Фота: Canadatoday.news

Фота: Canadatoday.news

69-гадовага Сандоваля прызналі вінаватым у выкраданні і катаваннях студэнта Эрнана Абрыяты, які прытрымліваўся левых поглядаў, знік у 1976 годзе і лічыцца загінулым. Пасля падзення хунты Сандоваль збег з краіны і пасяліўся ў Францыі, дзе стаў чытаць лекцыі ва ўніверсітэце. Аднак у 2019 годзе Францыя выдала яго Аргенціне.

Былога паліцэйскага абвінавачвалі ў датычнасці да выкрадання і катаванняў сотняў актывістаў левага руху з 1976 па 1983 год, калі краінай кіравалі вайскоўцы. Аднак у судзе была заслухана толькі адна справа — студэнта архітэктурнага інстытута Эрнана Абрыяты, якога паліцыя вывалакла з дому ў 1976 годзе і кінула ў самую вялікую тайную турму Аргенціны, што месцілася ў Школе механікаў ВМС Аргенціны (ESMA). Пра яго далейшы лёс нічога не вядома.

Лічыцца, што праз гэтую турму прайшло больш за 5 тысяч аргенцінцаў, якія выступалі супраць ваеннай хунты. У жывых засталося толькі каля ста.

Вязняў дапытвалі і катавалі. Многіх з іх пад канец напампоўвалі наркотыкамі і скідалі з самалётаў у акіян.

Марыа Сандоваль быў адным з самых страшных катаў. Людзі кажуць, што ён любіў прывязваць зняволеных да металічных рам ложкаў і катаваць іх электрашокерам для жывёлы.

Праз два гады пасля таго як вайскоўцы ў Аргенціне былі адхіленыя ад улады, Сандоваль перабраўся ў Францыю. Там ён уладкаваўся працаваць кансультантам па пытаннях абароны і бяспекі, атрымаў французскае грамадзянства і на працягу шасці гадоў нават выкладаў у якасці запрошанага лектара ў Інстытуце краін Лацінскай Амерыкі пры Сарбоне.

Толькі ў 2008 годзе ў лектару Сандовалю апазналі былога паліцэйскага, падазраванага ў выкраданнях і катаваннях сотняў аргенцінскіх актывістаў. Пасля працяглага судовага разбору Вышэйшы адміністрацыйны суд Францыі пастанавіў, што яго можна экстрадаваць на радзіму, бо злачынствы, у якіх ён абвінавачваецца, былі здзейсненыя яшчэ да таго, як ён атрымаў французскае грамадзянства.

Суд над лектарам-катам пачаўся ў Буэнас-Айрэсе сёлета ў верасні. Сандоваль да самага канца адмаўляў сваё дачыненне да выкрадання і знікнення Эрнана Абрыяты і сустрэў прысуд з каменным тварам.

Што датычыць зніклага студэнта, то ніякіх новых падрабязнасцяў пра яго лёс суд не высветліў. Абрыята быў адным з прыкладна 30 тысяч аргенцінцаў, зніклых без следу ў часы хунты.

Зрэшты, шэсць гадоў таму ўсплыла адна трагічная і кранальная падрабязнасць: на сцяне адной з камер былой турмы, цяпер пераўтворанай у музей і мемарыял, быў выяўлены надпіс «Mónica te amo» («Моніка, я люблю цябе»), адрасаваны жонцы Эрнана, Моніцы Дзітмар, і яго ініцыялы пад гэтым пасланнем.

Клас
9
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
3