Пра гэта са спасылкай на свае крыніцы паведаміла выданне Politico.

Прызначаныя для перахопу паветраных цэляў ракеты Sea Sparrow былі прынятыя на ўзбраенне ў ЗША яшчэ ў 1976 годзе, аднак і праз амаль паўстагоддзя ўдасканаленыя версіі ракет выкарыстоўваюцца ВМС і марской пяхотай ЗША, а таксама флатамі іншых краін. Па даных Politico, украінскія вайскоўцы змогуць запускаць такія ракеты не з караблёў, а з наземных платформаў. Крыніцы выдання паведамілі, што для запуску Sea Sparrow атрымалася прыстасаваць пускавыя ўстаноўкі распрацаваных у часы СССР комплексаў «Бук».

Да гэтага часу ў якасці элементаў наземнай сістэмы СПА Sea Sparrow выкарыстаў толькі Тайвань, які атрымаў некалькі сотняў такіх ракет у пачатку 1990-х.

Sea Sparrow — распрацаваная карпарацыяй Raytheon кіраваная ракета класа «карабель — паветра» з паўактыўнай радыёлакацыйнай галоўкай саманавядзення. Далёкасць палёту ракеты і яе хуткасць ВМС ЗША не раскрываюць, аднак, па даных экспертаў, новыя версіі ракеты здольныя разганяцца да хуткасці, якая ў чатыры разы перавышае хуткасць гуку, і могуць знішчаць самалёты і крылатыя ракеты на адлегласці да 50 км.

Клас
114
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
5
Сумна
0
Абуральна
4