Як змяніўся курс за два тыдні?

На пятніцу, 23 снежня, Нацыянальны банк вызначыў курс 2,7370 рубля за 1 даляр ЗША. Два тыдні раней даляр па курсе Нацбанка каштаваў 2,4778. Такім чынам, за два тыдні беларускі рубель у адносінах да амерыканскай валюты патаннеў на 26 капеек.

Еўра за гэты перыяд падаражэў на 32 капейкі. У адносінах да расійскага рубля беларускі, наадварот, умацаваўся. У пазамінулую пятніцу Нацбанк ацэньваў 100 расійскіх рублёў у 3,9504 беларускага. Згодна з курсам, устаноўленым на заўтра, 100 расійскіх рублёў будуць каштаваць 3,7985 беларускага.

Нафта ўплывае на курсы

Экспертка Beroc Настасся Лузгіна тлумачыць такія паводзіны беларускага рубля тым, што ён паўтарае траекторыю расійскага, курс якога стаў прасядаць на фоне новых санкцый і трохі ніжэйшых цэнаў на нафту.

«Гэта звязана з новымі абмежаваннямі ў дачыненні да Расіі і падзеннем цэнаў нафты на сусветным рынку. Цана за бараль расійскай нафты Urals цяпер знаходзіцца нават на больш нізкім узроўні, чым уведзеная для яе столь 60 даляраў за бараль. Усё гэта негатыўна адбіваецца на экспартных даходах РФ, таму іх рубель слабее», — тлумачыць экспертка.

Па словах Лузгіной, беларускі рубель хай і не цалкам, але шмат у чым паўтарае траекторыю расійскага, таму яго зніжэнне ў адносінах да даляра і еўра на фоне падзення расійскага рубля выглядае цалкам чаканым.

Беларускі рубель умацоўваецца да расійскага

Умацаванне беларускага рубля ў адносінах да расійскага эканамістка тлумачыць тым, што ў выніку імклівага росту курсу расійскага рубля ў сярэдзіне года беларускі патаннеў да расійскай валюты на 30% і нават больш адсоткаў у параўнанні з пачаткам года.

«Беларускі рубель так хутка не ўмацоўваўся да цвёрдых валют і адпаведна — таннеў да расійскага. Таму цяпер ён проста адыгрывае пазіцыі. На цяперашні момант розніца ў курсе скарацілася да 10,5% з пачатку года. На падставе гэтага мы можам меркаваць, што, хоць беларускі рубель і будзе шмат у чым паўтараць траекторыю расійскага, у бягучай сітуацыі ён абясцэньваецца да даляра павольней».

«Дэвальвацыя расійскага рубля выгадная расійскім экспарцёрам»

На думку Лузгіной, калі ў блізкім часе не адбудзецца ніякіх глабальных змен, то расійская валюта ў наступным годзе можа працягнуць паступовае зніжэнне. Разам з ёй будзе змяняцца і курс беларускага рубля.

«Калі прасяданне расійскага рубля працягнецца, то гэта будзе адбывацца плаўна, без рэзкіх ваганняў», — лічыць яна.

Таксама эксперт адзначае, што ўмераная дэвальвацыя нацыянальнай валюты не толькі не палохае Расію, але і будзе для яе шмат у чым карыснай, бо рубель быў пераацэнены.

«Гэта будзе выгадна для экспарту», — адзначае эксперт.

Што тычыцца падаражэння еўра на 32 капейкі за два тыдні, то гэты працэс тлумачыцца тым, што за гэты перыяд еўрапейская валюта ўмацавалася ў адносінах да амерыканскай. Як вынік — еўра ў Беларусі падаражэў на 6 капеек больш, чым даляр.

Чытайце таксама: Урад анансуе магчымае аслабленне рэгулявання цэн

Клас
28
Панылы сорам
9
Ха-ха
12
Ого
6
Сумна
10
Абуральна
17