Днямі ў рэдакцыю «Медыя-Палесся» звярнулася пінчанка з просьбай апублікаваць варыянты прапанаваных вакансій выпускнікам каледжа. У двух з іх памер аплаты працы быў крыху большы за 250 рублёў.

Дырэктар каледжа Генадзь Палікоўскі пракаментаваў, што арганізацыі (заказчыкі кадраў) у пісьмовых запытах паказваюць толькі службовы аклад — без уліку надбавак і прэмій. Калі ідзе налічэнне поўнага заробку, тады выходзяць, нібыта, зусім іншыя сумы.

Аднак з нагоды прэмій і надбавак да зарплаты бацькам і выпускнікам нічога не растлумачылі.

Па словах Генадзя Палікоўскага, выпускнікі працуюць не толькі на пінскіх прадпрыемствах, але і ў Мінску. Напрыклад, на «Мілавіцы» былыя выпускнікі атрымліваюць зарплату каля 1700 рублёў на месяц, жывуць у інтэрнаце, за які плацяць 48 рублёў на месяц, і цалкам задаволеныя ўмовамі працы і сацпакетам.

Аднак у спісе вакансій «Мілавіцы» сёлета няма.

Як сцвярджае дырэктар каледжа, за два-пяць гадоў можна стаць канкурэнтаздольным спецыялістам на рынку працы і атрымаць важныя прафесійныя кампетэнцыі. Але галоўны прывілей, паводле яго слоў — абарона ад звальнення на працягу двух гадоў і тое, што маладому спецыялісту не могуць усталяваць выпрабавальны тэрмін і яго не могуць звольніць на аснове такой фармулёўкі, як «неадпаведнасць займанай пасадзе або выкананай працы з прычыны недастатковай кваліфікацыі».

Клас
2
Панылы сорам
28
Ха-ха
11
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
3