ЦІП на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

ЦІП на Акрэсціна. Ілюстрацыя Вольгі Пранкевіч

«Ты ведаеш, што ты адзін з нешматлікіх, хто цэлы сюды прыехаў?»

Мінчука (імя не раскрываецца ў мэтах бяспекі) затрымалі напрыканцы снежня непасрэдна на працоўным месцы ў Мінску.

«Цяпер ва ўсіх буйных прадпрыемствах і лякарнях ёсць, так бы мовіць, «намдырэктара па бяспецы». За некалькі тыдняў да затрымання ён выклікаў мяне да сябе і паказаў на тое, што ў мяне адкрыты акаўнт у фэйсбуку, дзе ёсць рэпосты, спасылкі за 2020 год. Я акаўнт закрыў, а перапіскі не пачысціў». 

Напрыканцы снежня мужчыну зноў выклікалі да «намдырэктара па бяспецы», толькі гэтым разам яго чакалі яшчэ трое сілавікоў у цывільным.

«Там стаяць тры байцы ў цывільным. Яны адразу мяне атачылі, адзін з іх паказаў пасведчанне міліцыі, сказалі, што яны з ГУБАЗіКа, і забралі тэлефон. Сказалі, што праедзем да іх у «цэнтр». Павялі мяне пераапранацца, надзелі кайданкі і павялі мяне да машыны. Пасадзілі і мы, досыць міла размаўляючы, паехалі да іх у «цэнтр».

Яны тым часам гарталі мой тэлефон, тэлеграма там не было. Але яны адразу знайшлі перапіску з маімі ўкраінскімі сябрамі».

У асабістай перапісцы з сябрамі сілавікі знайшлі рэпост з тэлеграм-канала «Беларускі Гаюн». Паводле мужчыны, сілавікоў узрадавала наяўнасць перапісак на тэму вайны ва Украіне. Пры гэтым фізічную сілу супраць яго не ўжывалі:

«Калі мы заехалі на тэрыторыю, яны сказалі штосьці кшталту: «Ты ведаеш, што ты адзін з нешматлікіх, хто цэлы сюды прыехаў?»

«Неаднаразова паўтараў, што ўсе яны за Расію»

«Яны завялі мяне да начальніка. І адразу, што мяне ўразіла, што ў ягоным кабінеце на палову сценкі быў беларускі сцяг, і яшчэ палову сценкі займаў расійскі сцяг. Па ўсім кабінеце былі развешаныя паперкі і налепкі з літарамі «Z», «V», георгіеўскія стужкі, колеры гэтыя… Там іх так шмат было ва ўсім кабінеце. Яны проста стракаталі.

Яму адразу паказалі мой тэлефон, гэтую перапіску, і ён са мной дыялогі вёў: чаму я за ўкраінцаў, можа быць, я таксама «фашыст» і «нацыст», калі я за іх? Маўляў, як можна пісаць, каб бамбілі сваіх [беларускія аэрадромы]? Я ім сказаў, што «маіх» там няма — гэта расійскія войскі, якія бамбяць іх [украінцаў], — чаму яны не могуць бамбіць у адказ? На што яны мне паказвалі, што ўсе мае сябры ва Украіне памруць. Паказваў мне відэа нейкае, што іх чакае. Што яны ўсе «нацысты». Што ва Украіне ўсе людзі хочуць хутчэй далучыцца да Расіі, толькі «нацысты» гэтыя замінаюць. І сказаў, што ён і ўсе яго супрацоўнікі — рускія. І што жоўта-блакітны, як і БЧБ-сцяг, я ўбачу толькі пад нагамі. Неаднаразова паўтараў, што ўсе яны за Расію.

Казаў, маўляў, вось за што ты змагаўся, што ты хацеў. Я сказаў, што хацеў, каб не было таго, што ёсць цяпер — каб не вярнуўся 37-мы. Што вось мы не выйгралі і атрымліваем тое, што атрымліваем: вы цяпер на кані, а мы цяпер, усе звычайныя людзі… Ён злаваўся, сказаў, што амапаўцаў на мяне выкліча».

