Калі спрошчана, праца тут пабудаваная так: вы пакідаеце ў заклад, напрыклад, смартфон на месяц, атрымліваеце грошы і затым выкупляеце яго з адсоткамі — на іх ламбард і жыве. Не выкупілі за адведзены тэрмін — ёсць яшчэ 30 дзён, пасля чаго ламбард сам рэалізуе тавар, і ніхто нікому нічога не павінен. 

— Ламбарды ёсць у любым раёне горада, а не толькі ў «спальніках». Самы папулярны раён — Сухарава, — запэўнівае спецыяліст па ламбарднай дзейнасці Вольга Гардзіевіч. — Тут шмат новабудоўляў, і ён мяжуе з некалькімі раёнамі: Паўднёвы Захад, Малінаўка, Захад, Каменная Горка. Бо ламбардаў вельмі шмат, людзі глядзяць тыя, што знаходзяцца каля дома ці працы. 

Папярэдні год для ламбардаў выдаўся ўдалым (нехта нават кажа, што ён быў самым лепшым). Звязана гэта з павялічанай патрэбай насельніцтва: маўляў, апетыты павысіліся, цэны падняліся, а заробак затрымлівалі часцей. Бывала, што ў кропках бракавала гатоўкі, каб выдаць мікрапазыкі ўсім жадаючым. 

— Часцей за ўсё людзі прыходзяць перад святамі: патрэбныя грошы на падарункі, альбо не хапае сродкаў пасля іх пакупкі. Улетку мяняюць тэхніку на мора, — працягвае Вольга Гардзіевіч. 

Канкурэнцыя ў гэтым сегменце, мякка кажучы, высокая, бывае, што на адным пятачку ў дыяпазоне некалькіх метраў размяшчаюцца тры-чатыры ламбарды. Кліентаў прывабліваюць працэнтнымі стаўкамі і ацэнкай тавараў: недзе ваш пыласос не возьмуць, а недзе ўбачаць у ім прэтэндэнта на вітрыну. Колькі наведвальнікаў за месяц трэба, каб ламбард трымаўся, не кажуць, бо справа не ў колькасці людзей, а ў сумах пазык. 

«Камусьці рэзка трэба адрамантаваць зубы — вось і нясуць рэчы ў ламбард»

На ламбарды часта глядзяць скоса: працэнты — дзікія, частка кліентуры выклікае сумневы, а ніхто не хоча асацыяваць сябе са злодзеямі ды наркаманамі. Але, можа, усё не так дрэнна? 

— Чым вышэйшая фінансавая пісьменнасць у людзей, тым больш у нас кліентаў, таму што яны разумеюць, што марнуюць менш часу на афармленне, — запэўнівае спецыяліст па ламбардах. 

Пакуль вы думаеце, як звязаныя марнаванне часу на афармленне папер і мікразаём пад адчувальны адсотак, распавядзём вам пра свежы інцыдэнт. Тыдні два таму адзін такі «фінансава пісьменны» вырашыў зарабіць. План быў просты: з дапамогай нажа запалохаць супрацоўніцу, узяць з касы ўсю дробязь і схавацца. Так за некалькі гадзін 22-гадовы хлопец атрымаў толькі статус падазраванага. 

— Такое можа быць. Небяспечная ў нас праца, але ёсць кнопка, міліцыя прыязджае імгненна, за 3-4 хвіліны. Ды тут і красці няма чаго, бо ўсё золата і вялікія сумы захоўваюцца ў сейфе, яго панесці будзе складана, а ў касе раніцай грошай можа і не быць.

 

І сапраўды, абарона і сістэма аховы ў ламбардаў круцейшая, чым у ювелірных крамах: рашоткі на вокнах, некалькі кнопак пад сталом, такая ж кнопка на бірульцы, некалькі камер відэаназірання, сейф і шкло паміж таваразнаўцам і кліентам. Толькі тут супрацоўнік знаходзіцца сам-насам з наведвальнікам і па суседстве няма вялікай колькасці людзей — вось і ўся розніца. 

— Асноўная прычына звароту — галеча: людзям не хапае грошай да зарплаты або пенсіі. Камусьці рэзка трэба адрамантаваць зубы, аплаціць лекара ў прыватнай клініцы. Ёсць стэрэатыпы, што да нас ходзяць пенсіянеры і алкаголікі, але гэта не так. 

