка, быў арыштаваны, атрымаў 1,5 года калоніі і дзень у дзень адсядзеў свой тэрмін.

Ганна Янкута. «Канстытуцыя»

Янкута звяртае ўвагу на ўнікальную хваробу Куру, на якую хварэюць толькі людажэры. Хвароба небяспечная і невылечная. Тэкст паэткі — свайго роду даследаванне беларускай немачы, на якую хварэюць канібалы, якія выраслі на шыі беларускіх падаткаплатнікаў у гэтыя дзесяцігоддзі. Выраслі ў вялізнага монстра, але дарэмна думаць пра сваю беспакаранасць. Эпідэмія, якая прыходзіць да людажэраў, — бязлітасная і невылечная.

Беларуская паэзія — невычэрпны космас, а сучасная жаночая паэзія яскрава адгукаецца на сённяшнія выклікі, таму ставім падабайкі, каментуем і дзелімся гэтым відэа з сябрамі і сяброўкамі.

Глядзіце таксама:

«Простыя словы» Міхала Анемпадыстава — песня нашых дваровых пратэстаў. Новае ВІДЭА на канале Андрэя Хадановіча

Алесь Бяляцкі: Нобелеўская прэмія за любоў да беларусаў. Новае ВІДЭА на канале Андрэя Хадановіча

Як захаваць у сабе агонь чалавечнасці? Чаму нас вучыць літаратура постапакаліпсісу. Новае ВІДЭА на канале Андрэя Хадановіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0