AP Photo / Sergei Grits

AP Photo / Sergei Grits

У свеце ВУП не параўноўваюць год да года ў бягучых цэнах, бо гэта не ўлічвае інфляцыю, а таму не мае ніякага сэнсу.

Што да дынамікі намінальнага ВУП у даляравым эквіваленце, на яе ўплываюць:

1) дынаміка намінальнага ВУП у рублёвым эквівалеце (які ў 2022 годзе вырас праз высокі рост цэн, хаця фізічны аб'ём ВУП за 11 месяцаў скараціўся на 4,7%),

2) курс беларускага рубля да даляра (рубель у 2022 годзе абясцэніўся на 3%).

Вось і атрымліваецца, што цэны ў Беларусі выраслі настолькі, што, нягледзячы на падзенне фізічнага аб'ёму і абясцэньванне беларускага рубля да даляра, намінальная вартасць ВУП… вырасла.

Але нават у выпадку паказчыка, які маніпулятыўна выбраў міністр эканомікі для ацэнкі стану эканомікі ў 2022 годзе, сітуацыя выглядае не на яго карысць. Калі б міністр быў шчырым, то ён бы не забыўся пра тое, што на піку ВУП Беларусі складаў 79 млрд даляраў — у 2014 годзе. Атрымліваецца, што пасля васьмі гадоў мудрага кіравання, у 2022-м ён быў прыкладна на 8% меншы (паводле даных Нацбанка, за 12-месячны перыяд з кастрычніка 2021-га да верасня 2022-га).

А міністр эканомікі мог бы і ўзгадаць, што пад канец 2018-га дыктатар ставіў свайму ўраду задачу нарасціць ВУП да 100 млрд даляраў у 2025-м…

Насамрэч, намінальны ВУП у даляравым эквіваленце служыць для параўнання памераў розных эканомік у адным і тым жа часе, а для параўнання роста эканомікі ў часе выкарыстоўваецца рост рэальнага ВУП (іншымі словамі, фізічнага выпуску або ВУП у пастаянных цэнах).

Давайце разбірацца, як насамрэч выглядаюць справы.

З 2014 года Беларусь перажыла тры рэцэсіі (у 2015—2016 гадах, 2020 і 2022 гадах). У выніку ВУП Беларусі у пастаянных цэнах ў 2022 годзе быў на 3% меншы, чым у 2014-м. Можа, таму ў рэжыму ўсё ніяк не атрымліваецца павялічыць заробкі і дабрабыт беларусаў?

Калі ж міністру так падабаецца ацэньваць памеры эканомік у даляравым эквіваленце, то ці не сорамна яму, што эканоміка Беларусі мае сёння такі ж памер, як і эканоміка Літвы, дзе жыве ў тры разы менш людзей? І ў дзесяць разоў меншая за эканоміку Польшчы?

Для ўсіх было б лепш, калі б міністр гаварыў праўду, што Беларусь ужо шмат гадоў знаходзіцца ў стагнацыі. І гэты застой пачаўся задоўга да пратэстаў 2020-га, сектаральных санкцый 2021-га і вайны 2022-га. Мо тады б і рашэнні ў эканоміцы прымаліся на карысць беларусаў, а не дзеля падману і далейшага закручвання гаек у палітычных мэтах.

Клас
94
Панылы сорам
5
Ха-ха
2
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
5

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?