Акцыя беларусаў у Батумі

Акцыя беларусаў у Батумі

Сям’я беларусаў пераехала жыць у Грузію ў 2021 годзе.

«Гэта быў спланаваны крок. Мы жылі тут, працавалі, мелі часовы дазвол на жыхарства. Але нас з Грузіі фактычна выкінулі», — расказвае Марына (імя змененае на просьбу гераіні).

Расказваем іх гісторыю.

«Беларуская палітыка тут ні пры чым»

Марына дагэтуль не можа зразумець, чаму іх пазбавілі магчымасці жыць у Грузіі, дзе яны нават паспелі купіць кватэру. Беларуска кажа, што на радзіме яны нідзе не «засвяціліся», у пратэстах не ўдзельнічалі.

«Мы пераехалі ў Грузію запланавана, гэта быў абдуманы крок. Муж працуе ў сферы IT, я хатняя гаспадыня. Дзеці тут пайшлі ў школу», — расказвае Марына.

Паводле грузінскага заканадаўства, беларусам можна легальна жыць у Грузіі год, пасля чаго трэба выехаць з краіны, каб «абнуліць» тэрмін знаходжання. Найчасцей беларусы выязджаюць у Турэччыну ці Расію. Вяртацца можна літаральна праз некалькі хвілінаў пасля выезду, грузінам важны сам факт таго, што чалавек «абнуліў» свой тэрмін знаходжання на тэрыторыі краіны.

«Мы паехалі са старэйшым сынам у Турэччыну, каб «абнуліць» свой тэрмін. Рабілі гэта не першы раз. Вяртаемся з Турэччыны, і на мяжы нам грузінскія памежнікі кажуць, што Грузія адмаўляе ва ўездзе. Маўляў, ваш часовы дазвол на жыхарства ануляваны, нічога не ведаем. Нас правялі на нейтральную паласу. Так мы са старэйшым сынам засталіся ў Турэччыне, муж з меншым — у Грузіі», — кажа Марына.

«Да мужа прыйшлі ўночы і фактычна выкінулі з краіны»

Як расказвае жанчына, праз чатыры дні пасля здарэння на мяжы да мужа Марыны прыйшлі незнаёмыя. Двое з іх былі ў вайсковай форме, астатнія ў цывільным.

«Загадалі яму збіраць рэчы і пакідаць краіну. Ён не стаў супраціўляцца, бо з ім быў наш меншы сын. Яны забралі ў мужа тэлефон, давезлі яго да мяжы (з Турцыяй), і ён перайшоў яе як турыст», — кажа Марына.

Яна дадае, што зараз беларусы ў «поўным неразуменні», чаму так здарылася. «Мы спакойна жылі, плацілі падаткі, не парушалі законаў, дзеці хадзілі ў школу. На момант здарэння ў грузінскай школе заставаліся дакументы сына, цяпер іх ужо забралі», — кажа беларуска.

«Пачынаем жыццё ў Турэччыне»

Неўзабаве пасля адмовы ў знаходжанні на тэрыторыі Грузіі Марына з мужам звярнуліся да адваката. Але нават юрыстка не змагла зразумець, чаму ім больш нельга жыць у Грузіі.

«Рашэнне аб ануляванні часовага дазволу на жыхарства можна было аспрэчыць у судзе. Але гэта дорага і не факт, што мы выйграем. Адвакатка кажа, што мо ў нас «нешта не тое» з дакументамі. Але мы іх афіцыйна перакладалі, завяралі ў натарыуса. Нам патлумачылі, што прычыны анулявання дазволу на жыхарства трэба пытацца ў судзе», — кажа Марына.

Беларуска дадае, што яны з мужам ужо падалі дакументы на часовы дазвол на жыхарства ў Турэччыне, у Беларусь сям’я вяртацца не плануе. Пакуль невядома, што будзе з кватэрай, якую Марына з мужам паспелі купіць у Грузіі.

Па інфармацыі «Свабоды», гэта не адзінкавы выпадак, калі беларусаў не пускаюць у Грузію пасля кароткачасовага выезду для «абнулення» тэрміну знаходжання на тэрыторыі краіны. У некаторых з такіх выпадкаў супраць людзей на радзіме былі заведзеныя крымінальныя справы за ўдзел у пратэстах 2020 году. «Свабода» звярнулася па каментар у Агенцтва развіцця дзяржаўнай службы Міністэрства юстыцыі Грузіі, якая адмовіла беларусам у знаходжанні на грузінскай тэрыторыі (Agency for the Development of Public Services) (копіі адмовы ёсць у рэдакцыі). Адказу на гэты момант рэдакцыя не атрымала.

Па звестках МУС Грузіі, з 1 студзеня 2022 года па 30 верасня 2022 года ў Грузію прыехала і застаецца там больш за 13 тысяч грамадзян Беларусі. За 11 месяцаў 2021 года ў Грузіі пабывала каля 35 тысяч беларусаў, што амаль утрая больш за такі ж перыяд 2020 года. Афіцыйных звестак пра тое, колькі беларусаў заехала ў Грузію са жніўня 2020 года і застаецца там цяпер, не існуе.

Клас
18
Панылы сорам
18
Ха-ха
9
Ого
12
Сумна
27
Абуральна
85