Фота: AP

Фота: AP

Расійскія ўлады праводзяць «інфармацыйныя аперацыі», якія змяшчаюць намёкі на магчымасць удзелу беларускіх войскаў ва ўварванні, прычым часам гэтым кампаніям падыгрывае і Аляксандр Лукашэнка. Мэтай такіх «аперацый» ISW называе імкненне прымусіць Украіну трымаць частку войскаў на беларускім кірунку і не даць ім узмацніць украінскія пазіцыі ў іншых месцах тэатра ваенных дзеянняў.

У той жа час малаверагодна, што Беларусь уварвецца ва Украіну ў агляднай будучыні, якім бы ні быў ход гэтых «інфармацыйных аперацый», упэўненыя эксперты ISW. Крокі Крамля, накіраваныя на тое, каб прымусіць Мінск падтрымаць наступальную кампанію Расіі, ISW называе часткай доўгатэрміновых намаганняў для ўмацавання кантролю над Беларуссю.

Расія, па думку экспертаў, імкнецца стварыць пастаянную ваенную базу ў Беларусі і ажыццяўляць прамы кантроль над беларускімі Узброенымі Сіламі. У пачатку снежня міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу сустракаўся з Лукашэнкам — верагодна, не толькі дзеля ўмацавання двухбаковых сувязяў у сферы бяспекі, але і ўзмацнення ціску на Беларусь з мэтай далейшай падтрымкі ўварвання ва Украіну, лічаць у ISW.

У лютым Лукашэнка прапанаваў беларускія тэрыторыі для падрыхтоўкі ўварвання ва Украіну, а таксама крытычна важныя наземныя шляхі зносін, ён дае паветраную прастору. Аднак гэтая падтрымка адначасова зніжае здольнасць беларускіх Узброеных Сіл праводзіць уласныя ваенныя аперацыі.

Інстытут спасылаецца на праект «Беларускі Гаюн», які сцвярджае, што Мінск перадаў расійскім вайскоўцам блізу 100 танкаў Т-72А — як мяркуецца, пад выглядам адпраўкі іх для мадэрнізацыі ў Расію. Тая жа крыніца распавядала аб перадачы 60 БМП-2. Незразумела, ці былі адпраўленыя ў Расію танкі на ўзбраенні або яны знаходзіліся на захоўванні, агаворваюцца аўтары справаздачы, але ў любым выпадку гэта можа ў доўгатэрміновай перспектыве абмежаваць матэрыяльныя магчымасці імавернага ўдзелу Мінска ва ўварванні, вынікае з агляду.

Беларусь таксама, імаверна, скарачае свае запасы артылерыйскіх боепрыпасаў за кошт перадачы боепрыпасаў расійскім вайскоўцам, дадаюць экспэрты, спасылаючыся на ўкраінскую вайсковую разведку. Беларускія Узброеныя Сілы, верагодна, будуць абмежаваныя і ў магчымасці навучання персаналу з-за сваёй дапаможнай ролі ва ўварванні, бо беларускія вайскоўцы ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы мабілізаваных расіян.

Падтрымка вайны з боку Лукашэнкі і ціск Расіі на Беларусь акрамя іншага, верагодна, выклікаюць рознагалоссі ў беларускіх Узброеных Сілах. Беларускія вайскоўцы, безумоўна, ведаюць аб значных стратах, панесеных расійскімі войскамі ва Украіне, і не хочуць несці страты самі. Цалкам верагодна, што некаторыя вайсковыя начальнікі маглі б выказаць нежаданне ці нават катэгарычную адмову, калі б Лукашэнка вырашыў уварвацца ва Украіну, думаюць аўтары агляду.

У гэтай сітуацыі Лукашэнка, на іх думку, спрабуе супрацьстаяць ціску Расіі, заяўляючы, што НАТА рыхтуецца напасці на Беларусь. Беларусь ужо наўрад ці ўварвецца ва Украіну з-за ўнутранай дынамікі ўнутры краіны, рэзюмуе ISW. Лукашэнка ўсведамляе, што ўварванне падарве яго аўтарытэт як лідара суверэннай краіны, паколькі будзе відавочна, што намаганні Расіі па забеспячэнні поўнага кантролю над Беларуссю ўвянчаліся поспехам.

Клас
18
Панылы сорам
0
Ха-ха
4
Ого
2
Сумна
3
Абуральна
2