Фота: Netflix

Фота: Netflix

Сёлета адбылася прэм'ера двух фільмаў пра Пінокіа, але адрозненні паміж імі відавочныя. Адзін — гэта рэмэйк амерыканскага рэжысёра Роберта Земекіса мультфільма Уолта Дыснея 1940 года, у якім Том Хэнкс грае прыемнага збяднелага цесляра Джэпета, а Джозэф Гордан-Левіт агучвае Гаворачага Цвыркуна.

У іншай стужцы, знятай Гільерма дэль Тора, сын Джэпета гіне пад бомбай, а Джэпета (Дэвід Брэдлі) у п'янай лютасці выразае драўлянага хлопчыка, а Італіяй кіруюць фашысты Мусаліні. А яшчэ цягам фільма галоўны герой памірае некалькі разоў. «Пінокіа памірае ў нашым фільме тры ці чатыры разы, — расказвае дэль Тора BBC Culture, — і вядзе дыялог са Смерцю, і Смерць вучыць яго, што адзіны спосаб па-сапраўднаму пражыць жыццё — гэта памерці ў канцы. Існуе каля 60 версій Пінокіа, і я гатовы паспрачацца, што такога няма ні ў воднай з гэтых шасцідзесяці версій».

Рэжысёр нават уключыў сваё імя ў поўную назву анімацыйнага фільма — «Пінокіа Гільерма дэль Тора», што цалкам справядліва, бо гэта тыповы твор дэль Тора. Яго жудасныя чароўныя істоты здаюцца сваякамі тых, што былі ў «Хэлбоі» 2004 года, а канфлікт паміж незвычайным галоўным героем (Грэгары Ман) і злосным урадавым чыноўнікам (Рон Перлман) пераклікаецца з канфліктам у «Форме вады» (2017). «Мы з самага пачатку ясна далі зразумець, што гэты фільм непарыўна звязаны з «Хрыбтом д'ябла» і «Лабірынтам Фаўна», — кажа дэль Тора, маючы на ўвазе дзве свае больш раннія хорар-фантазіі, якія аб'ядналі праявы звышнатуральнага і грамадзянскую вайну ў Іспаніі. «Я даў зразумець [Нэтфліксу, які фінансаваў фільм], што я раблю гэта не для дзяцей і не для бацькоў-футбалістаў. Я раблю гэта для сябе і сваёй каманды».

«Я паглядзеў фільм Дыснея, калі быў зусім малы, і гэта адзін з самых страшных фільмаў, якія я калі-небудзь бачыў» (Гільерма дэль Тора)

Якім бы своеасаблівым ні было бачанне дэль Тора, ён не робіць мілую казку жахлівай. Самай вядомай версіяй гісторыі Бураціна ў свеце па-ранейшаму застаецца мультфільм Дыснея, у якім Пінокіа быў ператвораны ў асла і праглынуты гіганцкай марской пачварай. «Я паглядзеў фільм Дыснея, калі быў зусім малы, — кажа дэль Тора, — і гэта адзін з самых страшных фільмаў, якія я бачыў у сваім жыцці».

Арыгінальная кніга яшчэ больш страшная. Як кажа дэль Тора, знята больш за 60 фільмаў пра Пінокіа і «яшчэ да таго, як ён убачыў дыснэеўскі фільм, ён бачыў героя ў кніжках-размалёўках і кніжках з карцінкамі». Аднак раман стаіць асабняком ад усіх іх як адзін з самых дзіўных і трывожных класічных твораў дзіцячай літаратуры.

Яго аўтар — Карла Ларэнціні — узяў псеўданім Карла Калодзі, ад назвы роднага горада сваёй маці. Яму, дзяржаўнаму службоўцу, палітычнаму журналісту і пісьменніку, фларэнтыйскі выдавец у 1875 годзе замовіў пераклад падборкі французскіх казак XVII і XVIII стагоддзяў. Гэты том меў такі поспех, што Калодзі папрасілі напісаць больш дзіцячых апавяданняў, пажадана з моцнымі маральнымі пасыламі. У 1881 годзе La storia di un burattino («Гісторыя марыянеткі») была апублікаваная ў выглядзе штотыднёвай калонкі ў дзіцячай газеце.

