Акбары займаў пасаду намесніка міністра абароны пры прэзідэнце Махамадзе Хатамі, які ўзначальваў краіну ў 1997—2005 гады. Пра яго пакаранне ў суботу раніцай паведаміла судовае інфармацыйнае агенцтва Mizan. Акбары быў павешаны, перадало агенцтва, не ўдакладніўшы, у які менавіта дзень, піша Бі-бі-сі.

У сераду, 11 студзеня, афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва ІРНА паведаміла, што апеляцыю былога вайсковага чыноўніка адхіліў Вярхоўны суд краіны, пакінуўшы ў сіле першапачатковы смяротны прысуд.

Тады ж сям'ю асуджанага папрасілі прыйсці ў турму для «апошняй сустрэчы». Яго жонка казала Персідскай службе Бі-бі-сі, што Акбары перавялі ў адзіночную камеру.

Яго абвінавацілі ў «шырокамаштабных дзеяннях супраць унутранай і знешняй бяспекі Ірана шляхам шпіянажу на карысць разведвальнай службы брытанскага ўрада» і атрыманні за шпіянаж 1805 тысяч еўра, 265 тысяч фунтаў стэрлінгаў і 50 тысяч даляраў, піша агенцтва «Рэйтэр».

У аўдыязапісе, які апынуўся ў распараджэнні Персідскай службы Бі-бі-сі, Акбары сказаў, што прызнаўся ў злачынствах, якіх не здзяйсняў, пасля катаванняў.

Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Джэймс Клеверлі заявіў у пятніцу, што Іран не павінен прыводзіць прысуд у выкананне. Ён назваў смяротны прысуд палітычна матываваным і заклікаў да неадкладнага вызвалення Акбары.

«Гэта палітычна матываваны акт варварскага рэжыму, які цалкам ігнаруе чалавечае жыццё, — пісаў Клеверлі ў твітары. — Іран павінен спыніць пакаранне брытанска-іранскага грамадзяніна Алі-Рэза Акбары і неадкладна вызваліць яго».

Міністэрства інфармацыі і нацыянальнай бяспекі Ірана ў сваёй заяве называла Акбары «адным з самых важных агентаў» МІ-6 і сцвярджала, што ён нібыта даў брытанскай разведцы каштоўную інфармацыю пра Іран «мэтанакіраваным чынам», паведамляла «Аль-Арабія».

У чацвер дзяржаўныя СМІ паказалі відэа, якое, з іх слоў, дэманструе тое, што Акбары адыграў важную ролю ў забойстве ў 2020 годзе вядучага іранскага навукоўца-ядзершчыка Махсена Фахрызадэ, у якім Іран абвінавачваў Ізраіль.

На відэа Акбары не прызнаўся ў датычнасці да гэтага забойства, але сказаў, што брытанскі агент нібыта запытваў інфармацыю аб Фахрызадэ (дзяржаўныя СМІ ў Іране часта транслююць «прызнанні» падазраваных у палітычна матываваных справах, адзначае Reuters).

Іранскія спецслужбы сцвярджаюць, што Акбары маглі схіліць да супрацоўніцтва падчас атрымання візы ў брытанскім пасольстве ў Тэгеране.

Агенцтва IRNA не ўдакладняла дату арышту Акбары, але Бі-бі-сі стала вядома, што ён быў арыштаваны яшчэ ў 2019 годзе.

Акбары быў блізкім паплечнікам Алі Шамхані, які быў міністрам абароны ў адміністрацыі Хатамі і цяпер займае пасаду сакратара Вышэйшай рады нацыянальнай бяспекі. Некаторыя назіральнікі дапускаюць, што абвінавачванні супраць Акбары могуць быць палітычна матываваныя супернікамі Шамхані, адзначае «Аль-Арабія».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?