Бахмут. Фота: AP Photo/LIBKOS
Напярэдадні неназваны амерыканскі чыноўнік з Белага дома заявіў журналістам, што Украіне трэба засяродзіцца на падрыхтоўцы да вясновага контрнаступлення, а не на абароне Бахмута любой цаной.
Эксперты ISW, у сваю чаргу, прызнаюць, што абарона Бахмута цягне за сабой значныя выдаткі, у прыватнасці, магчыма, перашкаджае Украіне весці контрнаступальныя аперацыі ў іншых раёнах. Аднак яны падкрэсліваюць, што Украіне давялося б таксама заплаціць значную цану, калі б яна дазволіла расійскім войскам лёгка ўзяць Бахмут.
Сам па сабе Бахмут не мае ні аператыўнага, ні стратэгічнага значэння для вайскоўцаў, але калі б расійскія войскі ўзялі яго адносна хутка і з малымі выдаткамі, яны маглі б разлічваць на пашырэнне наступальных аперацый. У выніку Украіне давялося б спешна будаваць абарончыя пазіцыі на менш спрыяльнай мясцовасці, піша ISW.
Нельга таксама скідаць з рахункаў «палітычную» мэтазгоднасць дзеянняў украінскіх уладаў, якія ўзялі на сябе абавязацельства па абароне Бахмута. Расійскія сілы акупавалі ўжо больш за 100 тысяч кв. км украінскай тэрыторыі, уключаючы некалькі гарадоў, і здзяйсняюць злачынствы ў дачыненні да ўкраінскага мірнага насельніцтва на акупаваных тэрыторыях. Палітычныя і вайсковыя лідары цалкам разумна ўлічваюць гэтыя фактары падчас прыняцця рашэнняў.
Амерыканцам не даводзілася рабіць такі выбар з 1865 года, і можна дапусціць, што гэтыя меркаванні былі б для іх вельмі значнымі, калі б з такімі ж пагрозамі сутыкнуліся амерыканскія гарады, падкрэсліваюць эксперты.
Паступовае знясіленне
Украінскія сілы ўжо выкарыстоўвалі аналагічную мадэль паступовага знясілення праціўніка, прымушаючы расійскіх вайскоўцаў некалькі месяцаў несці вялікія страты ў асабовым складзе і тэхніцы дзеля нязначных тактычных поспехаў.
У пачатку лета 2022 года расійскія войскі месяцамі спрабавалі прарваць эфектыўную ўкраінскую абарону ў Севераданецку і Лісічанску, захапіўшы Лісічанск толькі пасля кантраляванага сыходу ўкраінцаў з гэтага раёна. Аднак неўзабаве выявілася, што захоп Лісічанска не прынёс расійскім вайскоўцам аператыўных поспехаў, расійскае наступленне ў гэтым раёне фактычна захлынулася. Украінская абарона Бахмута, верагодна, будзе спрыяць аналагічнаму выніку — расійскія сілы перакідаюць у гэты раён вайскоўцаў і тэхніку з мая 2022 года, але пакуль не дамагліся якіх-небудзь значных поспехаў у аператыўных адносінах.
Цяпер, паводле ацэнак ISW, украінскія сілы фактычна ўтрымліваюць расійскія войскі і тэхніку ў раёне Бахмута, накіроўваючы туды ж усю ўвагу расійскага камандавання. Такім чынам яны не даюць Расіі працягваць наступленне ў іншых раёнах.
Асноўная прычына, па якой Украіна не можа скарыстацца гэтай сітуацыяй, — занадта павольныя пастаўкі зброі ад саюзнікаў, лічаць у ISW.