Гутарка доўжылася прыкладна 20—30 хвілінаў, пасля чаго мужчыну перавялі ў іншы кабінет для запісу «пакаяльнага відэа». Пакуль сілавік друкаваў тэкст, мужчыну пасадзілі ў капюшоне тварам да сцяны. Перыядычна супрацоўнік падыходзіў да мужчыны і запытваў, ці ўдзельнічаў ён у пратэстах, паказваў фатаграфіі з яго ўдзелам у мірных акцыях у 2020-м годзе. 

Пасля гэтага супрацоўнік ГУБАЗіКа прадыктаваў тэкст і сказаў, што падчас запісу відэа мужчыну нельга змяняць словы, інакш «будзе кепска».

«Адзін з супрацоўнікаў дастаў чамусьці пісталет, перасмыкнуў яго і трымаў у руках»

Пасля гэтага сілавікі вырашылі пашукаць «зыходнікі» фота і відэа з пратэстаў дома ў мужчыны. 

«Прывезлі мяне дадому. Адзін з супрацоўнікаў дастаў чамусьці пісталет, перазарадзіў яго і трымаў у руках. Я запытаўся, навошта яму пісталет. Ён сказаў, што можа спатрэбіцца. Адчыніла дзверы жонка з паўтарагадовым дзіцем. Яны заляцелі быццам бы цалкам нармальна. Сабакі ў мяне пачалі гаўкаць, думаў, хоць бы не застрэлілі. Сабак адвялі, дзіця расплакалася.

Яны аглядалі рэчы, ноўтбук шукалі. Флэшкі забралі, камеру GoPro. Пратакола ніякага не складалі. У жонкі адразу тэлефон забралі, падключылі і штосьці запампавалі, а потым вярнулі. Пасля яны ў яго залезлі».

Пасля ператрусу мужчыну адвезлі ў РУУС для складання пратакола. Нягледзячы на рэпост з тэлеграм-канала «Беларускі Гаюн», яго абвінавацілі ў «дробным хуліганстве» паводле арт. 19.1 КаАП. Паміж сабой, паводле мужчыны, сілавікі абмяркоўвалі, што гэтая справа — па частцы КДБ, бо звязаная з «дапамогай УСУ».

Да суда мужчыну перавялі ў ІЧУ на Акрэсціна.

«Там ёсць знакамітая камера № 11. Яна трохмесная, я 12-ты зайшоў. З дванаццаці — восем былі маргінальнымі асобамі, то— бок бамжы. Усе смярдзючыя, пахучыя. Яшчэ два злодзеі былі, я і яшчэ адзін мужчына праз сварку бытавую. На наступны дзень мы паснедалі і нас павялі на суд. На дзіва, мне далі пяць сутак. Усе здзівіліся. Нават лейтэнант, які там сядзеў. Ён сказаў, што за ўвесь час, колькі ён вадзіў, — каля пяціста прывадаў на суды — гэта першы раз, калі далі пяць сутак».

«Зранку вычышчалі вошай з кофт — гэта была абавязковая працэдура»

Пасля суда былога арыштанта перавялі ў ЦІП на Акрэсціна.

«Камера для «палітычных». Там шасцімесная камера, я ў ёй быў 28-мы. Галоўным чынам усе былі «палітычныя», толькі два асацыялы, але яны былі пасля «пражаркі» нібыта. Тры-чатыры чалавекі за свастыку, астатнія ўсе «палітычныя». Там вакуум. Туды нічога не прыходзіць.

Умовы ў ЦІП кашмарныя. Хоць мне хлопцы цяпер распавядаюць, што бывае яшчэ горш. Нас было 28 чалавек, хтосьці прыходзіць, хтосьці сыходзіць, але самае меншае было 25 ці 26 чалавек. У «палітычных» забіраюць курткі, у бамжоў — не. Напэўна, каб яны максімальна неслі на сабе жывёл, бо клапоў была процьма.

