Берасцейца асудзілі на тры гады калоніі за адно слова пра Лукашэнку і сфатаграфаваны бюлетэнь
У Брэсцкім абласным судзе 21 лістапада асудзілі Сяргея Нікіцюка паводле ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі) і ч. 1 арт. 361-4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Суддзя Дзмітрый Куроўскі прызначыў яму тры гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. З боку дзяржабвінавачання выступаў пракурор Аляксандр Бацюшка, паведамляе «Вясна».
Паведамляецца, што мужчына ў сацсетцы «Укантакце» пакінуў каментар «Трепло» у адрас Лукашэнкі. Суд палічыў гэты каментар публічнай абразай.
Таксама мужчына 27 лютага даслаў у тэлеграм-бот рэдакцыі NEXTA фота бюлетэня для галасавання на рэферэндуме аб унясенні зменаў у Канстытуцыю Беларусі. Абвінавачанне кваліфікавала гэта як садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
Nashaniva.com
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