Татуіроўка з выявай Івана Марчука «Брэста» на плячы аднаго з беларусаў
«Мы штурмавалі Лазавое пад кіраўніцтвам «Брэста».
Наша група мусіла пераправіцца праз рэчку, што мы ўласна і зрабілі. Перапраўляліся проста пад артылерыйскім агнём. Задавальненне не з прыемных, я вам скажу: вакол выбухае, а пакуль ты знаходзішся ў лодцы, прабачце за каламбур, зямлі пад нагамі не адчуваеш.
Адзін з нашых байцоў, відаць на стрэсе, страціў на пераправе каску. Што? Як? Чаму? Разбірацца не было часу. Але мне ўрэзалася ў памяць, як ён наступныя абстрэлы затуляў галаву ад аскепкаў звычайнай сапёрнай лапаткай… І смешна, і сумна.
Далей на падыходзе да самога Лазавога пачаўся штурм акопаў акупантаў. Штурм мы правялі з цяжкімі баямі, але паспяхова.
Адзін з нашых пабрацімаў здабыў у бліндажы і прынёс да нас під…рскую рацыю! Такую здаравенную, з велізарнай антэнай. Працоўную.
Мы адразу зразумелі, што яна на варожай хвалі. У рацыю былі чутныя крыкі рускіх: «Что там? Что там в Лозовом?!!» Ён перадаў рацыю «Брэсту» і той не разгубіўся. Стаў ім адказваць і сам карэктаваць агонь іх жа арты па тых частках, якія стаялі перад намі!
«Что там? Что там в Лозовом?!!»
«Да пи..ец! Тут их просто дохрена! Работайте! Работайте!»
Тут жа расійская арта накрывае сваіх жа.
«Попали?»
«Да! Лупите дальше!»
Зноў недалёкія оркі, не разумеючы падставы, накрываюць сваіх жа. Мусіць, камусьці з іх і ўзнагароду якую-небудзь выдалі за такую паспяховую працу… Па сваіх.
У выніку Лазавое мы ўзялі. Гэта быў той выпадак, калі руская арта дапамагала нам у штурме не горш за нашыя ж мінамёты. Мы потым адышлі, без страт і з адным параненым. Цяпер Лазавое зноў наша.
Цікава, колькі такіх выпадкаў па ўсёй лініі фронту? Рускім мобікам варта задумацца, калі ім прыходзіць позва. Гераічна прайсці гэтую вайну, як у савецкіх фільмах, не атрымаецца — заб'юць свае ж», — піша баец.
Іван Марчук «Брэст» загінуў у баі пад Лісічанскам летам гэтага года.
Чытайце таксама:
«Я паставіў на кон усё». Апошняе інтэрв'ю з Іванам «Брэстам», які загінуў каля Лісічанска
З-пад Лісічанска не вярнуліся шэсць беларусаў-каліноўцаў. Апошнім паведамленнем было: «На нас едзе танк. Адпрацаваў па ім»
«Іван хацеў стрэліць з гранатамёта ў танк, стаў у поўны рост — і яго адразу расстралялі». Сталі вядомыя падрабязнасці пра гібель камандзіра батальёна «Волат» пад Лісічанскам





