У ноч з пятніцы на суботу недзе апоўначы памежнікі каля вёскі Ліплюны заўважылі, што паміж крыгамі па Нёмане плыве падазроны аб'ект. З выгляду ён і сам быў падобны да крыгі.
Памежнікі на маторнай лодцы падплылі да аб'екта і даставілі яго на бераг. Высветлілася, што гэта груз кантрабандных цыгарэт, абкладзены снегам і лёдам. У Літву такім чынам спрабавалі даставіць 1250 пачкаў цыгарэт NZ Gold з беларускімі бандэролямі.
На грузе было GPS-абсталяванне.
За 200 метраў ад гэтага аб'екта памежнікі заўважылі яшчэ адну падазроную «крыгу». Сітуацыя паўтарылася — гэтым разам знайшлі груз з 1000 пачкаў цыгарэт Fest. Пачалі расследаванне.
У суботу ў межах вёскі Гердашы быў знойдзены груз, выкінуты на бераг, — 2000 пачкаў цыгарэт Fest і Minsk Capital QS з беларускімі бандэролямі.
17 км мяжы з Беларуссю праходзяць па Нёмане. На беларускім баку, як сцвярджаюць літоўцы, кантрабандысты адчуваюць сябе вольна і нічога не баяцца.
Сёлета літоўскія памежнікі вылавілі з Нёмана 42 такія кантрабандныя грузы. Толькі на мінулым тыдні зафіксавана 7 такіх пасылак, пачата 5 расследаванняў.
Аналагічныя грузы трапляюцца і памежнікам Свянцянскага раёна, дзе кантрабанду сплаўляюць па Віліі.
Гэтая практыка была вельмі пашыраная ў кантрабандыстаў і ў мінулую зіму.
Чытайце таксама:
Літва вылавіла яшчэ два грузы кантрабандных цыгарэт, замаскаваных пад ільдзіны
Цыгарэтную кантрабанду з Беларусі перапраўлялі па Нёмане на плытах пад выглядам «крыг»





