Дзмітрый Лукша, Паліна Палавінка і Дзяніс Яроўскі на судзе 18 лістапада

Дзмітрый Лукша, Паліна Палавінка і Дзяніс Яроўскі на судзе 18 лістапада

Іх абвінавачвалі ў «дыскрэдытацыі Беларусі», а таксама «актыўным удзеле ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Лукша, Палавінка і Яроўскі знаходзяцца пад вартай. Жонка Дзяніса Анастасія на суд не з'явілася — яе абвясцілі ў вышук.

У выніку суддзя Наталля Бугук прызначыла Дзмітрыю Лукшу чатыры гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 500 базавых (16 000 рублёў), Паліне Палавінцы — два гады і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 100 базавых (3 200 рублёў), Дзянісу Яроўскаму — адзін год і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф у памеры 100 базавых (3 200 рублёў), Канстанціну Ніканораву — тры гады «хатняй хіміі» і штраф у памеры 100 базавых (3 200 рублёў).

Паводле версіі абвінавачвання, Лукша з лістапада 2021 года па сакавік 2022 года «сістэматычна перадаваў замежнаму тэлеканалу за ўзнагароджанне матэрыялы пра падзеі, якія адбываюцца ў Рэспубліцы Беларусь».

«З мэтай дыскрэдытацыі краіны з дапамогай аператара ён вырабіў шэраг відэасюжэтаў, якія ўтрымлівалі заведама лжывую інфармацыю, і перадаў іх згаданаму тэлеканалу. У прыватнасці, у лясным масіве ў аг. Лясны Мінскага раёна па яго ўказанні жонка — Паліна Палавінка — хаваючы свой твар, на англійскай мове прадставілася грамадзянкай Сірыйскай Арабскай Рэспублікі, якая нібыта пражывае ў стыхійным лагеры на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Яна агучыла загадзя падрыхтаваны мужам тэкст з недакладнымі звесткамі аб незахаванні правоў мігрантаў, незадавальненні іх базавых патрэбаў, дэфіцыце вады і ежы, пры гэтым Лукша пацвердзіў, што асабіста назіраў нібыта парушэнні».

Або іншы прыклад. На відэазапіс, зняты за мяжой, на якім дэманстраваўся дэфіцыт харчовых тавараў і замежнай валюты, Лукша наклаў свой закадравы голас, пры гэтым паведаміў, што ў сюжэце паказаная сітуацыя ў Рэспубліцы Беларусь», — гаворыцца ў абвінавачванні.

Гэтыя і іншыя відэасюжэты Лукша накіраваў прадстаўнікам замежнага тэлеканала, якія размясцілі іх на сваіх афіцыйных рэсурсах. 

Акрамя таго, паводле версіі абвінавачвання, у 2020 годзе Лукша, яго жонка, двое іншых абвінавачаных таксама прымалі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак у сталіцы.

Анастасіі Яроўскай таксама ставілася ў віну тое, што яна размяшчала ў Instagram паведамленні, у якіх яна:

  • прыніжала праваахоўнікаў, фарміруючы негатыўны сацыяльны стэрэатып і варожае стаўленне да беларускай праваахоўнай сістэме і яе прадстаўнікоў;
  • заклікала працоўных да страйку з парушэннем устаноўленага парадку яго правядзення, пераконваючы ў правільнасці, апраўданасці і абгрунтаванасці такога ўдзелу, тады як у рэчаіснасці ён быў накіраваны выключна на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы і выкарыстоўваўся як форма барацьбы з уладай.

Такім чынам, пяці фігурантам справы інкрымінаваныя:

  • Дзмітрыю Лукшу — арт. 369-1 КК (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
  • жонцы Лукшы Паліне Палавінцы — ч. 6 арт. 16 і арт. 369-1 КК (дапамога ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь), ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
  • Дзянісу Яроўскаму — ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак);
  • аператару Канстанціну Ніканораву — ч. 6 арт. 16 і арт. 369-1 КК (дапамога ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь);
  • Анастасіі Яроўскай — ч. 1 арт. 342 КК (актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак); ч. 1 арт. 130 КК (распальванне іншай сацыяльнай варожасці), ч. 3 арт. арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь).

Паведамляецца, што Дзмітрый Лукша прызнаў віну цалкам і часткова.

Падтрымайце палітзняволеных лістамі, пасылкамі, грашовымі пераводамі: СІЗА-1, 220030, Мінск, Валадарскага, 2, Дзмітрый Міхайлавіч Лукша, Паліна Палавінка, Дзяніс Яроўскі

Клас
1
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
2
Абуральна
14