Святло не выключаецца ніколі. Усе спалі на падлозе, лавілі клапоў адзін у аднаго. Зранку вычышчалі вошай з кофт — гэта была абавязковая працэдура. Было горача, фортку спрабавалі прыадчыняць, а калі ўваходзіш — вельмі цёпла і вільготна. Ты потым прызвычайваешся, але калі фортку прыадчыняеш, то адразу скразняк. Там усе хварэюць, я прыйшоў і ўсе кашлялі, а потым і я пачаў кашляць.

На ложку там не проста стэлажы, а жалезныя пласціны, звараныя, — на іх проста так не паляжыш і спаць немагчыма. Хлопцы неяк спрабавалі там уладкавацца: тыя, хто худзейшы, спрабавалі залазіць спаць.

Людзі ўсе культурныя, прыстойныя. Адразу збор правілаў мне зачыталі: туалет чысціць кожны за сабой, пасля кожнага заходу мые. Таму ў нас асабліва не смярдзела.

Бавілі дні за гутаркамі, знаёміліся адзін з адным.

Ежа — гэта асобная тэма. Можа ў іх курсы ёсць якія адмысловыя — «Як сапсаваць ежу». Таму што гэта «жэсць». Манка, акрамя таго, што яна на вадзе, яна суперсалёная. Я такую манку ніколі не еў, і есці яе немагчыма. Супы, як правіла, даюць у абед. Яны такія салёныя, што ты проста плачаш. Уся ежа такая мярзотная. Яшчэ сардэлька больш-менш нармальная, але яе проста не могуць, напэўна, сапсаваць на заводзе. А калі нейкая катлета, то… Яна была з водарам курыцы ці рыбы, але, акрамя водару, у ёй нічога не было. На трэці дзень я захварэў, паднялася тэмпература, і я не мог есці нічога.

Фельчарка штораніцы прыходзіла і прыносіла таблеткі, каму перадавалі. Але не ўсе таблеткі перадавалі, таму што хлопцы ў першы дзень бачылі шмат таблетак, а на другі-трэці ўжо іх не было. З дзяржаўных былі антыбіётык, актываваны вугаль, «Амбраксол», «Парацэтамол». Ну і плюс хлопцам прыносілі парашкі, абязбольвальныя і гарачкапаніжальныя».

«Усе ягоныя тры дакументы знішчылі ў шрэдары са словамі: «Папрацаваў там, папрацуеш тут»

«Са мной сядзеў Аляксандр — айцішнік. Яшчэ адзін айцішнік, якога нібыта «здалі» ў чаце. Іх нармальна там па нагах білі. У іх азадкі сінія былі. 

Яшчэ са мной сядзеў Аляксей, які вярнуўся з Польшчы. Ён працаваў там і прыехаў да сям'і. Ягоная радня з Гомельскай вобласці, а ён адразу паехаў у Мінск, дзе яго і затрымалі. Ён там збіраўся ехаць да радні, але не паспеў. Яго не білі. Але ў ГУБАЗіКу ўсе ягоныя тры дакументы: пашпарт, працоўную дамову і карту паляка — знішчылі ў шрэдары са словамі: «Папрацаваў там, папрацуеш тут». Але хтосьці яшчэ распавядаў, што разарвалі пашпарт. Запыталіся, за што сядзіць, а ён сказаў, што выходзіў у Варшаве ў 2020 годзе. Знайшлі рэпост у яго нейкі ў той жа Варшаве. 

Было яшчэ відэа з начальнікам упраўлення нейкага з «Белгазпрама». Сядзеў з ім. Яго таксама не білі. Але, калі яго забіралі, ажно інсцэнавалі аварыю, каб ён выйшаў. Там стаяла ДАІ і, кажа, прыйшоў, а выйшлі людзі з Geely, якія нібы аварыю ўчынілі, і яго затрымалі. У яго таксама знайшлі рэпост у перапісцы. Жонцы нейкую дробязь пераслаў з «Люстэрка».

