Міхаіл Сталярчук і Дзмітрый Гудзік
Грамадзян Украіны Міхаіла Сталярчука і Дзмітрыя Гудзіка асудзілі паводле арт. 358-1 Крымінальнага кодэкса (агентурная дзейнасць). Было некалькі закрытых пасяджэнняў.
Пра вынік суда і сутнасць абвінавачвання стала вядома з прапагандысцкага фільма АТН «Контрразведка. Операции белорусского КГБ против спецслужб Запада и Украины», дзе ўзгадваюцца таксама палітвязні Дзяніс Івашын, Юрый Зянковіч, фігуранты справы АГСБ і іншыя.
Згодна з сюжэтам, украінцаў затрымалі на пункце пропуску Брэсцкай вобласці «Макраны» — яны ехалі на аўтобусе Львоў — Брэст. Дата затрымання не называецца, але, меркавана, гэта здарылася напачатку гэтага года. Згодна з версіяй абвінавачвання, па заданні Службы бяспекі Украіны яны збіралі даныя пра вайсковую тэхніку і аб'екты з 2018 года. З імі быў затрыманы таксама Ігар Дзірко, але замест судовага пераследу яго выслалі з Беларусі.





