У анкеце просяць адказаць на пытанні пра адукацыю, папярэднія месцы працы, службу ў войску, дзелавых сувязях, кантактах з дзяржустановамі краін НАТА і ЕС. Таксама ёсць пытанне пра доступ да сакрэтнай інфармацыі і сувязі са службамі разведкі і бяспекі краіны паходжання або іншай дзяржавы (акрамя Літвы).

Два заключныя пытанні анкеты датычаць расійскай агрэсіі ва Украіне. У пункце 10 заяўнікам неабходна адказаць на пытанне «Ці падтрымліваеце вы ваенныя дзеянні, якія праводзяцца Расійскай Федэрацыяй на тэрыторыі Украіны?», а ў пункце 11 — «На вашую думку, каму належыць Крым?»

Нагадаем, для грамадзян Расіі і Беларусі, якія хочуць атрымаць дазвол на жыхарства ў Літве ці нават нацыянальную візу, увялі новы від праверкі. Цяпер ім трэба запаўняць спецыяльную анкету з пытаннямі пра сваё мінулае і расказаць пра сваё стаўленне да расійскай агрэсіі ва Украіне.

Інфармацыя, якую замежнік падасць у анкеце, будзе мець вырашальнае значэнне для выдачы яму дазволу на пражыванне, заявілі ў Дэпартаменце міграцыі Літвы. Калі ён адмовіцца ад запаўнення анкеты або запоўніць яе не цалкам, спецыялісты Дэпартамента міграцыі маюць права адмовіць прымаць яго заяву наогул. Калі ж звесткі акажуцца недакладнымі або высветліцца, што чалавек нешта схаваў, яму будзе адмоўлена ў выдачы дакументаў, а калі ў яго ёсць дзейны ДНЖ або нацыянальная віза, іх могуць неадкладна ануляваць.

Такое анкетаванне, на думку літоўскіх уладаў, стане дадатковым фільтрам бяспекі і дазволіць выяўляць замежнікаў, якія ў сілу сваёй мінулай дзейнасці або сувязяў з недэмакратычнымі рэжымамі могуць стаць пагрозай нацыянальнай бяспецы Літвы.

Клас
24
Панылы сорам
0
Ха-ха
6
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
0