Супрацоўнікі ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і тэрарызмам Румыніі (DIICOT) затрымалі Тэйта ў Бухарэсце 30 снежня.

Тэйт — былы баксёр і ўдзельнік брытанскага рэаліці-шоу «Вялікі брат». Блогер вядомы сваімі жанчынаненавісніцкімі выказваннямі, за якія яго заблакавала большасць сацсетак.

Супрацоўнікі некалькіх румынскіх спецслужбаў у чацвер правялі ператрус у асабняку Тэйта, падчас якога знайшлі грошы і зброю. Разам з блогерам быў затрыманы ягоны брат.

У заяве DIICOT не называюцца імёны, толькі паведамляецца, што затрыманыя двое грамадзян Вялікабрытаніі і двое грамадзян Румыніі, яны падазраюцца ва ўдзеле ў злачыннай групе, якая займаецца гандлем людзьмі.

Усяго ў справе — шэсць пацярпелых. Іх прымушалі ўдзельнічаць ў парнаграфічных роліках, якія потым прадавалі ў інтэрнэце. Як мяркуецца, жанчыны былі вэбкам-мадэлямі.

«Ахвяр вербавалі грамадзяне Вялікабрытаніі, уводзілі іх у зман, кажучы пра намер узяць шлюб і наяўнасць шчырых пачуццяў […] Яны падвяргаліся фізічнаму і псіхалагічнаму гвалту […] і сэксуальнай эксплуатацыі з боку членаў групы», — гаворыцца ў паведамленні.

У пятніцу прадстаўнік DIICOT пацвердзіў Бі-бі-сі затрыманне Тэйта. Першапачаткова яго затрымалі на 24 гадзіны, затым арыштавалі яшчэ на 30 сутак па хадайніцтве пракуратуры.

Грэта Тунберг і скрынка з-пад піцы

Тэйт — грамадзянін Брытаніі, ён нарадзіўся ў ЗША ў 1986 годзе. У пачатку нулявых мужчына пачаў прафесійна займацца кікбоксінгам і заваяваў сусветныя тытулы.

У 2016 годзе ён стаў удзельнікам брытанскага рэаліці-шоу «Вялікі брат», але неўзабаве быў выключаны пасля з'яўлення відэа, на якім ён б'е жанчыну рамянём.

Сам Тэйт казаў, што відэа было адрэдагавана, і назваў яго «поўнай хлуснёй, якая спрабуе выставіць яго ў дрэнным святле».

У далейшым ён набыў папулярнасць у інтэрнэце, дзе выступаў з шакавальнымі выказваннямі. У прыватнасці, ён пісаў, што «ахвяры сэксуальнага гвалту самі нясуць адказнасць за напады».

Пасля гэтага яго заблакавалі ўсе папулярныя сацыяльныя сеткі, у тым ліку твітар. Яго профіль быў разблакаваны пасля куплі сацсеткі Іланам Маскам.

На гэтым тыдні Тэйт у твітары з сарказмам папрасіў у экаактывісткі Грэты Тунберг адрас электроннай пошты, каб расказаць ёй пра сваю калекцыю аўтамабіляў і іх шкодныя выкіды ў атмасферу. Тунберг, таксама з сарказмам, дала яму адрас [email protected].

Пасля гэтага, пачакаўшы каля 10 гадзін, Тэйт выклаў дзвюххвілінны ролік, у якім паліць цыгару і спрачаецца з экаактывісткай. Прыкладна ў сярэдзіне роліка можна ўбачыць, як яму перадаюць піцу. Карыстальнікі сацсетак прыйшлі да высновы, што надпіс на скрынцы мог пацвердзіць, што Тэйт знаходзіцца ў Румыніі, хоць афіцыйна гэта не пацвярджалася.

«Вось што здараецца, калі вы не адпраўляеце на перапрацоўку скрынкі з-пад піцы», — напісала Грэта Тунберг пасля затрымання Тэйта.

Клас
32
Панылы сорам
0
Ха-ха
24
Ого
1
Сумна
1
Абуральна
3