Фота ілюстрацыйнае
18-гадовая магілёўка, якая гадавалася без бацькоў, на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках стала выдаваць сябе за багатую маладую лэдзі, чые бацькі жывуць за мяжой і дасылаюць ўлюбёнай дачцэ шмат грошай, выконваючы ўсе яе жаданні.
На дзяўчыну «западалі» перадусім хлопцы-альфонсы, якія самі не спяшаліся дарыць дарагія падарункі, але запрашалі «заможную» знаёмую да сябе дадому. А там яна непрыкметна прысабечвала грошы і каштоўныя рэчы. Прытым рабіла гэта такім чынам, што пасля пацярпелыя нават не звярталіся ў міліцыю, бо апублічванне справы магло б разбурыць іх сямейнае жыццё.
Такім чынам дзяўчына ўзбілася на дарагія рэчы, тэлефон і нават арыгінальную сумачку Christian Dior. І ўрэшце яна прывабіла багатага магілёўскага блогера, з якім завяла перапіску ў сацыяльнай сетцы.
Дзяўчына даведалася, што ён прадаў кватэру і атрымаў буйную суму наяўнымі, а праз месяц атрымала доступ і да ягонай кватэры.
Неўзабаве яна знайшла, дзе захоўваюцца грошы, але адразу ўсю суму красці не стала, а пачала ўпотай браць патроху, за грошы блогера ствараючы ў тым ліку і ў ягоных вачах вобраз багацейкі, якая атрымлівае шчодрую падтрымку ад бацькоў.
Нейкі час дзяўчына жыла падвойным жыццём у сваё задавальненне.
Хлопцу яна гаварыла, што гэта бацькі даслалі грошы, а сябрам і знаёмым, якія сустракалі яе ў барах і кавярнях у дарагіх рэчах, — што гэта шчодрыя падарункі цяперашняга маладога чалавека.
Але ўся схема абрынулася тады, калі прыкладна праз месяц хлопец вырашыў купляць новую кватэру і не далічыўся ў сваіх запасах больш за 6 тыс. даляраў. Абвінавачаная ў крадзяжы, дзяўчына паспрабавала перавесці стрэлкі на сяброў блогера, якія прыходзілі ў госці, але дабілася толькі таго, што пацярпелы звярнуўся ў міліцыю. А там неўзабаве разблыталі ўвесь клубок.
У ходзе следства высветлілася, што абвінавачаная, акрамя ўсяго іншага, наведвала дарагі фітнес-клуб, дзе скрала буйную суму ў іншай жанчыны.
Дзеянні 18-гадовай жыхаркі Магілёва былі кваліфікаваныя па ч. 3 арт. 209 КК («Крадзеж, учынены ў буйным памеры»). Суд прызнаў дзяўчыну вінаватай і прысудзіў да 2 гадоў пазбаўлення волі і штрафу 20 базавых велічынь (640 рублёў). Таксама ёй трэба будзе пакрыць шкоду пацярпелым, а на яе маёмасць наклалі арышт.





