Святлана Ціханоўская піша:

«Сёння 12 гадоў з дня Плошчы-2010. Шчыра кажучы, у 2010 годзе я яшчэ не разумела, наколькі важна тое, што адбывалася ў гэты дзень на плошчы.

Але зараз, узгадваючы гэты дзень, я бачу: шлях беларусаў да свабоды пачаўся не ў 2020 годзе — і нават не ў 2010-м, яго беларусы пачалі пракладаць ужо даўно.

І ўсе мы сёння працягваем працу тых, хто быў да нас. Хто стаяў ля вытокаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Хто разам з Зянонам Пазняком адкрыў праўду пра Курапаты. Хто быў побач са Станіславам Шушкевічам і падараваў Беларусі незалежнасць ад СССР. Смелых дэпутатаў, якія абвясцілі галадоўку супраць незаконнага рэферэндуму ў 1995 годзе, і тых, хто выйшаў на Чарнобыльскі Шлях побач з Алесем Бяляцкім. Хто супрацьстаяў дыктатуры усе гэтыя гады: начаваў у намётавым гарадку ў 2006-м, слухаў прамову Някляева ў 2010-м, падтрымліваў Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку і Марыю Калеснікаву ў 2020-м.

Кожнаму пакаленню ў нейкі момант здавалася, што, магчыма, намаганні былі дарэмнымі. Але кожны раз на месца аднаго несправядліва асуджанага ці збітага чалавека прыходзіла некалькі новых. Штораз з'яўляліся новыя і новыя людзі, гатовыя працягнуць шлях папярэднікаў і разам адстойваць праўду.

Усе мы сёння разумеем, што беларускі рух не можа спыніцца. Гэта доўгі шлях, які мы павінны прайсці агульнымі намаганнямі. І калі мы будзем памятаць, на чыіх плячах стаім сёння, мы можам быць упэўненыя: побач з намі на гэтым шляху абавязкова будуць з'яўляцца новыя вольныя беларусы.

Бо нават сярод тых, хто чытае гэты тэкст, ёсць тыя, хто толькі ў 2020-м, у 2021-м ці нават у 2022 годзе зразумеў, што адбываецца ў нашай краіне і што так працягвацца больш не можа. Многія толькі зараз разумеюць, чым пагражаюць нам такія рэчы, як сённяшняя сустрэча Лукашэнкі і Пуціна, цынічна прызначаная ў гістарычны для беларускага народа дзень.

На сваім шляху мы рызыкуем усім. Сёння мы рызыкуем страціць незалежнасць, гэта значыць — страціць сваю краіну, свой любімы дом. Але я ведаю, што мы не дазволім гэтаму адбыцца.

Да нашага шляху да свабоды, распачатага яшчэ да нас, павінны далучыцца як мага больш новых людзей. А наша з вамі задача — быць дастаткова адкрытымі і сумленнымі, каб яны маглі пазбегнуць нашых мінулых памылак і, абапіраючыся на ранейшы вопыт, быць з намі — і быць лепшымі за нас».

Клас
31
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0