Зімовае трансфернае акно яшчэ не пачалося, а «Рэал» ужо аформіў трансфер, пра які будуць гаварыць, — мадрыдскі клуб абвясціў пра набыццё 16-гадовага Эндрыка з «Палмейраса».

Інсайдар Фабрыцыа Рамана паведамляе, што агульная сума трансферу — 72 мільёны еўра. З іх 35 мільёнаў еўра — сума за пераход, 25 мільёнаў еўра — бонус, 12 мільёнаў еўра — плата за падаткі. Аднак афіцыйна трансфер адбудзецца летам 2024 года, калі футбалісту споўніцца 18 гадоў. Кантракт, верагодна, будзе разлічаны на 6 гадоў.

Дык хто гэты хлопчык?

Параўноўваюць з Раналду, еўрапейскія гранды стаялі ў чарзе, каб падпісаць яго

Пасля вылету Бразіліі з чэмпіянату свету Эндрык стаў футбалістам, якога найбольш абмяркоўвалi ў краіне, — усё з-за яго будучага пераходу ў мадрыдскі «Рэал». Хлопчык 2006 года нараджэння прыцягнуў увагу скаўтаў топавых еўрапейскіх клубаў яшчэ ў дзіцячым футболе, дзе ён забіваў практычна ў кожным матчы. Але сурʼёзна пра сябе Эндрык заявіў менавіта ў 2022 годзе.

Спачатку юнак звярнуў на сябе ўвагу на турніры Copiña — чымсьці накшталт маладзёжнага чэмпіянату Сан-Паўлу. 16-гадовы бразілец выступаў за каманду «Палмейрас» U-20, дзе ў асноўным гуляюць 18-19-гадовыя. Там ён забіў 6 разоў у 7 матчах, дапамог камандзе выйграць чэмпіянат і стаў найлепшым гульцом турніру.

Сёлета ў студзені бразілец стаў хэдлайнерам спартыўных СМІ свету, калі забіў фантастычны мяч ударам праз сябе з-за межаў штрафной (адзнака 0:49).

На радзiме Эндрыка ўжо параўноўваюць з героямі мінулага — называюць самым яскравым талентам бразільскага футбола пасля Неймара. Але 16-гадовы суперталент — у першую чаргу цэнтрфорвард (хоць і можа сыграць на абодвух флангах атакі), а стыль яго гульні больш нагадвае Рамарыа, Адрыяна ці Раналду.

Нягледзячы на 173 см росту, Эндрык — дужы і непадступны футбаліст, які любіць змагацца за мяч, мае пастаўлены ўдар з левай нагі і ўвесь час шукае магчымасці для ўдару. «Калі я ўпершыню ўбачыў Эндрыка на трэніроўцы «Палмейрас», я сказаў: «Ваў, гэта ж феномен!». Яму толькі 15, а ён грае як сапраўдны прафесіянал», — распавядаў уражаны талентам юнака выхаванец «Палмейраса» Габрыэл Жэзус.

Нягледзячы на параўнанне з легендамі бразільскага футбола, сваім кумірам Эндрык называе Крышціяну Раналду: «Выдатны і фенаменальны футбаліст. Я хацеў бы пайсці яго шляхам».

«ПСЖ» даваў 80 млн еўра за Эндрыка, аднак перамог у гонцы за падпісанне футбаліста «Рэал». Падазраюць, што на выбар бразільца паўплывала асабістая сустрэча з галоўным трэнерам Карла Анчэлоці, якая адбылася некалькі месяцаў таму ў Мадрыдзе.

Чэмпіёны Іспаніі і сапраўды падпісалі фантастычнага футбаліста:

«Рэал» аддаў перавагу Эндрыку, а не Холанду. У 2024-м атакуючае трыа мадрыдцаў можа складацца толькі з бразільцаў

Як вы ўжо, мабыць, зразумелі, Эндрык — патэнцыяльная замена Карыму Бенземе, якому летам 2024-га споўніцца 36 гадоў.

Нядаўна іспанскія медыя дзяліліся інфармацыяй пра тое, што мадрыдцы будуць намагацца падпісаць Эрлінга Холанда ў якасці замены французу, але ўрэшце «Рэал» засяродзіўся на падпісанні Эндрыка. Таксама ёсць інсайд, што атачэнне 16-гадовага футбаліста ў працэсе перамоваў папрасіла «Рэал» не набываць Холанда — і гэта стала адной з прычын, чаму бакі так хутка дамовіліся.

Цікава, што ў будучыні атакуючае трыа «Мадрыда» можа складацца толькі з бразільскіх футбалістаў: Вінісіус Жуніяр — злева, Радрыга Гоіс — на пазіцыі правага крайняга нападаючага, Эндрык — цэнтральны нападаючы.

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
1