Калі чалавек не мае дакументаў, то рэч можа быць крадзенай. Але зноў жа ёсць пастаянныя кліенты, якія носяць адну і тую ж рэч. Мы ведаем, што чалавек яе выкупіць і што належыць яна яму. Людзям тэрмінова патрэбныя грошы, дык яны тэлефон з кішэні дасталі, гадзіннік з рукі знялі — і здаюць. 

Вызначыць, крадзеная рэч ці не, проста, толькі калі, напрыклад, хлопец прынясе жаночыя завушніцы. У астатнім усё, што мы можам рабіць, — гэта задаваць пытанні і глядзець на рэакцыю. Яшчэ вельмі часта ў крадзеных тэлефонах не выходзяць з акаўнтаў ці не мяняюць фота на застаўцы. 

Міліцыю ў такіх выпадках адразу не выклікаюць: гэта ўсяго толькі падазрэнні, якія яшчэ ідзі дакажы. Таму проста адмаўляюць у пазыцы, а тое, што падазроны грамадзянін здасць тавар у ламбард праз дарогу, нікога не хвалюе. 

Пенсіянеры носяць золата, моладзь — тэхніку

Не ўсе ведаюць, але ў ламбард, акрамя золата, можна здаць практычна любы каштоўны прадмет: ювелірныя, футравыя вырабы, гадзіннік, манеты, антыкварныя, брэндавыя рэчы, лічбавую, бытавую, будаўнічую тэхніку, прафесійнае абсталяванне, інструменты і нават аўтамабілі.

 

Рэчы бяруць пад заклад на розных умовах: хтосьці патрабуе каробку, дакументы, чэкі, а камусьці ўсё роўна, хоць эпілятар выкарыстаны прынось. Справа ў тым, што ідэальны ламбард так і павінен працаваць — пры ўмове, што рэчы абавязкова выкупяць. Золата ў якасці закладу, вядома, варыянт бяспройгрышны, бо яго здаюць дзяржаве. Па іншых рэчах ужо глядзяць: дзесьці цяжка вызначыць кошт, дзесьці патрэбнае месца для захоўвання. А з тымі ж футрамі дык наогул галаву зламаць можна: паесць моль — і куды яе?

 

Як вызначаюць кошт рэчаў? Адказ здзівіў: шукаюць такі ж тавар на «Барахолцы» і падобных пляцоўках. Не знайшлі — раяцца са старэйшымі, гугляць вытворцаў і чорт яго ведае як, але называюць свой кошт (ці адмаўляюць).

— Бывае, прыносяць вялікія стразы і запэўніваюць, што гэта брыльянты. Могуць прынесці DVD ці відзік, крышталь, антыкварныя рэчы з СССР… Неяк нават халадзільнік прывозілі. Зубныя каронкі сапраўды яшчэ здаюць (толькі яны павінны быць пачышчаныя) — там вельмі высокая спроба, і вага ў іх добрая.

Адзін раз прынеслі пакет, кажуць: паглядзіце, можа, нешта падыдзе. А там машынка для стрыжкі разам з валасамі. Бывае, пыласос прынясуць са смеццем: ну вельмі тэрмінова чалавеку патрэбныя грошы. Ёсць кліенты, якія здаюць ровары проста на захоўванне, каб месца дома не займалі, — выходзіць каля 2 рублёў за дзень.

 

Бывае, што рэч у ламбардзе ляжыць гадамі.

— Калі прадалі рэч кліента даражэй, чым ён павінен нам з улікам працэнтаў, мы абавязаныя вярнуць гэтую розніцу. Тэлефануем, просім прыйсці, нават калі розніца 50 капеек.

З ювеліркі часцей за ўсё здаюць заручальныя пярсцёнкі — яны ёсць амаль ва ўсіх. Мужчыны так наўпрост і кажуць: «Мне трэба з сябрамі сустрэцца, жонка ў камандзіроўцы — што мне, грошай у суседа прасіць? Лепш занясу, а праз пяць дзён назад выкуплю, пару рублёў пераплачу, і ўсё». 

Ёсць адзін нюанс для тых, хто не забірае сваю маёмасць з ламбардаў: любы банк бачыць, што ў вас заклад ці што вы не змаглі выкупіць сваю рэч. Адсюль з'яўляюцца сумневы ў вашай плацежаздольнасці, і ёсць рызыка пачуць «не» пры афармленні крэдыту. Таму калі мэта — менавіта продаж, то золата рэкамендуюць здаваць у скупку, а непатрэбныя рэчы рэалізоўваць на барахолках (тут з тэрміновасцю могуць быць праблемы).

