Боснія і Герцагавіна падала заяўку на сяброўства ў ЕЗ яшчэ ў лютым 2016 года. З 2003 года яна мела статус «патэнцыйнага кандыдата» на ўступленне ў Еўрапейскі Саюз.

У снежні 2022 года Рада ЕС рэкамендавала даць Босніі і Герцагавіне статус кандыдата ў ЕС, але з пэўнымі ўмовамі. Краіна павінна распачаць крокі, названыя ў рэкамендацыі Еўрапейскай камісіі ад кастрычніка 2022 года, па ўмацаванні вяршэнства права, барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю, кіравання міграцыяй і асноўных правоў.

Боснія і Герцагавіна — вельмі спецыфічна ўладкаваная дзяржава не толькі па еўрапейскіх, але і па сусветных мерках. Пасля крывавай грамадзянскай вайны ў 1990-х яна паводле ўмоў Дэйтанскага пагаднення падзеленая на два энтытэты — Рэспубліку Сербскую, дзе дамінуюць сербы, і мусульманска-харвацкую Федэрацыю Босніі і Герцагавіны. Гэтыя дзве часткі часта канфліктуюць па розных пытаннях — ад колькасці Узброеных сіл да бюджэту і зямельнай рэформы. І ўвогуле ў той жа Рэспубліцы Сербскай свае парадкі, яна можа адкрыта канфліктаваць з цэнтральнымі ўладамі ў Сараеве і не хавае сваіх сімпатый да Сербіі, за аб'яднанне з якой у 1990-я вялася тая вайна.

Нават адзінага кіраўніка дзяржавы ў Босніі і Герцагавіне няма, ёй кіруе Прэзідыум, які складаецца з трох прадстаўнікоў ад баснійцаў-мусульман, сербаў і харватаў. Рашэнні ён прымае калегіяльна, а старшынствуе ў Прэзідыуме кожны з яго членаў па чарзе.

Стаўленне да еўрапейскай перспектывы Босніі і Герцагавіны ў Еўрасаюзе было заўсёды складанае і неадназначнае. З аднаго боку, гэтая краіна вельмі праблемная і яе ўнутраная нестабільнасць, калі яе не ўдасца ўладкаваць, можа негатыўна ўплываць на стан усяго аб'яднання. Але ў той жа час ёсць спадзяванні, што акурат пры дапамозе еўраінтэграцыі можна будзе дамагчыся і вырашэння гэтай праблемы. Тым больш калі да Еўрасаюза далучыцца і Сербія, і пытанні межаў стануць не такімі балючымі. 

Іншымі кандыдатамі на ўступленне ў Еўрасаюз цяпер з'яўляюцца Албанія, Малдова, Паўночная Македонія, Чарнагорыя, Сербія, Турцыя і Украіна. А апошняй краінай, што атрымала сяброўства ў Еўрасаюзе, на сённяшні дзень з'яўляецца Харватыя, якая далучылася да яго ў 2013 годзе. 

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1