Аўкцыён па продажы камяніцы пройдзе 16 лютага.
Гэта ўжо трэція таргі за паўтара года, у параўнанні з мінулым аўкцыёнам цана была зніжаная на 30%.
Упершыню будынак хацелі прадаць восенню 2021 года за 1,159 млн даляраў паводле тагачаснага курса, аднак пакупніка не знайшлося.
На наступных таргах стартавы цэннік знізілі на 20% — да 925 тысяч даляраў, але зноў няўдала.
Цяпер трохпавярховы цагляны будынак агульнай плошчай 2,2 тыс. кв. метраў хочуць прадаць з аўкцыёну па стартавай цане 2 041 561 рубель (каля 780 тысяч даляраў).
Будучы ўласнік павінен перарабіць пабудову пад памяшканне грамадскага прызначэння, гэта значыць не выкарыстоўваць пад жыллё або вытворчасць. Праект рэканструкцыі трэба абавязкова зацвердзіць, а завяршыць яе — не пазней за чатыры гады з моманту пакупкі.
Апошнія гады будынак займаў інтэрнат Гродзенскага медуніверсітэта, у 2020-м жыхароў рассялілі з-за дрэннага стану памяшкання. У картцы аб'екта пазначаны 1882 год пабудовы, але гэта, хутчэй за ўсё, дата адной з перабудоў.





