У Мінскім гарадскім упраўленні Следчага камітэта яму вярнулі рэчы, адабраныя падчас ператрусу і затрымання летам 2021 года.
Пасля вызвалення з турмы на Акрэсціна Алесь Дашчынскі быў у статусе падазраванага і пад падпіскай аб нявыездзе з Беларусі. Цяпер гэтыя абмежаванні знятыя.
Згодна з тэкстам пастановы аб затрыманні, Алеся Дашчынскага падазравалі паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса Беларусі — «арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх».
16 ліпеня 2021 года сілавікі штурмавалі мінскі офіс «Радыё Свабода»: выламалі дзверы, вырвалі камеры відэаназірання, канфіскавалі тэхніку, а што не змаглі вынесці, проста пашкодзілі.
Паралельна праваахоўнікі прыйшлі да некаторых карэспандэнтаў-фрылансераў, якія супрацоўнічалі з медыя, — Алеся Дашчынскага, Алега Груздзіловіча, Інэсы Студзінскай. Усіх іх пасля ператрусаў затрымалі і адвезлі ў мінскі ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна.
Алесь Дашчынскі знаходзіўся за кратамі да 23 ліпеня 2021-га, ягоныя калегі прабылі там на тры дні больш. У выніку да рэальнага тэрміну асудзілі толькі Алега Груздзіловіча — сёлета ў сакавіку суд Савецкага раёна Мінска пакараў яго 1,5 гадамі калоніі нібыта за «арганізацыю масавых беспарадкаў і ўдзел у іх». За кратамі ён прабыў амаль 9 месяцаў, пасля чаго нечакана апынуўся на волі і быў практычна выдвараны ў Літву.