Усім, хто ведае Пінокіа толькі па яго экранных увасабленнях, варта насцярожыцца. У кнізе Джэпета бяднейшы, чым у стужках Дыснея або ў фільмах дэль Тора, — у яго на сцяне намаляваны агонь, таму што ў яго няма грошай, каб купляць сабе вугаль ці дровы. Персанаж, якога мы ведаем як Цвыркуна Джыміні ці Себасцьяна Цвыркуна (Юэн МакГрэгар) у версіі дэль Тора, — гэта проста цвыркун, які размаўляе. І ён існуе толькі на працягу дзвюх старонак, перш чым Пінокіа кіне ў яго малаток і «ён, мёртвы, уліпне ў сцяну». Блакітная Фея — прывідная Маленькая Дзяўчынка, якая гаворыць «не варушачы вуснамі… слабым голасам, які, здавалася, даносіцца з іншага свету». А Кот і Ліса вешаюць Пінокіа на дубе. «Пятля, якая ўсё тужэй зацягвалася на яго шыі, душыла яго», — піша Калодзі. «Ён адчуваў набліжэнне смерці… ».

Каб зрабіць сітуацыю яшчэ больш змрочнай, трэба адзначыць, што гэта магло быць канцом гісторыі. Калодзі планаваў пакінуць свайго няўдачлівага героя ў пятлі. І толькі праз чатыры месяцы серыял быў адноўлены, бо чытачы сталі прасіць працягу. Наступны раздзел не такі змрочны: мёртвая Маленькая Дзяўчынка перараджаецца ў фею. Але свет казкі працягвае заставацца ашаламляльна дзіўным. Як патлумачыць кароткую сустрэчу героя з гіганцкай змяёй, якая смяецца так, што лопаецца ад гэтага і памірае?

Страх перад дарослым светам

Самыя блізкія аналагі кнігі на англійскай мове — «Прыгоды Алісы ў дзівоснай краіне» і яе працяг — «Залюстроўе».

Апошні быў апублікаваны ў 1871 годзе, за 10 гадоў да Пінокіа; казкі Люіса Кэрала выпусцілі як дыснэеўскі фільм у 1951 годзе, праз 11 гадоў пасля «Пінокіа». Эн Лоўсан Лукас, якая пераклала і прэзентавала выданне «Пінокіа» для Oxford University Press, прызнае, што абодва творы могуць адштурхнуць дзяцей: «Прыгоды Алісы могуць пужаць (або раздражняць), а нешчаслівае бадзянне Пінокіа — стамляць або здавацца кашмарным», — расказала перакладчыца для BBC.Culture. Для дарослых мудрагелісты аповед Калодзі ставіць пытанні пра тое, што ў творы высмейваецца і сімвалізуецца і што Калодзі кажа пра нядаўна аб'яднанае (у 1871 годзе) Італьянскае каралеўства.

«Пінокіа» параўноўвалі з «Адысеяй» і «Боскай камедыяй» Дантэ, — кажа Лукас ва ўводзінах. — Асабліва ў Італіі пра гэта напісана столькі ж і вылучана столькі ж інтэрпрэтацый, колькі і для гэтых вялікіх твораў сусветнай літаратуры… Былі ідэалагічныя, марксісцкія, філасофскія, антрапалагічныя, псіхааналітычныя і фрэйдысцкія прачытанні».

У адной з работ нават сцвярджаецца, што Пінокіа — гэта фігура Хрыста, бо Джэпета — цясляр, чыё імя з'яўляецца памяншальным ад Джузэпэ (Giuseppe), або Язэпа (Joseph), а каляровая гама Блакітнай Феі адпавядае сіняй мантыі, у якой традыцыйна выяўлялі Дзеву Марыю. Лукас абвяргае гэтую інтэрпрэтацыю, але яна паўтараецца ў «Пінокіа» Гільерма дэль Тора, калі жывая марыянетка глядзіць на ўкрыжаванне і разважае: «Ён таксама зроблены з дрэва. Чаму ён падабаецца ўсім, а я — не?».

