Сырскі нарадзіўся ў расійскім Уладзіміры, гэта за 200 км на ўсход ад Масквы. Ва Украіне ён жыве з 1980-х гадоў. Ва ўкраінскай арміі ён прайшоў усе прыступкі, пачынаў з камандавання ўзводам. Перад прызначэннем камандуючым сухапутнымі войскамі ў 2019 годзе ён камандаваў Аперацыяй аб'яднаных сілаў на ўсходзе краіны і адыграў важную ролю ў многіх ключавых бітвах вайны з Расіяй.

На яго рахунку дзве важныя перамогі: спыненне тых, каго Расія лічыла «другой арміяй свету», ля Кіева ў сакавіку, а затым выцясненне расійскіх акупантаў з Харкаўскай вобласці ў верасні. Цяпер яму даручана супрацьстаяць прыніжанай, але перагрупаванай расійскай арміі, якая скіравала вастрыё ўдару на горад Бахмут.

Сырскі тлумачыць, што расіяне пад кіраўніцтвам свайго новага камандуючага Сяргея Суравікіна памянялі тактыку. Яны атакуюць з дапамогай меншых, добра скаардынаваных пешых атрадаў, што дорага з пункту гледжання салдацкіх жыццяў, але гэта «ніколі не было галоўным прыярытэтам Расіі».

Генерал Сырскі ў свой час скончыў Маскоўскае вышэйшае вайсковае каманднае вучылішча, вучыўся разам з многімі расійскімі генераламі. Але ягоны ўласны стыль камандавання рэзка кантрастуе з савецкімі і расійскімі іерархічнымі падыходамі. Сырскі прапаведуе НАТАўскія прынцыпы дэцэнтралізаванага камандавання і падкрэслівае важнасць маральнага духу.

Сучаснаму камандзіру трэба заставацца на сувязі, лічыць ён. Сырскі атрымлівае ад падначаленых тры сотні паведамленняў кожны дзень. «Ты мусіш адчуваць, чым армія дыхае», — кажа ён.

Для стылю генерала Сырскага характэрнае выкарыстанне элементаў падману і нечаканасці, з дапамогай якіх кампенсуецца недахоп ва Украіны агнявой моцы. Напрыклад, у Харкаўскай вобласці генерал Сырскі выкарыстоўваў лёгкія мабільныя групы, якія ён стварыў, вычленіўшы невялікія часці з наяўных брыгад. Яго самая амбіцыйная аперацыя — захоп двух найважнейшых расійскіх тылавых вузлоў, Купянска і Ізюма, — была рэалізаваная з бліскавічнай хуткасцю, за пяць дзён.

Генерал кажа, што яго, як і любога, здзівіла хуткасць прасоўвання ўкраінскіх войскаў у Харкаўскай вобласці. Замест таго, каб прытрымлівацца плана і перайсці да абароны, ён загадаў сваім войскам пераследаваць адступаючыя расійскія сілы як мага далей, што вылілася ў рывок на 50 км за тры дні.

Калі б украінцы мелі рэзервы, адначасова тады мог абрынуцца расійскі фронт на поўначы Луганскай вобласці ў раёне Сватава і Крамянной. Але сілы былі скаваныя ў баях каля Лісічанскага нафтаперапрацоўчага завода на поўдні, і расіяне ўрэшце змаглі спыніць наступ, кінуўшы на фронт тысячы свежамабілізаваных салдат. Сырскі кажа, што амаль заўсёды адчуваецца недахоп сілаў. 

На думку Сырскага, луганскі досвед паказаў, што пуцінскі прызыў можа спрацаваць. Цяпер па ўсім усходнім фронце масава з'яўляюцца досыць добра падрыхтаваныя салдаты, некаторыя прыбываюць «з глыбіні Расіі, у тым ліку… з усходніх раёнаў і Урала». Гэта выклікае заклапочанасць Сырскага, але яшчэ большым клопатам застаецца падтрыманне паставак зброі ва Украіну. Боепрыпасы выдаткоўваюцца з хуткасцю, параўнальнай з той, якая была падчас Другой сусветнай вайны; а бітвы выйграе той бок, які добра забяспечаны боепрыпасамі.

Адказваючы на ​​пытанне, што можна будзе лічыць перамогай, генерал Сырскі паўтарыў словы Уладзіміра Зяленскага: «Мы перамаглі, калі вораг знішчаны і мы стаім на сваіх межах». Яго цвярозая ацэнка цяперашняга цяжкага становішча сведчыць пра тое, што ён не ўпэўнены, што гэта адбудзецца ў хуткім часе. У блізкай будучыні Украіна прапануе тое, што ён апісвае як «актыўную абарону».

Але паслужны спіс Сырскага сведчыць, што ў яго «ў рукаве» можа быць нешта больш амбіцыйнае. Ён застаецца сціплым: «Скажу толькі, што мы ўважліва вывучаем суперніка. І кожная атрута мае супрацьяддзе».

Клас
168
Панылы сорам
1
Ха-ха
5
Ого
6
Сумна
2
Абуральна
12