Фота: Andrew Harnik / AP

Фота: Andrew Harnik / AP

У аўторак Зяленскі з'ездзіў на лінію фронту ў Бахмут, потым таемна сеў на начны цягнік у Польшчу. Так пачалося яго доўгае падарожжа ў Вашынгтон. У Польшчы яго адразу ж забраў самалёт ВПС ЗША, які, як паведамляецца, суправаджалі самалёт-разведчык НАТА і знішчальнік F-15.

Паведамленні пра яго магчымы візіт у Вашынгтон пачалі з'яўляцца ў пачатку тыдня, але яны заставаліся непацверджанымі да самае раніцы серады, калі афіцыйныя асобы ЗША ўжо былі ўпэўненыя, што ўкраінскі лідар у бяспецы і на шляху ў сталіцу ЗША.

Магчымасць такога візіту абмяркоўвалася некалькі месяцаў, аднак апошняя падрыхтоўка была зробленая вельмі хутка. Прэзідэнты пагаварылі на гэтую тэму 11 снежня, і Зяленскі атрымаў запрашэнне ўжо праз тры дні. Толькі пасля пацвярджэння гэтага можна было запускаць канчатковы план дзеянняў.

Не дзіўна, што афіцыйнай інфармацыі пра паездку не друкавалася — нават у мірны час падчас прэзідэнцкіх візітаў дзейнічаюць строгія меры бяспекі, а для лідара ваюючай краіны рызыка яшчэ большая.

Праз пагрозу расійскіх ракет палёты над Украінай занадта небяспечныя, так што Зяленскі, мяркуючы па ўсім, таемна праехаў на цягніку праз Украіну ў Польшчу, дзе раніцай у сераду яго заўважылі на чыгуначнай станцыі ў памежным горадзе Пшэмысль.

Польскае тэлебачанне паказала Зяленскага, які ішоў са сваім прэзідэнцкім антуражам па пероне на фоне сіне-жоўтага ўкраінскага цягніка. Затым усе яны селі ў аўто, якія іх чакалі, у тым ліку чорныя Chevrolet Suburban — любімую мадэль ўрада ЗША.

Многія заходнія лідары і афіцыйныя асобы на сустрэчы з Зяленскім у Кіеве ездзілі на цягніку, але для яго гэта быў першы візіт за мяжу з пачатку вайны.

Неўзабаве пасля гэтага сістэмы адсочвання палётаў паказалі, што «Боінг» C-40B ВПС ЗША, на борце якога, як мяркуецца, знаходзіўся Зяленскі, узляцеў з аэрапорта Жэшува прыкладна за 80 км на захад ад Пшэмысля.

Самалёт накіраваўся на паўночны захад у бок Вялікабрытаніі, але перш чым ён увайшоў у яе паветраную прастору над Паўночным морам, самалёт-разведчык НАТА прасканаваў мясцовасць. Вядома, што патрулююць мора расійскія падводныя лодкі.

А амерыканскі знішчальнік F-15, які вылецеў з базы ў Англіі, суправаджаў самалёт з прэзідэнтам Украіны частку яго шляху.

Нарэшце, каля апоўдня ў Вашынгтоне — амаль праз 10 гадзін пасля ўзлёту і да таго яшчэ многіх гадзін у шляху для ўкраінскага прэзідэнта — самалёт прызямліўся недалёка ад Вашынгтона.

Пасля прыбыцця яму далі ахову — супрацоўнікаў Сакрэтнай службы, — як і ўсім кіраўнікам дзяржаў.

Крыніцы тэлеканала «Эй-бі-сі» сказалі, што нават у ЗША яны асцерагаліся магчымых дзеянняў Расіі.

«Мы выдатна разумеем, што ў Расіі ў гэтай краіне ёсць агенты, і яна можа паспрабаваць нешта зрабіць», — сказаў тэлеканалу адзін з высокапастаўленых чыноўнікаў. «Мы ведаем, што пастаўлена на карту», — дадаў ён.

Візіт прайшоў гладка, да чацвярга Зяленскі ўжо зноў быў у Еўропе — ён напісаў у тэлеграм, што зрабіў прыпынак у Польшчы і сустрэўся з яе прэзідэнтам Анджэем Дудай.

Затым, як паведамляецца, Зяленскі перасек мяжу Украіны, але супрацоўнікі амерыканскіх спецслужбаў уздыхнулі спакойна толькі тады, калі ён шчасліва вярнуўся ў Кіеў. Як адзначыў раней адзін з супрацоўнікаў у інтэрв'ю «Эй-бі-сі»: «Пуцін і Крэмль ведаюць, што яму патрэбная будзе дарога дадому».

Клас
47
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
2