 

— Пры ацэнцы ювелірных вырабаў камень адымаецца, яго замераць і вызначаюць вагу — ёсць цэлая табліца. Калі золата прыносяць без пробы, яе даведваюцца з дапамогай спецыяльных рэактываў. Працэдура ацэнкі займае пяць хвілін.

 

Прадаём золата ў розныя ламбарды. Разбежка пры ацэнцы — амаль 20%

А зараз паспрабуем здаць гадзіннік. Швейцарскіх не знайшлі, ды і з імі было б сумна (зразумела, што забяруць без лішніх пытанняў), таму ўскладняем квест і здаём старыя кітайскія. У пару да іх просім вызначыць кошт залатога ланцужка.

 

 У ламбардзе «СелектПромФінанс» залаты ланцужок вагой 1,475 грама, абліўшы рэактывам і вызначыўшы 585-ю пробу, ацанілі ў 88 рублёў. Запэўніваюць, што ўсярэдзіне ёсць спружына, якая не з золата. Яшчэ сказалі, што здаць можна і танней, тады і пераплаты па працэнтах будуць меншыя.

 

Гадзіннік, як і золата, вывучаюць праз павелічальнае шкло ў пошуках сколаў. Кошт манітораць у інтэрнэце на розных барахолках. Калі там не знаходзяць, лезуць на замежныя сайты, каб хоць ад нечага адштурхнуцца. Тут іх ацанілі ў 50 рублёў, праз 30 дзён буду выкупляць за 54 рублі з капейкамі. Можна і патаргавацца, але гэты прывілей даступны толькі пастаянным кліентам.

 

Наступным быў «ЕўраЛамбард». Праз дарогу за той жа ланцужок можна атрымаць на 7 рублёў больш (ацанілі ў 95). Гадзіннік тут не ўзялі: кажуць, мінімальная драпіна ці скол — і будуць праблемы з продажам, лепш перастрахавацца.

 

Вітрына тут выглядае «багацей». Асабліва ўразілі эпілятары, баян, кальян і розныя кухонныя рэчы. Таксама быў дарагі гадзіннік. Ды і з золатам тут абыходзяцца крыху інакш. Рэактыў на выраб не льюць. Спачатку ланцужок труць аб камень, а ўжо яго ўвільгатняюць растворам. Палітыка — браць усё паводле інструкцыі. 

— Гадзіннік — гэта ўсюды супернеліквід, асабліва дарагія. Бывае, іх па два гады прадаюць. Яшчэ з імі лёгка памыліцца, напрыклад заплаціць больш, чым яны каштуюць. Калі рэч дарагая, прыедзе чалавек і паглядзіць, — тлумачыць супрацоўнік ламбарда Уладзіслаў. — Пакуль не пачаў тут працаваць, таксама думаў, што ламбард — гэта месца, куды носяць крадзенае. Але цяпер меркаванне памянялася. Мы хочам разбурыць гэты стэрэатып, каб людзі ўспрымалі нас як паўнавартасную краму тэхнікі, дзе цябе пракансультуюць. 

— Добра разбіраецеся ў тэхніцы, каб кансультаваць? 

— Гэта прыходзіць з вопытам. Магу разабрацца ў тым, чым карыстаюся сам, а вось тэхніку, якую бачыў два разы ў жыцці, загуглю ці спытаю ў калег. 

Трэці ламбард — «Крафтэх». 

— Гадзіннік прымаем толькі са скрынкай і дакументамі. 

— Гэта каб пераканацца, што ён мой?

— І з дакументамі крадзенае прыносяць, гэта не панацэя, проста так шанец продажу вышэйшы.  

Ланцужок тут ацанілі даражэй за ўсё — у 100 рублёў.

Апошнім быў «Універсальны ламбард». Гадзіннік хоць і абазвалі кітайскім тандэтам, але за яго гатовыя даць 30 рублёў! Ужо нешта. За ланцужок прапанавалі 85 рублёў.

 

Чаму ва ўсіх розная цана на адзін і той жа ланцужок?

— Залежыць ад ацэнкі. Глядзім па вазе, вонкавым фактары. Ланцужок у вас выдзьмуты, і ў ім ёсць спружына, таму робіцца зніжка.

Просты эксперымент і простае заключэнне: заўсёды знойдуцца тыя, хто зробіць больш прывабную прапанову. Балазе вагі паказалі аднолькавую вагу ўсюды. Пры звароце ў ламбард лепш сябраваць з арыфметыкай і мовамі і ўважліва азнаямляцца з дамовай пры афармленні.

Клас
16
Панылы сорам
3
Ха-ха
4
Ого
6
Сумна
5
Абуральна
9