Музыку вулічнага дзесьці чысла 30-га нам закінулі. Ён у Мінску «Воины Света» [песня гурта «Ляпіс Трубяцкі»] іграў. Сказаў, што нейкая дзяўчынка яго засняла і ў міліцыю відэа адправіла.

Яшчэ адзін хлопец, здаецца, Аляксей, я прыйшоў, а ён ужо быў у камеры. Яго меліся выпускаць, але за гадзіну да гэтага прыйшлі і забралі яго. Там звычайна калі следчы забірае, то забіраюць без рэчаў. І вось ён праз хвілін 20 прыйшоў па рэчы. І на пытанне «Крыміналка?» кіўнуў галавой і пайшоў.

Былі яшчэ браты, ім па 13 ці 15 сутак далі. Аднаго адразу выпусцілі, а другога на тры дні яшчэ затрымалі. Ён сказаў, што сядзеў гэтыя тры дні ў карцары. Іх там было сямёра, і хтосьці яму распавядаў, што да гэтага траіх з іх у «стакане» трымалі. Не выводзілі ў туалет і казалі пад сябе хадзіць. Яны там паўтара-два дні стаялі.

Самае непрыемнае, калі ўначы ты ляжыш, а ў камеру яшчэ дваіх закідваюць. Адзін радыёаматар, а другі — зяць рэпетытара [Яўгена Лівянта], яму далі 10 ці 12 сутак. І мы ляжым з хлопцамі на падлозе і разумеем, што гэта не заканчваецца, усё грабуць, грабуць, грабуць. Махавік такі, відаць, так ужо разгайдаўся, што хлопцам, якія гэту справу робяць, ужо па кайфе». 

Акрамя гэтага, мужчына сядзеў у камеры з Уладзіславам Чаховічам — адміністратарам тэлеграм-канала «Спадчына». Кажа, што ў камеру яго прывялі 29 снежня. «Пакаяльнае відэа» з Уладзіславам з'явілася 26 снежня. Паводле сілавікоў, ён удзельнічаў у акцыях пратэсту, рабіў рэпосты з «экстрэмісцкіх рэсурсаў», БЧБ-сімволікі, заклікаў да парушэння закона і нібы пакінуў больш за тры тысячы «экстрэмісцкіх» паведамленняў у публічных чатах. 27 снежня суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Таццяна Палулех асудзіла хлопца на 15 сутак арышту. Яго прызналі вінаватым у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле арт. 19.11 КаАП.

«Электрашокерам білі практычна ўсіх і білі, як правіла, у кайданкі»

«Быў хлопец, які другі тэрмін ужо адседжваў. Яму спачатку далі 10 сутак за рэпост з «Люстэрка». Адсядзеў, а там яго ўнізе, нават не выпускаючы, адзін здаў іншаму, і павезлі ў РУУС. Там ізноў пратакол, суд — і зноў 10 сутак за рэпост.

Быў яшчэ дробны хлопец, яго там зашугалі. Абяцалі дубінку ў азадак. 19 гадоў хлопцу.

Білі большасць. Не білі толькі мяне, таго хлопца з Польшчы і мужчыну з «Белгазпрама». Астатнія ўжо «прычэсаныя» прыязджалі. На твары ніякіх слядоў. Нават у хлопцаў маладых 21—23 гадоў з Жодзіна — былых фанатаў. Іх АЛМАЗ браў, вось іх там білі канкрэтна. Але таксама ані следу на твары.

Электрашокерам білі практычна ўсіх і білі, як правіла, у кайданкі. У іх нават пальцы потым слаба рухаліся — значыць у нерв добра прылятала. У шыю білі, у вобласць паясніцы, ну і ў кайданкі ў асноўным. Некаторых нават вадзічкай палівалі, каб лепш праходзіла».

Клас
14
Панылы сорам
5
Ха-ха
7
Ого
10
Сумна
17
Абуральна
184