«Я вельмі хацеў зрабіць непаслухмянага Бураціна, а непаслушэнства зрабіць добрай якасцю» (Гільерма дэль Тора)

Самая дакладная экранізацыя рамана — гэта фантастычны італьянскі фільм 2019 года, зняты рэжысёрам Матэа Гаронэ («Гамора») па яго ж сцэнарыі. Раберта Беніньі грае Джэпета. (У 2002 годзе Беніньі сыграў Пінокіа ў фільме, які зняў сам, хоць яму тады было 50 гадоў.) Для Гаронэ Пінокіа — гэта хроніка бацькоўскай любові, сельскай беднасці і пыльных тасканскіх пейзажаў. Для сурэжысёра версіі дэль Тора Марка Густафсана «Пінокіа» — гэта «гісторыя стварэння» прадмета мастацтва, які жыве ўласным жыццём, асобным ад свайго стваральніка. «Як мастак, — кажа Густафсан у інтэрв'ю BBC Culture, — вы робіце нешта, думаеце, што ведаеце, што робіце, і паказваеце гэта свету, а потым, магчыма, гэта не выклікае той рэакцыі, якой вы хацелі. Але гэта добра. Вам хочацца ўсё змяніць. Гэта ідэальны твор».

Галоўнай тэмай для дэль Тора з'яўляецца несправядлівасць у адносінах да дзяцей, якімі камандуюць дарослыя. У рамане Калодзі Пінокіа караюць кожны раз, калі ён не слухаецца, і ўрэшце ён прывучаецца рабіць тое, што яму кажуць. «Мы вельмі дэманстратыўна спрабавалі гэтага пазбегнуць, — кажа дэль Тора. — Я сапраўды хацеў зрабіць непаслухмянага Пінокіа і паказаць непаслухмянасць добрай якасцю. Я хацеў, каб змяніліся ўсе, акрамя яго. Па ходзе стужкі цвыркун вучыцца ў Пінокіа, а Пінокіа вельмі мала вучыцца ў цвыркуна. Я ў нейкім сэнсе супярэчыў твору, але хацеў паказаць штосьці больш падобнае да таго, як я адчуваў сябе ў дзяцінстве. Я адчуваў, што ўсё гэтае «прыручэнне» пужае мяне».

Што аб'ядноўвае ўсе інтэрпрэтацыі гісторыі пра Пінокіа, дык гэта незабыўныя вобразы Калодзі: драўляны хлопчык; гаворачы цвыркун; нос, які выцягваецца, калі вы хлусіце. Працаваць з гэтымі вобразамі — рухацца ў пошуку магутнай ісціны. «Я думаю, што гэта страх перад светам дарослых, — кажа дэль Тора. — Гэтая ідэя, што вы кінутыя ў свет дарослых каштоўнасцяў, якія не толькі цяжка зразумець, але і якія ўрэшце аказваюцца фальшывымі. Вось як я адчуваў сябе, калі быў дзіцем. Усё, што табе гаварылі дарослыя, яны самі не разумелі».

У першай палове кнігі Пінокіа чыняць перашкоды некалькі злодзеяў. У другой палове чатыры чорныя трусы прыносяць у яго пакой дамавіну, каб вынесці Пінокіа ў ёй, хоць ён яшчэ жывы, а суддзя (які аказваецца гарылай) кідае героя ў турму, бо ён стаў ахвярай рабаўніка. Якімі б фантастычнымі ні былі гэтыя эпізоды, страх, які яны выклікаюць, пачуцце загубленасці і бездапаможнасці ў дарослым грамадстве, дзе нічога не мае сэнсу, — больш пазнавальнае, чым у адносна ўпарадкаваных і лагічных аповедах у большасці дзіцячых кніг.

Тое ж самае і з цэнтральным персанажам. Усе ведаюць, што Пінокіа хоча быць сапраўдным хлопчыкам, але галоўная прычына, чаму ён застаецца ўлюбёнцам на працягу амаль 150 гадоў, — у тым, што ён заўсёды сапраўдны, сапраўдны як ніякі іншы літаратурны герой. Замест таго, каб быць бясстрашным і высакародным, Пінокіа грубы, эгаістычны, наіўны, цікаўны, непамятлівы, лёгка паддаецца спакусам, павольна вучыцца на сваіх памылках, лёгка бянтэжыцца, калі штосьці ідзе не так, але шчыры, добразычлівы і здольны на смелыя ўчынкі. Драўляны, не драўляны, але ён чалавечны-чалавечны.

Фільм «Пінокіа» Гільерма дэль Тора выйшаў на Netflix 9 снежня.

Клас
25
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
4
Сумна
2
Абуральна
5