Саламе Зурабішвілі з Уладзімірам Зяленскім падчас візіту ў Кіеў у 2021 годзе. Фота: Ukrainian Presidential Press Office via AP

Саламе Зурабішвілі з Уладзімірам Зяленскім падчас візіту ў Кіеў у 2021 годзе. Фота: Ukrainian Presidential Press Office via AP

«Нам неабходна распрацаваць нарматыўныя акты — у працоўным заканадаўстве, пры рэгістрацыі бізнэсу, набыцці ўласнасці (расіянамі) або адкрыцці рускамоўных школ», — заявіла прэзідэнтка Грузіі.

Яна адзначыла, што раней ужо прасіла ўрад звярнуць увагу на прыток расіян у Грузію, каб «грамадства адчувала, што яго нацыянальныя інтарэсы і бяспека ўлічваюцца і абараняюцца».

Саламе Зурабішвілі ў сваёй заяве таксама раскрытыкавала ўрад за нявызначаную пазіцыю па Украіне.

«У той час, калі ўсе нашы краіны-партнёры словам ці справай выказваюць максімальную салідарнасць з самаадданай барацьбой Украіны, на маю думку і на думку большай часткі грузінскага грамадства, пазіцыя ўрада і кіраўнічай партыі, мякка кажучы, незразумелая», — заявіла яна.

Авіязносіны паміж Расіяй і Грузіяй спыніліся з лета 2019 года па ініцыятыве расійскага боку. 18 студзеня кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў заявіў, што спадзяецца на тое, што авіязносіны хутка адновяць. Лідар кіроўнай у Грузіі партыі «Грузінская мара — Дэмакратычная Грузія» Іраклій Кабахідзэ вітаў гэтыя словы Лаўрова, за што яго асудзілі ў МЗС Украіны.

Грузія разам з Арменіяй, Турцыяй і Казахстанам стала адным з кірункаў, куды пасля пачатку расійскага ўварвання ва Украіну часцей за ўсё з'язджалі расіяне. У лістападзе 2022 года Саламе Зурабішвілі паведаміла, што за паўтара месяца мабілізацыі, абвешчанай у Расіі, у краіну прыехалі больш за 700 тысяч расіян, з іх 100 тысяч засталіся ў Грузіі. 

Прэзідэнт у Грузіі, хоць афіцыйна і лічыцца кіраўніком дзяржавы, на самай справе паводле палітычнага ўплыву саступае прэм'ер-міністру. Функцыі прэзідэнта ў асноўным прадстаўнічыя і цырыманіяльныя. Так стала пасля праведзенай у 2012 годзе канстытуцыйнай рэформы, з дапамогай якой тагачасны прэзідэнт Міхаіл Саакашвілі спрабаваў працягнуць свае ўладныя паўнамоцтвы, перасеўшы пасля адбытых двух прэзідэнцкіх тэрмінаў у крэсла прэм'ера. Аднак пасля ўнесеных зменаў яму не ўдалося перамагчы на парламенцкіх выбарах, і ўладу ў краіне атрымала «Грузінская мара», якая не саступае яе дагэтуль.

Саламе Зурабішвілі, хоць у 2018 годзе і перамагла на прэзідэнцкіх выбарах пры палітычнай падтрымцы «Грузінскай мары», сябрам гэтай партыі не з'яўляецца і займае крытычную да ўрада пазіцыю па многіх пытаннях, у тым ліку і знешняй палітыкі. Сама яна, дарэчы, паходзіць з грузінскіх эмігрантаў, нарадзілася ў 1952 годзе ў Францыі. На гістарычную радзіму яна вярнулася толькі ў нулявыя гады і зрабіла тут бліскучую палітычную кар'еру, якая мела вельмі незвычайныя кульбіты. Так, у 2004-2005 годзе яна была міністрам замежных спраў Грузіі, а да гэтага — паслом Францыі ў Грузіі. 

Клас
20
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2