Галоўны корт Australian Open. Фота: AP Photo/Kelly Barnes
«Тэнісісты з Расіі і Беларусі могуць удзельнічаць у міжнародных турнірах у індывідуальным парадку — без сцяга і нацыянальнай прыналежнасці, што і адбудзецца на Australian Open—2023», — гаворыцца ў заяве тэніснай федэрацыі Аўстраліі.
Раней амбасадар Украіны ў Аўстраліі Васіль Мірашнічэнка патрабаваў, каб арганізатары забаранілі расіянам і беларусам удзельнічаць у турніры, як зрабілі гэта летась арганізатары Уімблдонскага турніру.
Аднак арганізатары Адкрытага чэмпіянату Аўстраліі яшчэ ў кастрычніку заяўлялі, што не збіраюцца нікога адхіляць, а ў снежні агучылі папярэдні спіс удзельнікаў. Украінскі дыпламат назваў пазіцыю Tennis Australia «беспрынцыповай» і паабяцаў абмеркаваць сітуацыю з іх кіраўніком Крэйгам Тайлі.
Цяпер у спісе ўдзельнікаў Australian Open—2023 чацвёра беларускіх тэнісістаў, насупраць прозвішчаў якіх — белыя сцягі. Гэта Арына Сабаленка, Вікторыя Азаранка, Аляксандра Сасновіч і Ілья Івашка. Матчы асноўнай сеткі адзіночных турніраў пачнуцца ў Мельбурне 16 студзеня.





