У Беларусі з сярэдзіны снежня адзначаецца ўздым захворванняў на вострыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі. Самымі распаўсюджанымі іх праявамі Міністэрства аховы здароўя называе боль у горле, насмарк, кашаль і павышаную тэмпературу.
З гэтай нагоды ведамства падрыхтавала памятку з сімптомамі ВРВІ, грыпу, COVID-19, якія не варта ігнараваць.
У Міністэрстве аховы здароўя настойліва рэкамендуюць звяртацца да лекараў, калі тэмпература паднялася вышэй за 38 градусаў, з'явіліся ламота ў целе, галавакружэнне, млоснасць ці ваніты, а таксама цяжар у грудзях і абцяжаранае дыханне.
«Асабліва вялікая рызыка цяжкага цячэння захворвання ў дзяцей, пажылых пацыентаў, цяжарных жанчын, людзей з хранічнымі захворваннямі і зніжаным імунітэтам. Прадстаўнікам груп рызыкі вельмі важна вакцынавацца», — паведамілі ў ведамстве.





